Класкоўскі: Лукашэнку вельмі не хочацца «адказваць за базар»

Лукашэнка ходзіць на хакей, узнагароджвае «лепшых людзей краіны», але ўжо другія суткі маўчыць наконт атакі дронаў на Крэмль. І гэта — нягледзячы на заклік МЗС Расіі асудзіць атаку. Палітычны аналітык праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі каментуе гэтую працяглую паўзу.

Скрыншот з відэа атакі на Крэмль. Крыніца: hvylya.net

Скрыншот з відэа атакі на Крэмль. Крыніца: hvylya.net


— Думаю, што Лукашэнка ўсё ж такі нешта скажа. Ведаючы яго натуру, ён не ўтрымае ў сабе гэтыя эмоцыі, — сказаў Класкоўскі, каментуючы гэтае маўчанне «Салідарнасці». — Так было і пасля атакі дронамі на расійскі самалёт у Мачулішчах, калі ён больш за тыдзень трымаў паўзу, а потым выказаўся, прычым вельмі хітра, па сутнасці, правал сваіх сілавікоў абмаляваў як іх трыумф.

Такая фігура змаўчання ўласцівая Лукашэнку ў нейкіх псіхалагічна цяжкіх для яго сітуацыях. А паўза сапраўды няёмкая, не тэатральная.

Ужо Венесуэла, Сірыя, Нікарагуа, яшчэ хтосьці з сатэлітаў Крамля выказаліся, тым больш што прагучаў заклік МЗС Расіі да сусветнай супольнасці асудзіць гэтую атаку. І на гэтым фоне найбліжэйшы саюзнік маўчыць — нязручна атрымліваецца.


Суразмоўца мяркуе, што ў маўчання беларускага кіраўніка ёсць сур'ёзныя прычыны.

— Думаю, яго галоўная думка цяпер: калі ўчора прыляцела па Крамлі, заўтра можа прыляцець і па Драздах. Ён жа заўсёды, найперш, думае пра сябе, пра сваю бяспеку і пра тое, як выкруціцца. І кан'юнктура вельмі неспрыяльная.

Нядаўна, нагадаю, ён нават публічна звярнуўся да Масквы з просьбай ці, хутчэй, заклікам абараняць Беларусь у выпадку небяспекі як сваю ўласную тэрыторыю, выдаўшы гэтым свой дыскамфорт.

Цяпер, відавочна, разумее, што, калі дроны з'яўляюцца над купалам Крамля, значыць, у Расіі дзіравае СПА. Раз яны не могуць абараніць самае святое, як яны могуць абараніць саюзніка?

Лукашэнка відавочна адчувае трывогу за ўласны лёс — і ў палітычным, і нават у фізічным сэнсе. А калі ўспомніць і іншыя неспрыяльныя для яго падзеі апошняга часу, тыя ж дыверсіі на чыгунцы ў Бранскай вобласці, можна меркаваць, што мандраж у беларускім кіраўніцтве ўзмацняецца.

Ды яшчэ на фоне ўсімі чаканага ўкраінскага контрнаступлення. Лукашэнка ўжо мадэлюе, напэўна, сітуацыю на той выпадак, калі гэты наступ акажацца ўдалым і пазіцыі Пуціна аслабнуць.

Адсюль і яго нечакана міралюбная рыторыка, якая з'явілася ў апошнія дні. Таму ён цяпер у такіх роздумах, думае, як адпятляць далей ад няўдачлівага саюзніка. Да таго ж мы ж да канца ўсяго не ведаем, напрыклад, пра яго закулісныя гульні і з Кіевам, і, магчыма, нават з асобнымі прадстаўнікамі Захаду.

Ён скажа ў выніку нейкія дзяжурныя словы ў падтрымку расійскай дзяржавы, але без энтузіязму.


— З якіх гэта часоў беларускі кіраўнік стаў задумвацца над словамі і іх сэнсам? Ён жа столькі ўсяго ўжо нагаварыў!

— Але тут узнікае відавочная калізія. З аднаго боку, трэба, як гэта ён раней рабіў, горача ўпісацца за Крэмль, тыпу мы гатовыя ўсім паадрываць галовы за такую дзёрзкасць.

А з іншага боку, можна ж і лішняга нагаварыць. Ды так, што Пуцін скажа, маўляў, Саша, калі ты такі герой, давай заўтра пасылай у бой сваё войска, таму што ворагі ўжо перайшлі чырвоную рысу.

А яму цяпер вельмі не хочацца адказваць за гэты «базар», які раней яго не напружваў.

Ён жа калісьці казаў і што Кіеў падзе за тры дні, і што мы будзем плячом да пляча ў адным акопе, калі спатрэбіцца.

А цяпер прыкусіў язык. Проста сказаць «ах, гэта па-блюзнерску» — нікога не ўразіць. Патрэбныя тыя самыя словы пра гатоўнасць саюзніка змагацца плячом да пляча. А гэтага яму казаць не хочацца.