Выбухі над Крамлём. Пра што варта задумацца Лукашэнку
Падрыў беларускага цягніка ў Бранскай вобласці відавочны сігнал Лукашэнку: калі ён пяройдзе пэўныя чырвоныя лініі, тады чакай адказу.
![Скрыншот з відэа Скрыншот з відэа](/img/v1/images/image__1__5.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Скрыншот з відэа
Выбухі неапазнаных лятальных беспілотнікаў над Крамлём павесялілі ўвесь свет: вось яна якая, аказваецца, другая армія свету. Але па другі бок барыкад зусім не да смеху: сёння беспілотнікі над Крамлём, а заўтра пачнуць паляванне за Пуціным?
На гэтым фоне з’явіліся канспіралагічныя версіі, што выбухі над Крамлём — інсцэніроўка крамлёўскіх старцаў. Яе сталі параўноўваць з падпалам Рэйхстага ў Германіі і нават з Гляйвіцам, які стаў фармальнай падставай да пачатку Другой сусветнай вайны.
Наколькі справядлівыя такія параўнанні? Што можа даць расійскаму кіраўніцтву падобная правакацыя, акрамя ганьбы?
Разбіраліся з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
— Я разумею, чаму выбухі над Крамлём параўноўваюць з падпалам Рэйхстага часоў Гітлера. Ёсць нават параўнанне з нападам на радыёстанцыю ў Гляйвіцы, з-за якой і пачалася Другая сусветная вайна. Гэта найбольш вядомыя правакацыі часоў Гітлера, таму параўнанні чаканыя.
Але тут трэба ўлічваць, што сітуацыя зусім розная была. І варта мець на ўвазе: што менавіта адбылося і як гэтым скарысталіся.
У 1933 годзе нацысты толькі прыйшлі да ўлады. У гістарыяграфіі гэтыя правакацыі да сённяшняга дня з’яўляюцца спрэчным пытаннем. Ёсць розныя версіі таго, што насамрэч 27 лютага 1933 года адбылося: ці гэта была правакацыя нацыстаў, якія — ад і да — падрыхтавалі і зрабілі. А галандзец Марынус ван дэр Любэ, які падпаліў Рэйхстаг, быў звязаны з нацыстамі. Але ёсць і версія, што ён не быў звязаны з нацыстамі, гэта быў чалавек-адзіночка, які адважыўся на такі крок. Яшчэ ў тыя 30-я гады нацысты першапачаткова распаўсюджвалі версію, паводле якой падпал Рэйстага прыпісваўся камуністам, бо Марынус ван дэр Любэ ў свой час быў членам Камуністычнай партыі Нідэрландаў. Таксама ёсць версія, што нацысты ведалі пра планы Марынуса ван дэр Любэ, дазволілі яму падпаліць Рэйхстаг і скарысталіся гэтым.
Але што мы ведаем дакладна ў гэтай гісторыі, што нацысты максімальна скарысталіся гэтым выпадкам, каб як мага хутчэй усталяваць уласную дыктатуру, забараніць Камуністычную партыю, забараніць іншыя партыі, умацаваць уладу Гітлера.
Калі мы паглядзім на сённяшнюю сітуацыю, то ўсё гэта не відавочна. Мы пабачым, як расійскі бок скарыстаецца ці не скарыстаецца гэтай гісторыяй. Сапраўды існуе версія, што выбухі над Крамлём — расійская правакацыя. Але калі паслухаць нават заходніх экспертаў, якія прытрымліваюцца такой версіі, то на чым яна заснавана? На добрай якасці здымкаў, што Пяскоў агучыў ужо падрыхтаваную версію. Дык паглядзіце: учора ён абвінавачваў украінцаў, а сёння стрэлкі пераведзеныя ўжо на амерыканцаў; у ранішніх тэлеэфірах кадры здарэння з’явіліся, а вечарам відэа ўжо не было. Таму я не ўпэўнены, што расійскія ўлады падрыхтавалі версію і яе паказваюць.
Што яшчэ? Што адразу вылезлі адыёзныя расійскія палітыкі і сталі патрабаваць пакараць Украіну? Дык гэта было чакана, я не бачу сінхранізаванай, загадзя падрыхтаванай кампаніі. Яны вядуць дыскусію пра Украіну і Злучаныя Штаты, на якіх спісваецца гэтая акцыя, але ў расійскім дыскурсе ўвогуле адсутнічае пытанне пра расійскую супрацьпаветраную абарону: а дзе яна была? Чырвоная плошча агароджаная для парада — павінна быць адным з самых надзейных месцаў у свеце!
Апрача таго, учора з’явілася інфармацыя, што гэтыя беспілотнікі бачылі ў Падмаскоўі — усё гэта не гаворыць на карысць версіі пра інсцэніроўку. Магчыма, ідуць унутраныя гульні ў Крамлі, магчыма, як казаў лідар фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія, гульні вядуцца на ўзроўні алігархаў. Я б нават не выключыў версію былога расійскага дэпутата Іллі Панамарова, што гэта можа быць узброеная апазіцыя Пуціну. Усе гэтыя версіі ў якасці працоўных магчымыя, як і тое, што яе зрабілі ўкраінцы. Праўду мы пакуль не даведаемся, у мемуарах украінскіх дзяржаўных і ваенных дзеячаў пасля вайны мы прачытаем іхнюю версію. Украіна ўвогуле не прызнала сваю датычнасць ні да адной акцыі на тэрыторыі Расіі, як дарэчы, і на тэрыторыі Беларусі; Крым — так, але ж паўвостраў лічыцца ўкраінскай тэрыторыяй па міжнароднаму праву.
Я не ўпэўнены, што за гэтай акцыяй стаяць Пуцін, Патрушаў. Я задаю сабе пытанне: а навошта ім такая інсцэніроўка, што гэта ім дасць? Мабілізацыю аб’явіць могуць і без гэтага, калі б жадалі прымяніць ядзерную зброю, то ўжо выкарысталі б; нанесці дадатковыя ўдары па Кіеву — дык яны і так праз дзень спрабуюць атакаваць украінскую сталіцу. І нават калі б дапусціць, што яны ўсё ж учынілі такую правакацыю, дык навошта так ганьбіць сябе такімі карцінамі з Крамля: увесь свет смяецца з таго, што над Крамлём узрываюцца беспілотнікі. Хацелі б зрабіць такую правакацыю, дык ёсць жа іншыя будынкі: Дзярждума, Белы дом, нешта ў Санкт-Пецярбургу. Маглі б арганізаваць такую правакацыю, але наўрад ці выбралі б найгоршы з усіх магчымых варыянтаў. Горшым варыянтаў мог бы стаў падрыў нейкай башні Крамля.
Я не ўпэўнены ў правамоцнасці такой версіі. Калі ўжо рабіць гістарычныя параўнанні, то я не параўноўваў з Рэйхстагам, не параўноўваў з Гляйвіцам, а параўнаў бы з палётам Маціяса Руста. Я спецыяльна паглядзеў, як тады, у 1987 годзе, як у заходняй прэсе асвятляўся палёт Маціяса Руста — гэта вельмі нагадвае тое, што мы чытаем сёння. Пісалі: нейкая інсцэніроўка, можа, Руст увогуле агент — не магло такога здарыцца, каб малады немец, непрафесійны пілот праляцеў праз Савецкі Саюз і прызямліўся ў Маскве на Чырвонай плошчы, нават з масквічамі паспеў паразмаўляць — і толькі тады яго затрымалі. Гэта здавалася абсалютна неверагоднымі — як такое можа быць?
А савецкая супрацьпаветраная абарона дзе была? У 83-м годзе яны збілі карэйскі «Боінг» з пасажырамі на борце, з грамадзянскімі пасажырамі — узялі і збілі. А тут самалёт Руста ў 87-м годзе ўзяў і прыляцеў. Дагэтуль ёсць розначытанні ў гістарыяграфіі: ці гэта былі маніпуляцыі ваеннага савецкага кіраўніцтва. Магчыма, але факт застаецца фактам: Руст прыляцеў. А потым Гарбачоў выкарыстаў гэты інцыдэнт, каб змяніць кіраўніцтва ў міністэрстве абароны і прызначыў маршала Язава міністрам абароны СССР, а 200 генералаў пазвальняў. Таму і з’явілася версія, што нейкая плыня ў міністэрстве абароны верная Гарбачову, скарысталася сітуацыяй: бачылі, што ляціць самалёт з Рустам, але нічога не зрабілі. Але гэта зноў жа канспіралагічная версія.
У бліжэйшыя часы мы не даведаемся, што насамрэч адбылося над Крамлём, можа, пасля вайны нам пашанцуе больш. Але паўтаруся: версія пра Пуціна і Патрушава, якія пайшлі на інсцэніроўку, мне падаецца недарэчнай.
Існуе яшчэ адна версія, якая падаецца мне найбольш лагічнай: жаданне паказаць, што напад на Крэмль ажыццявіў Кіеў — каб настроіць заходніх партнёраў супраць Украіны. У распаўсюджанні ваенных дзеянняў на тэрыторыю Расіі многія заходнія палітыкі бачаць пагрозу Трэцяй сусветнай вайны. Такі разлік сапраўды можа прысутнічаць. На Захадзе ёсць палітыкі, якім няёмка і дрэнна ад падрываў складаў гаручага на тэрыторыі Расіі.
Але ў тым дыскурсе, які зараз адбываецца на Захадзе, я не бачу, каб нехта напалохаўся і ўзяў расійскую версію на ўзбраенне.
— Ці дае гэтая гісторыя нагоду пахвалявацца для Лукашэнкі?
— Пытанне ў тым, ці паведаміць Крэмль Лукашэнку праўду? Калі сыходзіць з афіцыйнай расійскай версіі, калі яны самі ў яе вераць і паведамілі яе Лукашэнку, то ў яго тады справы не вельмі добрыя. Калі сыходзіць з версіі, што ўкраінцы ўдарылі па Крамлю так адкрыта, дык што ім перашкаджае зрабіць тое ж самае ў дачыненні да беларускага кіраўніцтва? Дарэчы, мэсэджы Лукашэнка атрымаў на гэтым тыдні, і справа не ў Крамлі, а ў цягніку ў Бранскай вобласці. Ніхто не ведае: падрыўнікі наўмысна абралі беларускі састаў, ці проста падарвалі цягнік на расійскай тэрыторыі. Але па факце акцыя была прафесійна падрыхтаваная, падрыўнікі ведалі, што пойдзе беларускі састаў. Але яны падарвалі яго. Лукашэнку гэта сігнал: калі ён пяройдзе пэўныя чырвоныя лініі, тады чакай адказу.