Рэвалюцыя ў РФ выглядае як найлепшы выхад для сапраўднага рускага свету

Сёння ўсё, што добра для рэжыму Пуціна, дрэнна для Расіі, і вядзе яе да немінучага распаду. Доктар навук, палітолаг і гісторык Уладзімір Пастухоў разважае пра магчымыя сцэнары развіцця Расіі.

sanctions_economy_belarus_logo.png

Гэты пост — у працяг допісу пра паўстанне на тэрыторыі РФ новай «жалезнай заслоны» і мірны план Кітая, што прадугледжвае новы падзел свету.

Якія перспектывы новай «жалезнай заслоны», якая з вялікай доляй верагоднасці будзе ўзведзеная па лініі, дзе цяпер праходзіць фронт, калі гэтая вайна не скончыцца выпадковым чынам хуткай ваеннай паразай аднаго з бакоў або рэвалюцыяй (дзяржаўным пераваротам) у адной з ваюючых краін, якая, ужо ў сваю чаргу, прывядзе да ваеннай паразы?

Што, уласна, будзе адбывацца за «жалезнай заслонай»? — вось у чым пытанне. Коратка кажучы, гэта будзе высока мілітарысцкае грамадства, якое не мае магчымасці рэалізаваць свой мілітарысцкі патэнцыял па-за сваімі межамі — гэта значыць, у рэальнай буйной вайне.

Уласна, гэта і будзе галоўнай праблемай гэтага грамадства, на мой погляд. Уявіце сабе печ без трубы, у якую бесперапынна падкідваюць дровы, а ўгарны газ не выводзіцца і распаўсюджваецца па ўсім доме. Пры гэтым тэмпература ў доме пастаянна павышаецца да амаль невыноснага ўзроўню, а дзверы адкрыць нельга – там чужыя кулямёты. З аднаго боку, Расія будзе падціснутая адмабілізаваным з яе ж падачы Захадам, з другога — новай Ардой, Кітаем. У такой атмасферы рускае грамадства будзе прэць датуль, пакуль не адбудзецца істотных змен у «экасістэме» Амерыка—Кітай.


Галоўнай пагрозай стабільнасці рэжыму стане не столькі ліберальная ці антываенная апазіцыя, якая будзе «легендаваная» да ўзроўню вечнай пужалкі, што апраўдвала б высокі ўзровень рэпрэсій (нешта накшталт цыган у фільме Захарава «Забіць Дракона» ), а ультрапатрыятычны рух, які абапіраецца на ветэранаў вайны, якія вярнуліся з фронту. Частку гэтага руху напаткае лёс ліберальнай несістэмнай апазіцыі, іншая частка, па ўсёй бачнасці, будзе кааптаваная сістэмай і стане «ствалавой клеткай», якая вядзе да яе будучага перараджэння. Менавіта з гэтага асяроддзя выйдуць «магільшчыкі» рэжыму.

У цэлым гэтая гісторыя мае назву: СССР паміж 1945 і 1985 гадамі. Але толькі ўсё будзе адбывацца нашмат хутчэй — як у паскораным кіно.

На выхадзе ўсё роўна здарыцца рэвалюцыя, але кволая, вымарачная і досыць убогая па сваіх ідэалах. Па выніках гэтай рэвалюцыі сабраць краіну па частках наўрад ці атрымаецца.

Яе значная частка на ўсход ад Урала адыдзе без асаблівага супраціву пад пратэктарат Кітая і Японіі, а Паўночны Каўказ і збольшага Паволжа, адпаведна, апынуцца ў зоне ўплыву Турцыі і Ірана. На той тэрыторыі, якая застанецца, у лепшым выпадку атрымаецца захаваць вельмі малазначнае дзяржаўнае ўтварэнне ў межах праславутай Масковіі, у горшым – там будзе агламерацыя «failed states», якія жывуць па законах «кіраванага хаосу».

Такім будзе адкладзены фінал велічнага пуцінскага кіравання, калі «мары Газпрама» будуць спраўджвацца і рэалізуецца найбольш спрыяльны для рэжыму сцэнар — ён у гэтай заварусе выжыве.

Па сутнасці, больш правільнай у гістарычным сэнсе сёння з'яўляецца перакручаная навыварат формула Валодзіна: ёсць Пуцін – няма (у перспектыве) Расіі. Выжыванне цяперашняга кіроўнага рэжыму ўваходзіць у прамую супярэчнасць з гістарычнымі мэтамі і задачамі Расіі.

Сёння ўсё, што добра для рэжыму, дрэнна для Расіі, і вядзе яе да немінучага распаду.

Гэта не пра дэмакратыю і не пра правы чалавека. Гэта пра рускую цывілізацыю і той самы рускі свет, дзеля якога нібыта ўсё гэта і задумана.

Адмова элітаў асэнсаваць гэтую відавочную карэляцыю і прыняць меры, якія прадухіляюць гістарычную анігіляцыі рускага свету ў межах першай паловы XXI стагоддзя, з'яўляецца нічым іншым, як формай здрады нацыянальным інтарэсам.

Цяпер мы назіраем гістарычную развілку, на якой магчымыя тры сцэнары:

1) фіксацыя статус-кво і стварэнне новай жалезнай заслоны;

2) ваенная параза Украіны, якая вядзе да стварэння такой жа жалезнай заслоны, але па лініі, што пройдзе істотна больш на захад ад цяперашняй лініі фронту;

3) рэвалюцыя ў Расіі, якая зломіць першыя два сцэнары і выведзе рускі свет з тупіка.

Парадаксальным чынам, у доўгатэрміновай перспектыве, з улікам усіх аддаленых наступстваў працяглага існавання «жалезнай заслоны», рэвалюцыя выглядае ўжо як найлепшы выхад для сапраўднага рускага свету.