Ці вернуцца ўлады да «добраахвотна-прымусовага» продажу аблігацый?

Беларускай эканоміцы не хапала грошай заўсёды, але ў апошнія два гады — асабліва. Сітуацыю можна выправіць — калі не разглядаць пакуль варыянт з друкавальным станком, — двума спосабамі: заняць на знешнім рынку або на ўнутраным.

Савецкія аблігацыі. Фота з сайта monetnik.ru

Савецкія аблігацыі. Фота з сайта monetnik.ru


Дзесяцігоддзямі краіна кармілася крэдытамі міжнародных арганізацый, абяцаючы эканамічныя і палітычныя рэформы, дамаўлялася на запазычанні з урадамі розных краін. Жылі з усё прырастаючым абавязкам, але затое — прыгожа. Але гэты час скончыўся.

Сёння найбуйнейшым (і па сутнасці — адзіным) крэдыторам для Беларусі засталася Расія, эканоміка якой сама выжывае не дзякуючы, а хутчэй насуперак усім абставінам. Таму і Расія ўжо не столькі дае грошы, колькі дае адтэрміноўку па плацяжах за папярэднія крэдыты.

Адзіная альтэрнатыва для ўрада — выпампоўваць грошы ўнутры краіны, лічаць эксперты тэлеграм-канала «Нашы грошы». Адзін з самых папулярных цяпер спосабаў канфіскацыі ў насельніцтва і бізнесу грошай — гэта выпуск аблігацый. Прычым, выпускаюцца яны не толькі ад імя ўрада рэспублікі, але і на мясцовым узроўні, бо латаць дзіркі ў абласных і раённых бюджэтах таксама трэба.

Тут трэба сказаць, што яшчэ некалькі гадоў таму беларусы самі з задавальненнем куплялі такія каштоўныя паперы, яны прыносілі рэальны даход і выглядалі цалкам надзейным капіталаўкладаннем. Сёння ж даходнасць па іх такая, што жаданне набыць узнікае толькі з-пад палкі (дубінкі).

Аблігацыі Мінфіна або мясцовых органаў улады можна прадаваць дзяржаўным і прыватным прадпрыемствам/банкам і насельніцтву. На слайдзе мы можам убачыць, у якім аб'ёме выпускалі аблігацыі мясцовыя органаў улады ў апошнія гады. Сітуацыя вымалёўваецца красамоўная.

photo_2023_03_30_14_50_29.jpg


Усяго выпускам аблігацый займаецца каля 50 раёнаў у краіне. Запазычанасць па іх расце ўжо трэці год: у студзені 2021-га яна складала +2% да аналагічнага перыяду папярэдняга года, 2022-га — ужо +11% а 2023-га +19%. Усяго за два гады запазычанасць павялічылася з 3 млрд 199 млн рублёў да 4 млрд 228 рублёў.

Хто купляе такія аблігацыі? Часцей за ўсё гэта мясцовыя банкі/прадпрыемствы, якія знаходзяцца ў становішчы, калі немагчыма адмовіць, нават разумеючы, што ты купляеш з высокай доляй верагоднасці стратны і ненадзейны актыў. Часта банкі вымушаныя браць такія аблігацыі на баланс у кошт праблемных даўгоў дзяржпрадпрыемстваў. Але ўсё больш становіцца зразумела, што аднымі прадпрыемствамі/банкамі абысціся не выйдзе.

І тут мы падыходзім да самага цікавага. Рана ці позна чыноўнікі ўспомняць, што ў іх ёсць мірнае, безадмоўнае, гатовае згаджацца з усім насельніцтва. Гэта ж ідэальны фінансавы донар!

І тут мы зноў звяртаем позірк на Расію, дзе апошнім часам усё часцей кажуць пра неабходнасць выпускаць так званыя «патрыятычныя» аблігацыі, якія паспрабуй не купіць. І гэтыя аблігацыі добра знаёмыя нашым з вамі дзядам і прадзедам, якія ў 30-50 гадах мінулага стагоддзя былі фактычна абавязаны купляць «ваенныя» аблігацыі. Адмовішся — станеш ворагам народа. Лічыцца, што ў перыяд вайны грашыма ад рэалізацыі такіх аблігацый пакрывалася да 15% выдаткаў на абарону. А пасля, у немалой ступені, яны дапамагалі і аднаўленню эканомікі.

Гісторыя з гэтымі аблігацыямі скончылася сумна. Да 1957 годзе ў дзяржавы назапасіліся па іх вельмі вялікія даўгі. І тут з'явілася «ініцыятыва» рабочых завода «Чырвонае Сормава», да якой далучыліся іншыя прадпрыемствы. Рабочыя «ў адзіным парыве» вырашылі не пагашаць свае аблігацыі на працягу 20-25 гадоў, каб падтрымаць краіну.

Відавочна, што да 1974 году, калі выплаты ўсё ж пачаліся, значная частка гэтых каштоўных папер была страчана. А што засталося, моцна пацярпела ад інфляцыі. Таксама кажуць, расчараванне насельніцтва было настолькі моцным, што доўгі час было модна гэтымі паперкамі абляпляць сцены пакояў і нават прыбіральняў.