Улады страчваюць магчымасці. Чаму эканамічны крызіс у Беларусі не становіцца «кропкай росту»?

Эканоміка ўсё яшчэ знаходзіцца ў глыбокай рэцэсіі, але з практалагічнага пункту гледжання гэтая глыбіня выглядае крыху аптымістычней, чым раней. Гэта бачна з даных Белстата аб дынаміцы і структуры валавога рэгіянальнага прадукту за люты.

_belarus_ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__logo.jpg


У адносінах да студзеня-лютага мінулага года спад эканомікі склаў 3,6% па краіне ў цэлым, пры гэтым «адмоўны рост» ахоплівае ўсе рэгіёны без выключэння. Асобна варта адзначыць, што самыя сумныя паказчыкі дэманструе сталіца (мінус 6,3%), у той час як у Мінскай вобласці спад істотна скараціўся (мінус 4,8% пры мінус 8,2% у мінулым месяцы), а Гродзенская вобласць наогул можа ў наступным месяцы выйсці ў нуль ці нават у плюс (цяпер — мінус 0,5%), аналізуе лічбы тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Гаворачы аб макраэканамічных паказчыках, важна разумець, як крызіс уплывае на эканоміку. Само па сабе слова «крызіс» нясе негатыўную канатацыю, і мы сапраўды бачым мноства непрыемных, звязаных з ім наступстваў: інфляцыя, зніжэнне патэнцыялу эканомікі, банкруцтва, падзенне ўзроўню жыцця, рост няпоўнай занятасці і многае іншае.

У большасці эканамічных тэорый адзначаецца, што крызіс нясе ў сабе і магчымасці. Давайце паглядзім, што гэта за магчымасці, і ці можа Беларусь іх рэалізаваць.

Крызіс дапамагае стымуляваць эканоміку. Справа ў тым, што ён дае магчымасць выяўляць відавочныя і схаваныя негатыўныя тэндэнцыі, якія збіраліся часам доўгія гады, і пры правільным кіраўніцтве краіны правільна размеркаваць намаганні на іх лячэнне. На жаль, у Беларусі гэта не працуе, бо ўлады, замест таго, каб выявіць праблемы і пастарацца іх вырашыць, усё больш спрабуюць іх «разбачыць». Прычым, у самым літаральным сэнсе гэтага слова — напрыклад, зачыняючы статыстыку галінах, якія прасядаюць.

Крызіс спрыяе росту канкурэнтаздольнасці. У няпростыя часы можа падаць курс нацыянальнай валюты, гэта робіць прадукцыю краіны больш запатрабаванай за мяжой. Мы гэта ўбачылі на прыкладзе мінулага года, калі беларускія тавары за кошт рэзкага паслаблення беларускага рубля да расійскага (хай і збольшага рукатворнага) сталі прывабныя для расійскіх спажыўцоў. Гэта дазволіла айчынным таварам больш актыўна канкурыраваць у Расіі, ды і на паліцах беларускіх магазінаў таксама.

На жаль, у гэтым годзе і такая перавага пад пытаннем. Таму што і паліцы ўжо запоўненыя, і магчымасці па канкурэнтаздольнасці сталі абмежаваныя. Расійскі рынак, хоць і выглядае бяздонным, такім для нас зусім не з'яўляецца. Да таго ж прыходу беларусаў рады далёка не ўсе расійскія вытворцы. А «курсавы эфект» паступова сыходзіць на нішто.

Крызіс дазваляе прыняць непапулярныя рашэнні. Кажучы проста, калі і так усё ляціць да д'ябла, можна растлумачыць насельніцтву, што трэба пацярпець, правесці адчувальныя для грамадства рэформы (напрыклад, павышэнне пенсійнага ўзросту або рэформу сектара дзяржпрадпрыемстваў), затое пасля атрымаць вынік, ад якога ўсе выйграюць. І зноў у Беларусі гэтыя магчымасці выкарыстоўваюць спецыфічна. Як правіла, яны накіраваны не на аздараўленне эканомікі, а толькі для вырашэння імгненных палітычных праблем. І, як паказвае практыка, у далейшым гэтыя непапулярныя рашэнні прыводзяць да яшчэ большых праблем.

Крызіс — гэта ператок капіталаў. Мы гаворым пра тэндэнцыю, пры якой з банкаў грошы сыходзяць у рэальны бізнес, бо нярэдка прадпрыемствам, для таго каб аднавіцца, патрабуюцца прыстойныя ўліванні. І тут у нас праблемы. Сёння на банкі аказваецца каласальны ціск, накіраваны на тое, каб свабодныя грошы, якія ўтварыліся ў эканоміцы, пусціць на падтрымку не перспектыўных напрамкаў, а зомбі-прадпрыемстваў. У выніку пакутуюць і банкі, і прыватны бізнес, і эканамічная сітуацыя ў краіне ў цэлым, бо вядзе гэта да росту неплацяжоў, разлічвацца з якімі ў выніку прыходзіцца бюджэту.

У сухім астатку мы бачым сумную карціну: урад Беларусі, атрымаўшы большасць з магчымых негатыўных наступстваў крызісу, умудраецца пры гэтым запароць літаральна ўсе магчымыя плюсы.