Лепш бы яны не працавалі! Пра карысць калядных вакацый

У прынцыпе, чаго можна было чакаць у краіне пасля святкавання Новага года? Нягледзячы на тое, што тыдзень выдаецца працоўным, асабліва ніхто і не працуе. Адмовіліся працаваць нават касавыя апараты ў крамах. Напэўна, варта ўсё ж рабіць калядныя вакацыі ў краіне.

74022b4033aaa21bb5e133d8d9502fc9.jpg


Розныя дробязі, якія адбываліся ў Беларусі ў гэтыя дні, выклікаюць уражанне, што працоўны тыдзень быў скіраваны на тое, каб рабіць выгляд працы. Той жа маштабны касавы збой мог бы стаць у любой краіне сенсацыяй і непрыемнасцямі для ўладаў. Яшчэ б — крамы не працавалі ў час Калядаў, калі ўсім хочацца парадаваць сябе і сваіх блізкіх нейкай смакатой і добрымі падарункамі. А тут бац — і немажлівасць усё гэта набыць.

Але ён не выклікаў такога рэзанансу, які павінен быў бы выклікаць. Па-першае, мы ўжо звыкліся, што ў нас увесь час што-небудзь псуецца: то вадаправоды абвяшчаюць страйк і даюць ваду, якую нельга піць, то масты валяцца. Вунь, у Полацку ў ноч з 1 на 2 студзеня павалілася галоўная калядная ёлка горада. Так што забастоўка касавых апаратаў — не асаблівае дзіва.

Па-другое, канешне, усё, што можна было закупіць, наш народ закупіў да Новага года, і гэты тыдзень можа перажыць проста на навагодніх запасах. Дый калі ў краіне падаюць заробкі, а цэны растуць, асабліва ў крамы і не паходзіш.

Дарэчы, наконт цэнаў. У навагоднім «Галоўным эфіры» на БТ прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка расказаў нам прыгожую казку пра тое, што ў 2023 годзе цэны ў Беларусі працягнуць расці, але кантралявана, інфляцыя складзе 6%, а заробкі ў бюджэтнікаў павялічацца на 200 рублёў (то-бок вырастуць ажно на 16%!). І гэта выклікае вялікую занепакоенасць.

І нават не таму, што мы звыклі, што беларускаму ўраду заўсёды нешта перашкаджае, а амбіцыйныя планы маюць мала агульнага з рэальнасцю. Нашае эмпірычнае адчуванне, заснаванае на жыццёвым досведзе, пацвярджаецца простымі статыстычнымі фактамі. Напрыклад, тым, што галоўны ўнёсак у інфляцыю робяць якраз тыя самыя кантраляваныя ўрадам цэны. Ва ўжо мінулым годзе, колькі б не была агульная інфляцыя — 13%, 15% або 17%, прыкладна 11% з яе прыпадала менавіта на кантраляваныя ўладамі цэны. Адпаведна, чым больш урад кантралюе цэны, тым больш яны растуць.

Яшчэ адзін сюрпрыз новага года. Лукашэнка вырашыў спраўдзіць сваё абяцанне і выдаць кожнаму жыхару Беларусі адзін вольны ад працы дзень на медагляд. Праходзіць яго мусяць усе — ад дзяцей да людзей сталага ўзросту, нават калі няма скаргаў на здароўе.

У Мінздароўя заяўляюць, што гэтая мера накіраваная на прапаганду здаровага ладу жыцця, ранняе выяўленне фактараў рызыкі і перадухілення цяжкіх захворванняў. Займацца медаглядамі будуць дактары па месцы жыхарства.

Шляхам нескладаных матэматычных маніпуляцый мы высвятляем, што ў Беларусі ў 2023 годзе 252 працоўныя дні. Калі абагульніць колькасць насельніцтва да 9,5 мільёнаў беларусаў і акругліць колькасць працоўных дзён да 250, мы даведаемся, што нашыя медыкі за адзін дзень павінны прыняць па ўсёй краіне 38 тысяч чалавек — гэта дадаткова да сапраўды хворых.

Насамрэч, лічба значна большая — бо мы не ўлічваем тут абавязковы гадавы адпачынак для працоўнага народу і канікулы школьнікаў.

Шкада, вельмі шкада медыкаў, якіх і так не хапае. І можна прадбачыць, як будзе гэты медагляд адбывацца: «Скаргі на здароўе ёсць? — Няма. — Здаровы! Запрасіце наступнага, калі ласка». А інакш — ніяк.

Бо ёсць пэўныя сумневы, што за адзін дзень сапраўды можна прайсці якасны медагляд. Атрымаецца хіба што здаць нескладаныя аналізы (кроў, кал, мачу), праверыць зрок ды рост і вагу — гэта па-першае. А па другое, ці ведаюць у Мінздароўя, якія чэргі стаяць у паліклініках на абавязковую флюараграфію і без гэтага «новаўвядзення»? Не кажучы ўжо пра МРТ?

Бедныя не толькі медыкі, але і настаўнікі. Ужо колькі разоў ім абяцаюць такую рэформу адукацыі, у якой з іх будзе знятая бессэнсоўная папяровая праца — а гэтай працы ў іх толькі дадаецца і дадаецца. На гэтым тыдні былі зацверджаныя новыя правілы паступлення ў ВНУ, згодна з якімі абавязковай стала характарыстыка са школы, якую трэба падаваць у прыёмную камісію разам з астатнімі дакументамі.

Самае цікавае, што, па словах начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргея Каспяровіча, гэты дакумент не будзе ўплываць на паступленне, ці, як ён сказаў, «на конкурсную сітуацыю». Але, па яго словах, «ён вельмі важны для таго, каб аператыўна ўключыліся і педагогі, і іншыя службы ўніверсітэта для таго, каб актыўна ўцягнуць ужо новага студэнта ў грамадскае жыццё, у розныя напрамкі спартыўнай дзейнасці, творчай і гэтак далей».

Памятаючы сваё студэнцтва, я ведаю, што ёсць адзіны дзейсны спосаб уцягнуць студэнта ў тое, што чыноўнікі разумеюць пад «грамадскім жыццём» — гэта «залік аўтаматам».

І для гэтага не трэба зводзіць на нішто тоны паперы і тысячы чалавека-гадзін, якія будуць марнаваць настаўнікі на напісанне характарыстык. І больш чым упэўнены, што гэтыя характарыстыкі будуць пісацца «пад капірку».

І гэты «выгляд працы» робіцца ва ўсім. Яшчэ адна адпаведная навіна. У Гомелі мясцовы радыёзавод далучаюць да такога ж мясцовага «Гомсельмаша».

У 2021 годзе радыёзавод спрацаваў са стратай у 1,24 млн рублёў. У тым жа годзе «Гомсельмаш» атрымаў прыбытак у 600 тысяч рублёў (што мізерна пасля страты 400 мільёнаў у 2020 годзе). Але пытанне нават не ў тым, навошта аб’ядноўваць два хранічна стратныя «зомбі-прадпрыемствы». Калі да нуля прыбавіць нуль, мы не атрымаем «дзесяць».

Пытанне ў тым, як сумясціць вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі, на чым спецыялізуецца «Гомсельмаш», і радыёлакацыйныя сістэмы, што ёсць задачай радыёзавода. Гэтае пытанне, напэўна, з шэрагу тых, як паяднаць паміж сабою вужа і вожыка.

Падаецца, (і ўжо не ў першы раз), што такімі ініцыятывамі нашыя чыноўнікі робяць выгляд працы, выгляд таго, што яны патрэбныя, і іх ні ў якім разе нельга скарачаць ці разганяць. А тое, што ў будучыні гэтыя ініцыятывы вядуць толькі да велізарных праблем… Дык гэта ўжо будуць не іх праблемы, а праблемы выканаўцаў, праўда?

Лепш бы чыноўнікі са сваімі ініцыятывамі сышлі на калядныя вакацыі і не працавалі, праўда? Менш было б праблемаў потым.