Хто такія калядоўшчыкі? Як на Гомельшчыне святкуюць Каляды
На Гомельшчыне Каляды — гэта не толькі калянавагоднія святы, яны доўжацца ажно да Вадохрышча. «Штодзень» сабраў сведчанні фалькларыстаў, сябраў ліквідаванай уладамі краязнаўчай арганізацыі «Талака» і культурных дзеячаў пра тое, якія асаблівасці святкавання Калядаў у рэгіёне.
«Каб у гэтай хаце елася, пілося і яшчэ хацелася»
«Шчодры» вечар, калі мы звычайна чакаем, што да нас у дзверы пагрукаюцца калядоўшчыкі — гэта толькі адзін з элементаў Калядаў. Гэта рытуалы і абрады, якія на Гомельшчыне адбываюцца з 13 на 14 студзеня.
Можна вызначыць тры асноўныя этапы на Каляды — тры куцці. З першай, галоднай, куццёй звязана Раство. Спевы пра Хрыста і хаджэнне з зоркай адбываліся на Раство, калі людзі ўслаўлялі нараджэнне Хрыста. Другі этап — Васілле. Звязаны з архаічнай традыцыяй калядавання і шчодраў, калі людзі пераапраналіся ў нейкіх персанажаў ці жывёл. Рэпертуар песень на Каляды — самы розны. Аднак амаль паўсюдна былі зычэнні, калі людзям жадалі ўраджаю ў полі, дабрабыту ў хаце і ладу ў сям’і. Напрыклад, жадалі падобнае: «Каб у гэтай хаце елася, пілося і яшчэ хацелася».
Трэці этап на Каляды — гэта Вадохрышча, сумесь хрысціянскага і язычніцкага: купанне як ачышчэнне ад грахоў і ўмыванне як ачышчэнне ад чагосьці старога. І, канешне, самая таямнічая ноч — на Вадохрышча, калі дзяўчаты пачыналі варажыць.
Хто такія калядоўшчыкі?
Калядоўшчыкі — не проста людзі, а пасланцы Бога. Тыя, хто прыносіць радасць, дабрабыт. Ёсць нават легенды, што сам Бог прыходзіць на Каляды, але ніхто не ведае, ў чыім вобразе: дзіцяці, бабулькі ці яшчэ каго. Небяспечна было не пусціць любога чалавека, бо гэта мог быць сам Бог.
Лічылася, што калі калядоўшчыкі ў нейкі дом не зайшлі, то нічога добрага ў гэтым доме не будзе. Людзі хацелі, каб калядоўшчыкі прыйшлі. Нашы продкі верылі, што пажаданні калядоўшчыкаў здзейсняцца. Нездарма калядоўшчыкі, калі прыходзілі ў хату, то гаварылі: «Ідзём з далёкага краю, з-пад самага раю». Каляды — гэта дні, калі трэба было чымсьці падзяліцца, бо калі ты падзелішся добрым, то добрае да цябе і вернецца.
Каза — гомельскі Фенікс
У народнай традыцыі Каляды святкавалі з казой, якая ўвасабляе вельмі архаічную традыцыю. Каза — сімвал ураджаю, дабрабыту, новага года. Каза перыядычна памірае, як стары год і ўсё аджылае, а потым адраджаецца ў новым жыцці. Калядоўшчыкі звычайна гаварылі, калі каза памірала: «Каб каза ўстала, трэба даць ёй кусок сала. А яшчэ піражэчкі казе на ражэчкі». А ў калядных спевах маюцца радкі: «Дзе каза топ-топ, там жыта сем коп».
А як у вашым рэгіёне святкуюць Каляды? Раскажыце нам у каментарах! Гэта бяспечна, бо мы ўсё яшчэ не з’яўляемся экстрэмістамі.