Новыя правілы паступлення ва ўніверсітэты: сваім — льготы, ворагам — дрэнныя характарыстыкі

2023 год пачаўся са змены правілаў прыёму ў беларускія ВНУ. Сілавікі вылучаюцца ў асобную касту, з рознымі асаблівымі льготамі і ўмовамі пры паступленні, піша Вадзім Мажэйка ў сваім тэлеграм-канале.

licej_adukacyja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas5_logo.jpg

Мажэйка адзначае, што напісаў пра гэта для беларускай экспертнай сеткі «Наша меркаванне» , якую нарэшце перазапусцілі. Пасля арышту Валерыі Касцюговай праца спынілася, і справай гонару стала працягнуць праект, які яна столькі гадоў рухала наперад.

Адраджэнне савецкай практыкі прадастаўлення характарыстыкі са школы ўзмацняе адміністрацыйны валюнтарызм замест мерытакратыі. Закладваецца падмурак пад дыскрымінацыю эмігрантаў з беларускім грамадзянствам.

Паспяховы лабізм сілавікоў

Указ Лукашэнкі № 2 ад 3 студзеня 2023 года змяняе ўмовы паступлення ва ўніверсітэты пасярод акадэмічнага года, за 6 месяцаў да пачатку ўступнай кампаніі. І так адбываецца далёка не ў першы раз: вось і гэты ўказ карэктуе аналагічны, прыняты таксама ў студзені 2022 года. Вядомы рэпетытар Яўген Лівянт, як заўсёды, адзначыў бы, што мяняць правілы на хаду непрымальна, вось толькі сілавікі затрымалі яго якраз за тыдзень да публікацыі ўказа.

Сілавікоў датычацца многія характэрныя пункты ўказа. Так, ВНУ сілавых ведамстваў зусім выведзеныя з-пад яго дзеяння: парадак прыёму ў вайсковыя ўніверсітэты будзе вызначаць Мінабароны, а ў Акадэмію нацыянальнай бяспекі — КДБ. Хто з сілавікоў і па якім прынцыпе паступіць у Акадэмію МУС для атрымання другой вышэйшай адукацыі — вырашыць само МУС.

На вайсковыя спецыяльнасці, а таксама ў транспартныя войскі і ў пагранічную службу у цэлым уводзіцца спрошчаны парадак паступлення — неабходна будзе здаваць толькі два прадметы замест трох. Што, вядома, сведчыць і аб узроўні папулярнасці гэтых спецыяльнасцяў, і аб узроўні падрыхтаванасці абітурыентаў.

А права паступаць зусім па-за конкурсам цяпер ёсць у дзяцей сілавікоў, якія атрымалі інваліднасць падчас службы. Аналагічная льгота будзе і ў выхаванцаў ваенна-патрыятычных клубаў. Праўда, льготу можна выкарыстоўваць толькі пры паступленні ў ВНУ сілавых ведамстваў або на ваенныя факультэты.

Самі па сабе гэтыя змены не выглядаюць пагрозліва для сістэмы адукацыі ў цэлым. Гэта, напрыклад, не глабальныя льготы для дзяцей усіх сілавікоў пры паступленні на ўсе спецыяльнасці (прынамсі, пакуль што). Ды і ўдакладненне пра інваліднасць (а не проста нейкую траўму пры падаўленні пратэстаў) істотна памяншае патэнцыйную аўдыторыю такой льготы.

Але па гэтых зменах можна меркаваць пра тое, як расце ўнутрысістэмны ўплыў сілавікоў у шырокім сэнсе. Адметны сам прынцып, па якім звязаныя з імі структуры выпадаюць з кантролю грамадзянскай адміністрацыі, а іх дзяцей надзяляюць адмысловымі льготамі і стымулююць працягваць справу бацькоў. Гэта нагадвае адгалоскі такіх архаічных практык, як каставая сістэма, і замацаванне асаблівых умоў для варны кшатрыяў (воінаў і іншых сілавікоў).


Падмурак пад дыскрымінацыю эмігрантаў

У асобную катэгорыю ва ўказе вылучаныя тыя абітурыенты, каго дзяржпрапаганда звычайна называе «беглымі»: «грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаў [або] пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь не больш за два гады, што непасрэдна папярэднічаюць [паступленню]». Яны прыроўненыя да бежанцаў, расіян, казахаў, кіргізаў і таджыкаў.

Пакуль усе яны могуць паступаць у беларускія ВНУ, у тым ліку на тых жа ўмовах, што і ўладальнікі беларускіх пашпартоў, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, гэта значыць удзельнічаць у конкурсе на бюджэтныя месцы. Але само вылучэнне беларускіх эмігрантаў і іх дзяцей у асобную катэгорыю не абяцае нічога добрага.

Чыноўнікі ўжо вядуць публічныя размовы пра тое, каб пазбавіць такіх беларускіх эмігрантаў — нароўні з так званымі дармаедамі — права на атрыманне бясплатнай медыцынскай дапамогі. З гэтымі тэзісамі на СТВ выступала першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Краткова, і ёй паўтаралі вядучыя: «час гэтую лавачку прыкрываць», калі беларусы, «пражываючы ў іншай краіне, марнуючы грошы там, прыязджаюць у Беларусь, каб атрымаць медыцынскую дапамогу бясплатна». Гэтая ж логіка кладзецца і на нібыта бясплатную адукацыю. Хоць яна, як медыцына, ніякая не бясплатная, а аплачваецца з бюджэту, які фарміруецца з падаткаў беларускіх грамадзян — і далёка не толькі тых, што яны плацяць на працягу двух гадоў да паступлення дзіцяці ў ВНУ або звароту да ўрача.


Насуперак дэкларацыям пра народнае адзінства, беларуская дзяржава імкнецца ўсяляк адмежавацца ад дыяспары, і асабліва ад тых беларусаў, якія з'ехалі па палітычных матывах за апошнія два гады. Гэтыя беларусы ўспрымаюцца дзяржавай як чужыя, адрозныя ў правах ад іншых уладальнікаў беларускіх пашпартоў. Як дармаедскі дэкрэт пераводзіў права на працу ў абавязак, так цяперашнія падыходы дзяржавы пераводзяць у абавязак права на пражыванне ў Беларусі. А інакш беларусаў чакае пазбаўленне ўсялякіх сацыяльных гарантый.


Непразрыстыя характарыстыкі з палітычнымі вушамі

Да гэтага часу паступленне ў беларускія ВНУ ажыццяўляецца ў цэлым па мерытакратычным прынцыпе: хто прадэманстраваў лепшыя веды (на іспытах, ЦТ, або ў выглядзе перамогі на рэспубліканскай алімпіядзе) — той і атрымлівае прыярытэтнае права стаць студэнтам. Наколькі ЦТ і іншае на самай справе адлюстроўвае ўзровень ведаў — асобная тэма, але прынцып усё ж менавіта такі. Льготы для сельскіх школьнікаў, вядома, парушаюць мерытакратыю, але хаця б закліканы павысіць даступнасць адукацыі і выраўнаваць дыспрапорцыі рэгіянальнага развіцця, а не заснаваныя на палітычных поглядах абітурыентаў.

У новым жа ўказе адраджаецца савецкі прынцып прадастаўлення абітурыентамі характарыстык са школы. Ва ўказе не сказана наўпрост, якую ролю будзе адыгрываць характарыстыка пры паступленні, і якія звесткі ў яе будуць уключаны — толькі тое, што яна будзе аформленая «па форме і ў парадку, што ўстанаўліваюцца міністэрствам адукацыі».

Кіраўнік Мінадукацыі Андрэй Іванец ужо анансаваў, што характарыстыка будзе складацца з 11 пунктаў, і акрамя анкетных даных туды ўвойдуць звесткі аб складзе сям'і абітурыента, яго ўдзеле ў розных мерапрыемствах і грамадскіх аб'яднаннях, аб хобі і дысцыпліне, а таксама аб адміністрацыйных затрыманнях. Іванец запэўнівае, што «характарыстыка выпускніка не адаб'ецца на яго паступленні ў ВНУ», а толькі «будзе ўплываць на выбудоўванне адукацыйнай і выхаваўчай траекторыі». Што ж тычыцца звестак ад МУС, то міністр упірае на прыклады з прафілактыкай распіцця алкаголю ў грамадскім месцы.

Аднак за ўсім гэтым тырчаць палітычныя вушы. Моладзевыя грамадскія арганізацыі ў школах дзейнічаюць толькі лаяльныя да ўлады, у асноўным БРСМ. Мерапрыемствы «патрыятычнай і працоўнай накіраванасці» накіраваныя на прапаганду рэжыму Лукашэнкі. І затрымліваюць у Беларусі ўсё часцей не за алкаголь, а за любыя праявы нелаяльнасці да ўлады і за салідарнасць з Украінай. Напрыклад, на наступны дзень пасля публікацыі ўказа ГУБАЗіК затрымаў двух падлеткаў 13 і 15 гадоў за тое, што яны нібыта «распальвалі сацыяльную варожасць у дачыненні да рускай нацыі» і «ўсяляк піяраць бчб-дзвіжуху» ў TikTok.

Ні ва ўказе, ні ў каментарах Мінадукацыі не раскрываецца, якім чынам школы будуць абгрунтоўваць звесткі з характарыстыкі — напрыклад, пра дрэнныя паводзіны, або пра прычыны няўдзелу ў мерапрыемствах БРСМ. Цалкам верагодна, што ніяк. І ў такім выпадку характарыстыка стане элементам узмацнення валюнтарызму школьнай адміністрацыі, якая атрымае яшчэ адзін інструмент для ціску на непажаданых школьнікаў або іх бацькоў.

Пераклад НЧ