Аляксандр Фрыдман: Лукашэнка не пойдзе на транзіт улады, нават калі пераемнікам будзе Качанава

У прамове на месцы спаленай вёскі Лукашэнка зноў гразіўся ядзернай дубінкай, прадракаў «страшны ўрок для ўсёй планеты» і адкрыта зневажаў беларускі народ. «Новы Час» разбіраў асноўныя тэзісы з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

world_war4.png

Лукашэнку не патрэбна жалезная заслона

У Лукашэнкі ёсць усе падставы быць незадаволеным пазіцыяй Польшчы і Літвы, бо менавіта яны ў Еўрапейскім Саюзе выступаюць за найбольш радыкальныя рашучыя крокі ў адносінах да беларускага рэжыму.

Нічога надзвычайнага не здарылася. Недарэчна, што Лукашэнка выкарыстаў Хатынь як пляцоўку, каб выпліснуць усю нянавісць да Захаду. Гэта яшчэ раз паказвае стаўленне рэжыму да вайны: з аднаго боку, ён падкрэслівае з нагоды і без, што Хатынь — значная гістарычная падзея, сімвал беларускай трагедыі ў Другой сусветнай вайне. І тут у Хатыні з'яўляецца Лукашэнка, робіць агрэсіўную прамову — хутчэй не пра мінулае, а пра сучаснасць. 

Рыторыка пра фашыстаў і іх нашчадкаў, якія аселі на беларускіх межах і рыхтуюць антыбеларускія акцыі, а затым прагучалі заявы, якія на фоне Хатыні выглядаюць проста жахліва: і пра ядзерную зброю, якая яму патрэбна, і абразы на адрас палякаў і літоўцаў, і фармулёўка сталінскай прапаганды «гіена Еўропы» на адрас Польшчы. І недарэчна, і гратэскна, але да гэтага ўжо ўсе прызвычаіліся, нічога новага ў рыторыцы Лукашэнкі не прагучала.

— Заявы Лукашэнкі трэба ўспрымаць як паток свядомасці ці намеры ісці на канфрантацыю ў заходнімі суседзямі?

— «Жалезная заслона» ў поўнай меры Лукашэнку сёння не патрэбная з эканамічных мэтаў: геаграфічнае становішча Беларусі як транзітнай краіны грае вельмі важную ролю ў беларускай эканоміцы. Акрамя таго, магчымасць ездзіць за мяжу — вельмі важны чыннік для тых, хто застаўся ў Беларусі, нават для прыхільнікаў Лукашэнкі. І гэта найважнейшае адрозненне паміж Расіяй і Беларуссю. Па-за межамі Расіі бывае адносна невялікая колькасць грамадзян, у Беларусі іх куды больш — паездкі ў Еўропу, якія вельмі моцна ўскладніліся пасля 2021/2022  года, для беларусаў з'яўляюцца часткай жыцця. Пазбавіць беларусаў такой магчымасці — значыць справакаваць незадаволенасць людзей. 

Таму Лукашэнка выкарыстоўвае жорсткую рыторыку, абвінавачанні, адкрытыя напады, знявагі, але адкрытых крокаў сам не прадпрымае. Ён відавочна рыхтуецца да магчымай эскалацыі з польскага боку. Але, мне падаецца, рухавіком эскалацыі ён не будзе, бо яму гэта нявыгадна. Таму я схіляюся да таго, што калі на беларускіх межах і апусціцца жалезная завеса, то па ініцыятыве польскага ці літоўскага боку, а не лукашэнкаўскага. 

Абмен закладнікамі: нахілілі ці не?

— Лукашэнка абвясціў, што нібыта Захад прапанаваў яму абмяняць трох грамадзян Беларусі, затрыманых у Польшчы па падазрэнні з шпіянажы. Наколькі верагодны сцэнар абмену «палоннымі»?

Удакладню: Лукашэнка ўсё-такі меў на ўвазе Польшчу, якая нібыта прапаноўвала яму абмен. Выглядае, што ён агучыў версію, якую возьмуць на ўзбраенне беларускія прапагандысты: у Польшчы захопленыя беларусы — ці то «збеглыя», ці то крымінальнікі, якія ніякім чынам не звязаныя з рэжымам Лукашэнкі; проста захопленыя асобы, якіх жадаюць абмяняць. Дзяржаўны бок ужо адмежаваўся ад гэтых людзей: не было ўвогуле ніякай інфармацыі, ці атрымліваюць затрыманыя юрыдычную дапамогу ад беларускай амбасады, ці клапоціцца дзяржава пра іхні лёс. Беларусаў затрымалі — дзяржаўная прапаганда хутка выпусціла ролікі з роднымі затрыманых, якія заявілі, што яны ні ў чым не вінаватыя; потым прапаганда перайшла на тое, што Польшча атакуе сваіх «бэчэбэшнікаў», як кажа Лукашэнка. 

Пэўная логіка ў выказваннях Лукашэнкі ёсць: у яго ёсць тое, што цікавіць Польшчу (Андрэй Пачобут і Анджэліка Борыс), якіх ён бы мог прапанаваць да абмену. А што магла прапанаваць яму Польшча? Раней у Польшчы нічога не было, а цяпер там з’явіліся людзі, якіх сапраўды можна прапанаваць.

Мы ж не ведаем, працавалі затрыманыя на беларускую разведку ці не. Гэта пытанне даверу да польскіх спецслужбаў. Я, ўласна кажучы, схільны давяраць польскім спецслужбам хаця б таму, што Польшча — дэмакратычная дзяржава, дзе не займаюцца адкрытымі фабрыкацыямі, адрозна ад беларускіх спецслужбаў.

Польскія спецслужбы арыштавалі трох грамадзянаў Беларусі. Цяпер Лукашэнка можа дадумваць, што гэтых людзей захапілі толькі для таго, каб абмяняць на Пачобута і іншых польскіх актывістаў. Менавіта так разважае Лукашэнка. Калі ён закідае гэта палякам, то гэта менавіта тое, што б ён хутчэй сам зрабіў на месцы палякаў. Такія разважанні Лукашэнкі — не пра свет, а пра яго самога, пра яго прыроду, пра яго светапогляд, як ён сябе паводзіць.

Польскі бок не пацвярджае заяву Лукашэнкі пра абмен і не будзе пацвярджаць: усе падобныя абмены адбываюцца не адкрыта, а за кулісамі. Тым больш, калі гаворка ідзе пра такі адыёзны рэжым, як рэжым Лукашэнкі. Мы бачылі нядаўнія расійскія абмены: Віктара Бута на амерыканскую баскетбалістку Брытні Грайнэр, — перамовы ішлі за кулісамі. А пра абмен стала вядома толькі па факце. Гэта з той жа гісторыі, што і пакт пра ненапад, які з ім нібыта жадала падпісаць Украіна. Відавочна: калі Лукашэнка нешта агучвае, значыць, гэта ўжо не адбудзецца.

Як па мне, абмен Пачобута — рацыянальны крок з боку афіцыйнага Мінска, які дазволіў бы зняць напругу ў адносінах з Польшчай, знак адмовы ад эскалацыі. Але для Лукашэнкі гэта хутчэй пытанне ягоных перакананняў: нахілілі яго ці не нахілілі. Калі б прымусілі яго пайсці на абмен, значыць, ён не такі ўжо моцны, яго нахілілі, а калі не пайшоў — значыць, не нахілілі. Ён разважае прыкладна так.

Перш чым прымаць нейкія рашэнні, прапаганда рыхтуе аўдыторыю. Зараз я не бачу прыкметаў, што прапаганда рыхтуе аўдыторыю да абмену Пачобута на трох грамадзянаў Беларусі, затрыманых у Польшчы. Уласна кажучы, імі ніхто больш і не цікавіцца: гісторыя з падрыхтоўкай тэракту ў Гродне перабіла іншыя тэмы, пра затрыманых беларусаў паступова забыліся ў дзяржаўных СМІ. 

Лукашэнка не зрабіў працы над памылкамі

— Лукашэнка заклікаў да «адзінства спецслужб, сілавога блока і нашага народа» — такое ўражанне, што для яго гэта тоеснае паняцце, сінонімы адной з’явы. На фоне такіх уяўленняў пагрозліва прагучала фраза пра прэзідэнцкую кампанію 2025 года: «Як заўсёды, вырашаць будзе народ. Калі вы вырашыце, што вам патрэбнае іншае жыццё — гасподзь з вамі, паспрабуйце». Якой Лукашэнка малюе сабе ўласную будучыню?

— Я б на яго рыторыку паглядзеў бы больш шырока. Лукашэнка ізноў загаварыў пра незадаволеных беларусаў (гаворка ішла не пра «бэчэбэшнікаў», а пра незадаволеных людзей — эканомікай, інфляцыяй, беспрацоўем). Я звярнуў увагу, што тон, з якім ён звярнуўся да беларусаў, досыць абразлівы, гэта зварот гаспадара да сваіх прыгонных. Фактычна Лукашэнка вярнуўся да рыторыкі — абсалютна ганебнай рыторыкі 2019-2020 гадоў — пра «народзец», пра тое, што памерлыя ад кавіду самі вінаватыя, усё гэта было. Абразлівыя адносіны да народа і сталі адной з прычынаў, чаму беларусы выйшлі на вуліцы ў жніўні 2020 года: яны не жадалі чалавека, які зневажае і абражае народ.

Лукашэнка пасля балючага вопыту 2020 года змяніўся толькі касметычна, але ад абразаў ён устрымліваўся — гэтага павучання народа, як жыць і што рабіць, адкрытых зневажальных абразаў ён пазбягаў. І вось Лукашэнка зноў вяртаецца да гэтай рыторыкі. Гэта паказвае, што ён нічога не зразумеў, што ён увогуле не разумее, што такое гонар і што такое павага, і што ён пачувае сябе надзвычай упэўнена. З аднаго боку, ён разважае пра прэзідэнцкія выбары, а з другога — зноў адкрыта так зневажальна ставіцца да людзей.

Што да прэзідэнцкай кампаніі, то Лукашэнка з усіх сілаў імкнецца паказаць, што ў Беларусі ўсё стабільна, сітуацыя пад кантролем: і выбары правядзём, і выберам каго трэба.

Сцэнары прэзідэнцкай кампаніі магчымыя самыя розныя. Гісторыя пра пераемніка, пра якога гавораць усё больш і больш, усё часцей гучыць імя Наталлі Качанавай. Пэўны пул пераемнікаў ужо сфармаваўся: у ім і Качанава, і Вальфовіч, і Тэртэль, і Галоўчанку можна туды дадаць, і Сергеенку — пераемнікаў хапае, яны маладзейшыя за Лукашэнку, яны ў прынцыпе цалкам задавальняюць Маскву, яны з'яўляюцца адкрытымі адэптамі «рускага міру», як Вальфовіч, Качанава і той жа Тэртэль. Пра гэта яшчэ будуць шмат казаць.

Для Лукашэнкі ўлада заўсёды была галоўнай, гэта не той чалавек, які добраахвотна пойдзе на транзіт. І зусім не падобна да таго, што Масква яго будзе прымушаць да транзіту. Чаму Крэмль будзе яго прымушаць на транзіт улады? Ён і так робіць усё, што патрэбна Маскве. Тым больш, што сітуацыя напружаная, і на беларускіх межах крызісная — ці тая гэта сітуацыя, калі Крэмль пажадае нешта мяняць у Беларусі?

Тым больш, і Лукашэнка, і Пуцін — людзі сталага ўзросту, у такім узросце людзі пазбягаюць навізны. Таму ідэя пра тое, што Расія марыць змяніць Лукашэнку, непраўдзівая, таму што Лукашэнка і так робіць усё, што Расіі патрэбна. А калі нешта не задаволіць, то націснуць і на Лукашэнку і дасягнуць сваіх мэтаў і з Лукашэнкам.

Паколькі ніякіх сур'ёзных выбараў у 2025 годзе не будзе, то яны стануць простай фармальнасцю. Гэтым разам альтэрнатыўных кандыдатаў відавочна не будзе, а патэнцыйныя кандыдаты ад улады, якія будуць вылучацца ў якасці статыстаў (той жа жа Васкрасенскі ці Гайдукевіч) адкрыта кажуць, што «здраднікаў» больш не будзе. Хутчэй за ўсё, будзе вылучацца або Лукашэнка, альбо чалавек, якога ён вызначыць, плюс для колькасці знойдуць парачку спарынг-партнёраў. У атмасферы страху і рэпрэсій пераможа правільны кандыдат.

Важным чыннікам для транзіту ўлады з'яўляецца вайна. Калі ў 2025 годзе вайна будзе працягвацца, а адносіны з Захадам не тое што не палепшацца, а пагоршацца, я думаю, што безальтэрнатыўна будзе вылучацца Лукашэнка: ён проста пабаіцца рабіць рашучыя крокі. Калі вайна нейкім чынам будзе завершаная або замарожаная, і Лукашэнка па заканчэнні вайны захавае ўладу, тады сапраўды Лукашэнка можа пайсці на пасаду кіраўніка ВНС і паставіць на сваё месца чалавека, якому давярае больш за ўсё. 

Лукашэнка давярае ўсім прэтэндэнтам, якіх я называў, яны ўсе прадэманстравалі сваю адданасць, але, напэўна самы слабы, самы прыхільны і лаяльны да яго прэтэндэнт, у якога ёсць нават культ асобы Лукашэнкі, — гэта Качанава. Таму Качанава ў якасці пераемніка Лукашэнкі як самая слабая фігура, якая заўсёды будзе раіцца з ім і не здолее выступіць супраць яго, найбольш удалы варыянт для транзіту. Паколькі астатнія прэтэндэнты, асабліва сілавікі, апіраюцца на сілавы рэсурс і могуць аказацца пагрозай для Лукашэнкі.