Што ўвойдзе ў новы пакет санкцый супраць беларускага рэжыму?

Амбасадары краін ЕС узгаднілі новы пакет санкцый у дачыненні да беларускага рэжыму. У яго ўключаны ўзбраенне, прадукцыя падвойнага прызначэння, авіяцыйныя кампаненты, а таксама асобы, якія маюць дачыненне да пераследу Анджэя Пачобута.

berlin_sankcii_3_logo.jpg

Як распавёў РАР амбасадар Польшчы ў ЕС Анджэй Садось, у новых санкцыях не будзе паслабленняў для калійных угнаенняў.

«Упершыню за год удалося выйсці з тупіка з беларускімі санкцыямі. У рашэнні няма адступленняў для ўгнаенняў, што значыць, што яны працягваюць знаходзіцца пад санкцыямі ЕС. Мы ўвялі сектаральныя санкцыі, у тым ліку ў дачыненні да прадукцыі ваеннага прызначэння, узбраення, боепрыпасаў, вырабаў падвойнага прызначэння, авіяцыйных тэхналогій і прадуктаў. Пад санкцыі трапілі і ўсе датычныя да прысуду Анджэю Пачобуту», — распавёў Садось.

Як раней паведамлялі СМІ, новы пакет можа быць прыняты да 8 жніўня, гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 года.

Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен анансавала новыя санкцыі адносна Беларусі яшчэ 10 студзеня. Пасля той заявы доўгі час ніякіх навінаў пра новыя абмежаванні не было. Па інфармацыі СМІ, над тым, каб новыя санкцыі да беларускага рэжыму не ўводзіліся, працавала Украіна.

Пры гэтым апошні пакет санкцый адносна Беларусі ЕС прыняў у чэрвені 2022 года, то-бок больш за год таму, — нягледзячы на тое, што Лукашэнка працягвае дапамагаць Расіі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

«Фактычна гэты новы пакет санкцый у адносінах да Беларусі накіраваны на дзве сферы: кампаненты полю бою і кампаненты авіяцыі. І ў ім няма нічога пра выключэнні датычна ўгнаенняў. У пэўным сэнсе гэта перамога Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы, якія шэсць месяцаў змагаліся за тое, каб не дазволіць экспарт калію», — напісаў з гэтай нагоды еўрапейскі рэдактар Радыё Свабода Рыкард Юзвяк у Твітары.

Глядзіце таксама