Асобная думка. Камунізм і кароўнікі
На пачатку тыдня навінавыя стужкі паведамілі, што чалавек, які лічыць сабе генеральным пракурорам, дакладаў чалавеку, які лічыць сябе прэзідэнтам, аб стане законнасці ў войсках і «сілавых» структурах. Зайшоў з дакладам аб выкананні законнасці ў сілавікоў, а выйшаў з законнасцю ў аграрным сектары.
Жыццё ў Беларусі ўсё больш нагадвае стары анекдот пра сход у калгасе ў савецкі час.
«На парадку дня два пытанні: першае — будаванне кароўніка. Другое — будаванне камунізму.
Дошак няма, цвікоў няма, грошай таксама няма. Пераходзім да другога пытання!»
Чым толькі не займаюцца людзі, якія лічаць сабе кіраўнікамі, але ўвесь час атрымліваецца толькі перайсці да больш глабальных пытанняў. Але дошак і грошай ад гэтага больш не становіцца. Толькі малаткі працуюць досыць шчыльна і ўпарта.
Відавочна, што ў сілавікоў усё выдатна! Нават тое, што літаральна ў той жа дзень з’явіўся відэазапіс чарговага затрымання чалавека «сілавікамі», падчас якога яму ў майткі засунулі... Цацкі для дарослых, скажам так. Напэўна, гэта лепшая ілюстрацыя стану законнасці ў праваахоўных структурах. Лепей пра генацыд яшчэ раз распавесці, пра суды над памерлымі. Памерлыя не жывыя — яны ўсё вытрываюць. Людзі ў турмах паміраюць? Ну бывае, што ж... Сеў, памёр. Якія тут пытанні? Нам жа ваенныя пракуроры больш патрэбны, хаця невядома навошта. Тут і ад звычайных пракурораў і пракуратур толку няма, а яшчэ і ад ваенных не будзе. Так што ў выніку істотна нічога не зменіцца, акрамя новых пасад. Нічога, вось меліяратары перастануць грошы красці — так і на новыя пагоны старым асобам хопіць. А яшчэ генпракуратура кіно здымаць будзе...
Не, не пра «Вагнер», а пра «літоўскіх нацыстаў». Бо «Вагнер» тут побач ужо, і можа камеру папсаваць, нездарма на ўсіх фота яны ў масках і акулярах. А «літоўскія нацысты» не могуць, бо альбо далей за «Вагнер», альбо памерлі — таму і шкоды ад іх тут ніякай не будзе. Дарэчы, чаму б той жа генпракуратуры не звярнуць увагу на законнасць знаходжання ў Беларусі ўзброенай групоўкі, прызнанай АБСЕ тэрарыстычнай арганізацыяй?
У 1935 годзе кумір людзей, якія, на жаль, сёння маюць непасрэднае дачыненне да ўлады ў Беларусі, сказаў: «Жить стало лучше, товарищи. Жить стало веселее!» Менавіта так грамадзяне СССР павінны былі ўспрымаць тагачасную рэчаіснасць. Бо таварыш Сталін памыляцца не мог, а вось усе астатнія — колькі заўгодна. А праца над памылкамі рабілася ў шматлікіх турэмных камерах, лагерах ці ўвогуле ў сутарэннях НКУС і ў лесе над ямай.
Прайшло амаль 90 гадоў, і зноўку паўсюль замаячылі тэрарысты, экстрэмісты ды шпіёны. Тады за некалькі каласкоў можна было атрымаць шмат гадоў лагераў, а зараз за няправільна пастаўленую падабайку — дубінай да сіняга азадка і некалькі год турмы ці «хіміі». Дастаткова цікава пра гэта выказаўся «ўцяміўшы апазіцыянер» Юрый Васкрасенскі: «Нет желания всех посадить — есть желание разобраться... Особенно с учетом того, что творится в мире. Понимаете, когда идет речь о сотнях и тысячах убитых и раненых в СВО, говорить о том, что кого-то избили дубинкой, это смешно». Ні больш, ні менш! Смешна ім і не болей за тое. Гэта кшталту старой савецкай прымаўкі: «У Зімбабвэ дзеці галадуюць, а ты тут хлеб ясі!».
Не дзіва, што на паперы справаздач у нашай краіне ўсё настолькі добра, што вялікі кіраўнік Наталля Качанава вельмі ўзрушылася асартыментам сялянскай крамы, дзе не знайшла нешта там з малочнай прадукцыі. Усяго ж шмат! Усім хапае і яшчэ застаецца. І дошак, і цвікоў, і грошай! Мы ж другое пытанне ўжо даўно разглядаем... Але ж звычайныя людзі добра бачаць і разумеюць, што гэтыя бравыя справаздачы нявартыя нават той паперы, на якой надрукаваны.
Дарэчы, прыгадваецца яшчэ адна прымаўка: «Шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз ягоны страўнік». Па-першае, справа ў тым, што сэрцам гэты шлях не абмяжоўваецца — адтуль ідзе прамая шаша ў мозг, які хутчэй за страўнік вылічыць вінаватага і вызначыць, што з гэтым рабіць. Па другое, паверце, галодная жанчына таксама не падарунак, а ўжо калі ў яе галоднае дзіця, то вельмі не раю я аніводнай асобе ва ўладзе такой сустрэчы, бо там мозг спрацуе яшчэ больш хутка і непрадказальна. А вось раю я ўладам адкласці малаткі і пачаць шукаць грошы і дошкі з цвікамі. Камунізм пачакае.