«Вагнер» і Сувалкаўскі калідор: Беларусь як самастойны чыннік небяспекі ў Еўропе

Не паспелі «вагнераўцы» заехаць у Беларусь, як у кагосьці на іх з'явіліся вялікія планы. І гаворка ідзе не пра беларускага кіраўніка. Расія хутка забылася пра «мяцежнікаў» і «здраднікаў» і пачала разважаць, да якой бы справы прыплесці гэтую ПВК ужо на тэрыторыі Беларусі.

Фота glasove.com

Фота glasove.com

Кіраўнік камітэта Дзярждумы па абароне Андрэй Картаполаў, той самы, які раней абвінаваціў ПВК ні многа ні мала, а ў «дзяржздрадзе», цяпер заяўляе, што «Вагнер» уведзены ў Беларусь для магчымага наступнага захопу Сувалкаўскага калідора. «Зразумела, што байцы «Вагнера» сышлі ў Беларусь, каб там навучаць беларускія ўзброеныя сілы. Насамрэч жа не толькі. Не толькі і не столькі. Ёсць такі Сувалкаўскі калідор. (...) І вось гэты Сувалкаўскі калідор, у выпадку чаго, нам вельмі патрэбны. (...) Гаворка ідзе пра тое, што гатовы ўдарны кулак, які вось гэты няшчасны калідор возьме за лічаныя гадзіны», — заявіў ён.

Сувалкаўскім калідорам называюць участак тэрыторыі Польшчы і Літвы, размешчаны паміж Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расіі.

Прадстаўнікі Польшчы, Літвы і Украіны злёгку напружыліся. «Літоўскае войска бачыць паведамленні, аналізуе іх і ацэньвае, асобна іх не каментуе, бо крыніцы неправераныя. Звестак выведкі мы не раскрываем, — сказана ў каментары Узброеных сіл Літвы. — Цяпер працэсы, якія адбываюцца ў суседніх краінах, асаблівай пагрозы не ўяўляюць».

Кіраўніца МУС Літвы Агне Білатайце адзначыла, што цяпер для Літвы «прамых пагроз няма», але яна «вельмі ўважліва» сочыць за сітуацыяй на мяжы з Беларуссю — разам з выведвальнымі органамі і «іншымі нашымі ўстановамі — Міністэрствам абароны, арміяй».

Міністр нацыянальнай абароны Літвы Арвідас Анушаўскас заявіў, што прыезд «вагнераўцаў» у Беларусь «прынцыпова не мяняе сітуацыі з бяспекай у рэгіёне», але прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа мяркуе, што размяшчэнне ў Беларусі баевікоў мяняе сітуацыю з бяспекай Літвы.

Прадстаўнік міністра-каардынатара спецыяльных службаў Польшчы Станіслаў Жарын заявіў, што польскія адпаведныя службы таксама манітораць інфармацыю аб ПВК «Вагнер» у Беларусі. «Ёсць пацвярджэнне знаходжання групы «Вагнер» у Беларусі... Пры гэтым невядомая ступень іх заангажаванасці ў гэтай краіне. Ведаем адно: расійцы будуць выкарыстоўваць групу «Вагнера» так, як яны гэта робяць па ўсім свеце: дэ-факта «вагнераўцы» выконваюць місіі для Крамля і ад імя Крамля», — сказаў ён.

Спікер Дзяржпамежслужбы Украіны Андрэй Дземчанка адзначыў, што «вагнераўцы», якія прыбылі ў Беларусь, не ўяўляюць пагрозы. Паводле яго, колькасць «вагнераўцаў» у РБ недастатковая для таго, каб стварыць нейкую ўдарную групоўку. «Аднак, вядома, Беларусь можа іх задзейнічаць і для дэстабілізацыі сітуацыі на мяжы з Украінай або з іншымі краінамі, з якімі мяжуе», — адзначыў ён.

Малюнак з ru.krymr.com

Малюнак з ru.krymr.com

З донара бяспекі — у донары небяспекі

Як бачым, прыбыццём «вагнераўцаў» у Беларусь суседзі заклапочаны, але пакуль не да небяспечнай ступені. Але і скідаць гэты фактар з уліку не маюць намеру. Аднак важна не тое, у якой колькасці, калі і куды прыбылі «вагнераўцы». Важны сам факт іх прыбыцця.

А іх прыбыццё паказвае, як усяго за пару-тройку гадоў Беларусь эвалюцыяніравала (ці, дакладней, дээвалюцыяніравала) з «донара рэгіянальнай стабільнасці» да такога ж донара, але з супрацьлеглым знакам — донара рэгіянальнай нестабільнасці. Прычым пра гэтую эвалюцыю шматкроць папярэджвалі Еўропу прадстаўнікі дэмакратычных сіл, беларускія незалежныя СМІ, хто заўгодна. Але Еўропа працягвала і працягвае ігнараваць Сінявокую як фактар дэстабілізацыі.

Падавалася б, пачатак 2020-га краіна сустрэла яшчэ ў ролі «міратворца». У Мінску праходзілі перамовы паміж Расіяй і Украінай па Данбасе, і нават намаляваўся нейкі прарыў у нармалізацыі адносін з Захадам — у Сінявокую прылятаў цэлы Дзяржсакратар ЗШАМайкл Пампеа. У траўні таго года, пасля 12 год адсутнасці, у Беларусь была прызначана амбасадарка ЗША Джулі Фішэр.

Але 2020 год перакрэсліў усё. І Лукашэнка, які перад выбарамі прасіў «даць захаваць краіну» і «не дапусціць вайны», пачаў займацца цалкам адваротным, ператварыўшы краіну ў пагрозу.

Яшчэ ў 2021 годзе, пасля пасадкі рэйса «Ryanair» у Мінску з Раманам Пратасевічам на борце, беларускія дэмакраты казалі, што факт паветранага пірацтва — гэта менавіта пагроза еўрапейскай бяспецы і стабільнасці. Але ў высокіх кабінетах Еўропы паставіліся да гэтага як да адзінкавага факта.

Потым, увосень 2021-га, выбухнуў «мігранцкі крызіс», справакаваны беларускімі (і, па некаторых звестках, расійскімі) уладамі. Але Еўропа ўсё роўна пераклала гэты момант на плечы Латвіі, Літвы і Польшчы.

Справіліся з ім. Але ў 2022 годзе Беларусь прадставіла сваю тэрыторыю для агрэсіі Расіі ва Украіну. І дагэтуль спрачаюцца: безумоўна, беларускія ўлады — саўдзельнік вайны, але ж ці былі яны самастойнымі ў гэтым рашэнні? Якая іх ступень заангажаванасці і, адпаведна, віны?

У пачатку 2023-га Пуцін абвясціў пра размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі. З боку Захаду пачулася шмат розных «сур’ёзных заклапочанасцей», але адказу на гэты крок, акрамя «вербальных інтэрвенцый», проста не было. Нават санкцыі не ўводзіліся.

І вось цяпер у Сінявокай атабарылася ПВК «Вагнер», якую шмат хто вызнае за тэрарыстычную арганізацыю і якая стварае даволі сур’ёзную напружанасць для суседзяў Беларусі адной сваёй прысутнасцю.

Дэградацыя Беларусі са стабільнага аўтарытарызму да агрэсіўнага таталітарызму адбылася менш чым за тры гады. І гэты працэс па-ранейшаму неяк не заўважаюць на Захадзе.

Глядзіце таксама

Беларусь — праблема самастойная

Часткова Захад можна зразумець. У іх галоўная праблема, на фоне якой блякнуць усе астатнія (той жа «мігранцкі крызіс» працягваецца: ці не штодзень на межах Беларусі і ЕС спыняюць па сто мігрантаў) — гэта вайна ва Украіне. І там лічаць, што перамога Украіны вырашыць праблему Расіі і аўтаматычна — праблему Беларусі. Часткова гэта, можа быць, і так. Але часткова.

Таму што рэжым Лукашэнкі цяпер атрымлівае такія «бонусы», што ён ператвараецца ў самастойную праблему, якая з вырашэннем «расійскага пытання» можа і не знікнуць.

Так, наўрад ці Лукашэнка здолее кіраваць расійскай ядзернай зброяй у Беларусі, і яму наўрад ці ўдасца запусціць ядзерныя ракеты куды-небудзь без расійскага «ядзернага чамаданчыка». Але калі з «праблемай Расіі» разбяруцца радыкальна, то ніхто не перашкодзіць беларускаму аўтакрату «аджаць» ядзерныя боегалоўкі і зрабіць з іх, напрыклад, «брудную бомбу».

Дагэтуль незразумела (прынамсі, мне), каму падначальваецца «Вагнер» у Беларусі? Лукашэнку персанальна? Наўрад ці. Уладзіміру Пуціну? Дакладна не, асабліва пасля «маршу справядлівасці» на Маскву. Яўгену Прыгожыну? А ён падначальваецца каму? Нікому?

Што будзе рабіць Лукашэнка, калі «вагнераўцы» сапраўды рушаць на Сувалкаўскі калідор? Зноў будзе крычаць «Мы ў агрэсіі не ўдзельнічаем»?

Беларусь ператвараецца ў самастойную праблему для рэгіянальнай бяспекі ў Еўропе. У той час як на Захадзе яе па-ранейшаму бачаць часткай «расійскай» праблемы, не падзяляючы Расію і Беларусь. Хаця насамрэч падзяляць трэба.

Прыбыццё ў Беларусь нікому непадкантрольных «вагнераўцаў» паказвае, што Беларусь — гэта праблема для еўрапейскай бяспекі, не «падрасійская», а свая, суверэнная. І з рашэннем расійскага пытання аўтаматычна можа і не рассмактацца, як на тое шмат хто разлічвае.

Глядзіце таксама

Дагары нагамі

Усё гэта становіцца добра зразумела, калі павярнуць праблему дагары нагамі і ўсвядоміць, што беларуская праблема — не частка расійскай, а наадварот расійская праблема — частка беларускай праблемы. Беларусь (так ужо сталася) — гэта своеасаблівы расійскі «балкон» у Еўропу. З яе тэрыторыі можна пагражаць краінам ЕС: зверху — Латвіі, Літве, Эстоніі, Польшчы — па цэнтры і Украіне — знізу. Варта вырашыць беларускую праблему — і ў Расіі не застанецца магутнага плацдарма для пагроз Еўропе.

Ёсць у гэтым нешта непрыгожае, калі Беларусь будуць разглядаць як «буфер» паміж ЕС і Расіяй, але буфер — гэта ў тым ліку і месца счэпкі. Цяпер і Польшчу можна разглядаць як «буфер» паміж краінамі былога СССР і «старой Еўропай», і нічога, палякі, падаецца, з гэтай нагоды не парацца.

Калі Еўропа пакрысе пачне разумець, што беларуская праблема — праблема самастойная, што яе вырашэнне пазбавіць Расію таго самага «балкона», а ў выніку бяспекі ў Еўропе значна пабольшае, тады, можа, у яе і з’явіцца ўцямны план і стратэгія ў адносінах да Беларусі. А калі ўжо «Вагнер» гэтага разумення не дадасць — дык сапраўды, застанецца толькі чакаць атакі на Сувалкаўскі калідор.

Днямі ВВС апрылюдніла рассакрэчаныя дакументы брытанскага дзяржаўнага архіва. З іх свет дазнаўся, што больш за 20 гадоў таму, у 1998 годзе, тагачасны прэзідэнт Украіны Леанід Кучма прасіў прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Тоні Блэра падтрымаць мару Украіны аб уступленні ў ЕС. Аднак у той момант верх узялі прыхільнікі менш цесных стасункаў Кіева з Еўрасаюзам, якія дзеля сяброўства з Пуціным вырашылі пакінуць Украіну ў «сферы ўплыву» Расіі.

Чым гэтая стратэгія «ўлагоджання Расіі» абярнулася цяпер — усе мы бачым.

Ігнараванне «беларускай праблемы» як самастойнай, разгляданне яе толькі ў кантэксце «расійскага пытання» можа прывесці да новых праблем у еўрапейскай бяспецы. І ўжо не ў мяккіх формах «міграцыйнага крызісу», а ў цалкам сабе вайсковых. Бо рэжым у Беларусі працягвае сваю дээвалюцыю ўсё больш хуткімі тэмпамі.