Генсак Беларускага Чырвонага Крыжа не супакойваецца: цяпер пагражае Захаду ядзернай зброяй
Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў, які нядаўна патрапіў у скандал з выкарыстаннем Z-сімволікі падчас паездкі на акупаваны Расіяй Данбас, не толькі не імкнецца неяк апраўдацца, але наадварот — працягвае дазваляць скандальныя для кіраўніка такой арганізацыі выказванні. Ва ўчарашнім выступленні ў эфіры «АНТ» ён паразважаў пра магчымасці выкарыстання ядзернай зброі, і зусім не з гуманітарных пазіцый.

Скрыншот відэа АНТ
«Вядома, палітыка, якая была ў Савецкім Саюзе, выклікала шмат спрэчак, шмат
пагалосак, — перадае словы Шаўцова «Наша Ніва». — Але ўчынак Мікіты Хрушчова, які раптоўна прывёз на Кубу ядзерную
зброю, паставіў, па-першае, безумоўна, на мяжу ядзернай вайны ўсё чалавецтва.
Выразна паказаў усім сваё месца. І выразна паказаў, што Савецкі Саюз проста так у бірулькі, прабачце, не гуляе. Калі трэба — будзе ўжыта тактычная ядзерная зброя. І тады, прабачце, некаторыя людзі з аднаго кантынента селі на сваю попу і зразумелі, што далей ужо сапраўды нельга.
Тут мы больш уключаем палітычныя спрэчкі, мы шукаем сляды Амерыкі, Англіі, Еўропы ў тым, што адбываецца. Хоць што яшчэ шукаць? Напэўна, нават калі напішуць пісьмова «так, гэта мы», усё роўна расійскія спецыялісты будуць правяраць. Для чаго гэта трэба?
Я ні да чаго не заклікаю. Я досыць прамалінейны чалавек, часам пакутую ад гэтага. Але рэчы трэба называць сваімі імёнамі. Можа быць, усё ж такі варта людзям намякнуць, што мы не проста вам гаворым і папярэджваем, а мы гэта канкрэтна можам зрабіць».
Раней пазітыўна пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі са словамі, што, маўляў, «гэтая зброя прымусіць паважаць нашы інтарэсы», выказвалася старшыня гомельскай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ганна Смаляк.
Глядзіце таксама

Нагадаем, нядаўна
Дзмітрый Шаўцоў падчас паездкі на акупаваную тэрыторыю Данецкай вобласці
заявіў прапагандыстам, што беларускі Чырвоны Крыж працягне «прымаць актыўны
ўдзел» у вывазе дзяцей з Украіны. На Беларускім дзяржаўным тэлебачанні нават
быў выпушчаны рэпартаж з некалькіх гарадоў Данбаса на тэму вывазу дзяцей у
Беларусь. У сюжэце выступіў Дзмітрый Шаўцоў у майцы і кепцы з лагатыпамі
Чырвонага Крыжа, заявіўшы, што «Беларускі Чырвоны Крыж прымаў у гэтым і
прымае, і будзе прымаць актыўны ўдзел».
У рэпартажы канала «Беларусь 1» з заявай Шаўцова таксама гучалі абвінавачанні ў адрас Украіны ў тым, што яна «бамбіць Данбас». Карэспандэнтка задавала пытанні ўкраінскім дзецям, якія былі вывезены з акупаваных Расіяй тэрыторый. Адзін хлопчык прызнаўся, што хоча ў будучыні стаць вайскоўцам і абараняць «Радзіму» — прычым мелася на ўвазе Расія. Пра такую ж мару распавёў і яго аднагодак з Марыупаля, які таксама пабываў у Беларусі.
Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заклікаў
Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Шаўцова.
Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і
Чырвонага Паўмесяца (МФКК) выступіла з афіцыйнай заявай у сувязі з выказваннямі
і дзеяннямі кіраўніка Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) Дзмітрыя
Шаўцова падчас паездкі ў Данецк і Луганск.
Арганізацыя заявіла, што не давала згоды на
выкарыстанне свайго імя і сваіх сімвалаў падчас акцыі кіраўніка Беларускага
таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) Дзмітрыя Шаўцова на тэрыторыі ваеннага
канфлікту.