Міжнародны Чырвоны Крыж «сур'ёзна занепакоены» дзеяннямі беларускага кіраўніка арганізацыі Дзмітрыя Шаўцова
Міжнародны Чырвоны Крыж адмежаваўся ад беларускага кіраўніка Дзмітрыя Шаўцова, які прызнаў, што дэпартуе дзяцей з Украіны — на аздараўленне
![dzmitryj_szaucou.jpg dzmitryj_szaucou.jpg](/img/v1/images/dzmitryj_szaucou.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФКК) выступіла з афіцыйнай заявай у сувязі з выказваннямі і дзеяннямі кіраўніка Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) Дзмітрыя Шаўцова падчас паездкі ў Данецк і Луганск.
Арганізацыя заявіла, што не давала згоды на выкарыстанне свайго імя і сваіх сімвалаў падчас акцыі кіраўніка Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) Дзмітрыя Шаўцова на тэрыторыі ваеннага канфлікту.
«Надзвычайныя абставіны гэтага візіту, у тым ліку выкарыстанне сімвала, звязанага з адным з бакоў міжнароднага ўзброенага канфлікту ва Украіне, закранаюць асноўныя прынцыпы міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Візіт і звязаныя з ім мерапрыемствы не былі ўзгодненыя з іншымі чалцамі руху, як таго патрабуюць нашы ўнутраныя правілы і палажэнні», – гаворыцца ў заяве.
Федэрацыя МФКК заявіла, што сур'ёзна ўспрымае дзеянні любога з нацыянальных таварыстваў Чырвонага Крыжа, якія супярэчаць гуманітарнай місіі, прынцыпам і палітыцы Чырвонага Крыжа, таму перадала справу ў Камітэт па захаванні і пасярэдніцтве – незалежны орган, які расследуе парушэнні добрасумленнасці.
Міжнародная арганізацыя паведаміла, што звязалася з беларускім Чырвоным Крыжам, каб выказаць «сур'ёзную занепакоенасць і спыніць любую падобную дзейнасць у будучыні».
У паведамленні падкрэсліваецца, што ўсе нацыянальныя таварыствы Чырвонага Крыжа абавязваюцца выконваць агульныя ўнутраныя правілы і палітыку.
Нагадаем, паней Дзмітрый Шаўцоў падчас паездкі на акупаваную тэрыторыю Данецкай вобласці заявіў прапагандыстам, што беларускі Чырвоны Крыж працягне “прымаць актыўны ўдзел» у вывазе дзяцей з Украіны. На Беларускім дзяржаўным тэлебачанні нават быў выпушчаны рэпартаж з некалькіх гарадоў Данбаса на тэму вывазу дзяцей у Беларусь. У сюжэце выступіў Дзмітрый Шаўцоў у майцы і кепцы з лагатыпамі Чырвонага Крыжа, заявіўшы, што «беларускі Чырвоны Крыж прымаў у гэтым — і прымае, і будзе прымаць — актыўны ўдзел».
У рэпартажы канала "Беларусь 1", у якім прагучала заява Шаўцова, таксама гучалі абвінавачванні на адрас Украіны ў тым, што яна "бамбіць Данбас". Карэспандэнтка задавала пытанні ўкраінскім дзецям, якія былі вывезеныя з акупаваных Расіяй тэрыторый. Адзін хлопчык прызнаўся, што хоча ў будучыні стаць вайскоўцам і абараняць "Радзіму" – прычым мелася на ўвазе Расія. Пра такую ж мару распавёў і яго аднагодак з Марыупаля, які таксама пабываў у Беларусі.
Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Шаўцова.
I call on the International Criminal Court to issue an arrest warrant for Dzmitry Shautsou, who has publicly confessed to the crime of unlawful deportation of children from occupied areas of Ukraine. All those responsible for stealing Ukrainian children must be held to account. https://t.co/kvHcIbS6mE
— Dmytro Kuleba (@DmytroKuleba) July 19, 2023
Паводле thinktanks.by, www.currenttime.tv