Сведкі стабільнасці — як маленькі сабачка, што брэша з-за плота
Нашто беларускія генералы задзіраюць спрэс усіх суседзяў? Вось учора адправілі чужых наймітаў трэніравацца да польскай мяжы, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
![cihi_pratest____fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__hroniki_cihaha_supacivu__11__logo_logo.jpg cihi_pratest____fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__hroniki_cihaha_supacivu__11__logo_logo.jpg](/img/v1/images/cihi_pratest____fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__hroniki_cihaha_supacivu__11__logo_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Неяк зашмат у нас у краіне з'явілася ахвочых памахаць віртуальнай ядзернай бомбай. І добра яшчэ б, каб гэта была свая віртуальная бомба. Дык жа не! Гэта чужая віртуальная бомба. І вось учора гэтай чужой віртуальнай ядзернай бомбай прыгразіў ворагам лекар, гуманіст і кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Шаўцоў. Як быццам у краіне без Чырвонага Крыжа няма каму больш прыстрашыць.
Хоць у кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа ёсць паважлівыя абставіны. Па зусім неспасціжнай прычыне навакольны свет неяк не ацаніў шчырасць яго пачуццяў да чужых дзяцей. Стаў падазраваць ўсякае нядобрае. Вінаваціць у дэпартацыі і абзывацца дрэннымі словамі. А міністр замежных спраў Украіны дык увогуле прыгразіў крыміналкай. Вядома, Шаўцоў пакрыўдзіўся і ўспомніў, што ён цяпер таксама стаў вялікай ядзернай дзяржавай. Прынамсі ў прасторы ўяўлення беларускага тэлевізара.
Таму што беларускія сведкі стабільнасці даўно ўжо пакутуюць сіндромам хранічнага атручвання ўласным тэлевізарам. Хоць, пра што гэта я? Правільна сказаць — не пакутуюць, а атрымліваюць ад гэтага асалоду.
Задача беларускага тэлевізара палягала ў тым, каб пераканаць навакольных у геапалітычнай велічы беларускіх уладаў. Але навакольныя беларускі тэлевізар не глядзяць. Таму што бездухоўнасць і інфармацыйны фашызм. Калі б глядзелі, так даўно б ужо ўсё пераканаліся. Але яны не глядзяць. Таму пераканаць іх не атрымалася.
Затое, атрымалася пераканаць саміх сябе. І пра вялікую ядзерную дзяржаву, і пра амаль ужо другую армію свету. Бо беларускія генералы, у глыбіні сваёй генеральскай душы, даўно ўжо лічаць сябе другой арміяй свету. Беларускім генералам пра гэта распавёў беларускі тэлевізар. Тэлевізар жа хлусіць не будзе. Правільна?
Глядзіце таксама
![Аляксандр Лукашэнка трапіць у Гаагу? «Лукашэнка можа апынуцца ў Гаазе раней за Пуціна»](/img/v1/images/1604923062.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Таму беларускія генералы задзіраюць спрэс усіх суседзяў. Вось учора адправілі чужых наймітаў трэніравацца да польскай мяжы. Як той маленькі сабачка, які брэша з-за плота. Таму што, па-першае, маленькі сабачка, што гаўкае за плотам, у глыбіні сваёй сабачай душы — не маленькі собачка, а велізарны ваўкадаў. А па-другое... Ну з-за плота ён жа не выходзіць. Ён жа не зусім дурны.
Але ўсё ж такі завышаныя ўяўленні пра сваю веліч, вядома, моцна скажаюць рэальнасць. І калі сведкі стабільнасці махаюць чужой віртуальнай ядзернай бомбай або манеўруюць чужымі наймітамі па кустах каля польскай мяжы, яны ж насамрэч думаюць зрабіць уражанне. Яны ж думаюць, што свет жахнецца. Раней неяк не жахаўся, але цяпер жахнецца абавязкова. Таму што ў прасторы беларускага тэлевізара веліч ужо зашкальвае.
Глядзіце таксама
![Колькі ўсё ж расійскіх наймітаў збіраецца прыехаць у Беларусь? У Беларусь прыедуць і выпушчаныя з турмаў РФ злачынцы-вагнераўцы? Да нас прыедзе да 10 тысяч наймітаў!](/img/v1/images/img_20210626_114913_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
P.S. А пра сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы, яны, вядома, не думаюць.