Прывід Гаагі. Чаму Лукашэнка баіцца ордэра МУС

Што не зрабілі інструменталізаваны садызм пасля выбараў 2020-га, прымусовая пасадка самалёта з Пратасевічам і ўдзел у злачыннай вайне на баку Расіі — тое могуць зрабіць украінскія дзеці. Праз іх вываз з акупаваных тэрыторый Лукашэнка рызыкуе атрымаць ордэр Міжнароднага крымінальнага суду (МУС) у Гаазе. Што такая перспектыва вельмі турбуе беларускага дыктатара, паказваюць паводзіны яго халуёў.

Ілюстрацыйная выява, bel-news.by

Ілюстрацыйная выява, bel-news.by

У сакавіку МУС пастанавіў арыштаваць расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Пасля нападу на Украіну больш-менш усім відавочна, што ён — міжнародны злачынца, але Гаага — гэта не пра фактычнае, а пра юрыдычнае. Прававая ацэнка вайне яшчэ будзе дадзеная, цяпер жа і зараз у Гаазе скарысталі вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.

Паводле міжнароднага права, гэта з’яўляецца цяжкім злачынствам, таму адпаведнае рашэнне не прымусіла сябе доўга чакаць. А ордэр, акрамя Пуціна, атрымала таксама ўпаўнаважаная па правах дзіцяці РФ Марыя Львова-Бялова.

Паглядзеўшы на гэта, дэмакратычныя сілы скемілі: паколькі Лукашэнка таксама вывозіць дзяцей з Украіны, то і на яго можна сабраць доказную базу для Гаагі. Каманда Паўла Латушкі гэта зрабіла, і першы пакет дакументаў ужо перададзены ў МУС. І, як у выпадку з Расіяй, дыктатар там не адзін у ролі фігуранта. Разам з Лукашэнкам у злачынствах абвінавачваюцца праўладны паралімпіец Аляксей Талай, кіраўнік «Беларуськалія» Іван Галаваты, дзяржсакратар «Саюзнай дзяржавы» Дзмітрый Мязенцаў і дырэктарка данецкай грамадскай арганізацыі «Дэльфіны» Вольга Волкава.


Глядзіце таксама

Разынкай у пераліку доказаў дэпартацыі і перавыхаванні маленькіх украінцаў стала віруснае відэа, апублікаванае брытанскай The Telegraph, на якім адыёзныя сёстры Груздзевы, выступаючы перад прывезенымі дзецьмі, заяўляюць: «Каб Байдэн здох <…>. Зяленскі таксама. А Пуцін квітнеў і ўзяў пад свой кантроль усю Украіну».

Пасля першага пакету дакументаў Латушка абяцае другі, і ён таксама не будзе апошнім. Бачна, што былы дыпламат і юрыст паводле адукацыі з імпэтам узяўся за гэтую справу, наладзіў кантакты з украінскім бокам і з дапамогай еўрапейскіх палітыкаў зацята збліжае Лукашэнку з МУС.

Ці атрымаецца з ордэрам? Эксперты даюць розныя ацэнкі, але сыходзяцца на думцы, што шанцы ёсць. У любым выпадку рашэнне наконт адпаведнасці дзеянняў беларускага рэжыму Рымскаму статуту будзе прымаць галоўны пракурор МУС брытанец Карым Хан.

Хану — ханава, а мы сёння проста звернем увагу на тое, як падгарэла ў лукашэнкаўскай чэлядзі ад гэтай Гаагі. Ад санкцый так не падгарала і ад абвінавачанняў ва ўдзеле ў вайне — а тут заскавыталі нібыта па камандзе.

Скуголяць пакуль у асноўным саўдзельнікі альбо набліжаныя да першай асобы фрыкі. Той жа Талай, генсак Беларускага чырвонага Крыжа «рускамірац» Шаўцоў. Кіраўнік кішэннай ЛДПБ Гайдукевіч пафасна прызначыў узнагароджанне за злоў і прывоз у Беларусь Латушкі. Але далей за ўсіх пайшла яшчэ адна кішэнная партыя — «Белая Русь».

Рэагуючы на заклік Еўрапарламента, які заклікаў МУС выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі, гэтыя пацешныя партыйцы выпусцілі заяву такой гамерычнай сілы, што сумневаў амаль не засталося: тэкст пісаў адзін з «беларуснікаў» па прозвішчы Азаронак.

У заяве цудоўна ўсё: Еўрапарламент названы «злачыннай арганізацыяй», Лукашэнка названы «праведнікам», якога пераследуюць «ірады дзетазабойцы і фарысеі», гаворыцца, што «еўрабюракраты» самі крадуць дзяцей і здаюць іх педафілам, сатаністам, альбо адразу «на органы», што вайну ва Украіне развязалі Еўропа, Вялікабрытанія і ЗША… Ну і гэтак далей, нібыта ў эфіры прапагандысцкага ТБ.

Сам Лукашэнка пра сваю імаверную гаагскую будучыню выказаўся неяк напрыканцы чэрвеня. І гучала гэта падобна да паказанняў «для пратакола».

«Ну, прыйшоў гэты хлопец, Лёша Талай. Ён ваюе, ён туды-сюды ездзіць, гэтых дзетак цягне, 10 разоў там звяртаўся. Я выйшаў на Пуціна, кажу: «Слухай, давай мы частку саюзнага бюджэту выдаткуем на гэтых дзетак». Ну вось так і пачалі прывозіць. Аздаравілі, яны з'ехалі. З'язджаць не хочуць! А мяне ў крымінальны суд! За што?»

 — сказаў «лепшы сябар» украінскіх дзяцей.

Дык чаго ж ён так пераймаецца? Санкцыі — тыя б хаця б’юць па кішэні і прымушаюць напружвацца. А тут — ордэр ды ордэр. Чым ён адрозніваецца аж звычайнай «заклапочанасці», улічваючы, што арышт паводле гэтага ордэра абсалютна не пагражае?

Адрозніваецца. І вось чым.

Па-першае, гэта стварае дыскамфорт. Лукашэнка гэта добра разумее, гледзячы на тое, як Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка намякае Пуціну не ехаць да яе на саміт БРІКС. Хіба не прыніжальна: учора ты збіраўся вызначаць будучыню чалавецтва, а сёння пад пагрозай арышту не едзеш у Кейптаўн.

Рымскі статут ратыфікавалі 124 дзяржавы, і не ўсе з іх дэмакратычныя. Сярод падпісантаў, напрыклад, Таджыкістан, Венесуэла, Афганістан. Дык што, у выпадку чаго, нават не завітаеш у госці да сябрука Эмамалі Рахмона?

Па-другое, гэта псуе імідж. Канечне, чалавечага іміджу ў Лукашэнкі даўно не засталося, але дадатковая пляма на мундзіры яму не патрэбная. Тым больш такая: «Адшукваецца вось гэты… 1954 года нараджэння… падазраваны ў злачынствах супраць чалавечнасці». Вісець на такой дошцы ганьбы — побач з афрыканскімі тыранамі, класава блізкім Кадафі ды «старэйшым братам» Пуціным… Ну, такая сабе перспектыва.

Па-трэцяе, гэта таксама будзе сігналам для лукашэнкаўскага атачэння. Так, яно там амаль усё па перыметры пад заходнімі санкцыямі, але высілкі некаторых (таго ж Гайдукевіча) пазбавіцца абмежаванняў праз суды ў Еўропе паказваюць: быць у чорных спісах вельмі непрыемна.

Калі вываз украінскіх дзяцей падвядзе Лукашэнку пад Гаагу, то ён такі, напэўна, будзе не адзін — і не толькі з Талаем ды Галаватым. Пры гэтым МУС — прынцыпова іншы інструмент прыцягнення да адказнасці за цяжкія злачынствы. А іх — супраць чалавечнасці — лукашэнкаўскі рэжым нарабіў столькі, што не на аднаго гаагскага пракурора працы хопіць. То калі каманда Латушкі рупліва працягне справу, калабок можа дакаціцца да многіх чыноўнікаў, суддзяў і сілавікоў. І вось ім хадзіць у статусе міжнародных злачынцаў не вельмі ўсміхаецца.

Ну і, бадай, галоўнае. З выдачай ордэра на арышт Лукашэнка пазбавіцца апошніх надзей аднойчы нанова ўсталяваць стасункі з Захадам. Як бы ён яго, «калектыўнага», ні «выкрываў», гэтая карта заўсёды ляжыць у яго кішэні. У зручны момант адляпіцца ад Крамля і з сумленнымі вачыма прыхіліцца да Еўропы — такі кульбіт беларускі дыктатар рабіў не адзін раз. Зараз будзе цяжка паўтарыць, амаль немагчыма, але невядома яшчэ, па якім сцэнары пойдуць падзеі ва Украіне. Можа, пашанцуе, і адчыніцца вакенца магчымасцяў…

Глядзіце таксама

Калі з Гаагі прыляціць ордэр — то ўжо дакладна не, ніякіх акенцаў. Хіба толькі закратаванае паводле прысуду. Людзі са спісаў МУС легітымнымі і рукапаціскальнымі не бываюць. Весці з імі сепаратныя перамовы ніхто з прыстойных палітыкаў не будзе. Дый не вельмі прыстойныя яшчэ сто разоў падумаюць, ці варта пэцкацца.

Выглядае, што менавіта гэтым Гаага і страшыць Лукашэнку. І таму яго халдзеі нямогла пырскаюць слінай у прапагандысцкіх эфірах, спрабуючы адначасова і «ратаваць» свайго пахана і выслужвацца перад ім.