Разумныя жанчыны, якія думаюць, цяпер у Беларусі не патрэбны
Калі беларуская ўлада так клапоціцца пра нараджэнне беларусаў, чаму ж тады так
настойліва «забіваецца» здароўе дзяўчат у калоніях і СІЗА? Качанава і Шпілеўская,
здавалася б, у курсе, што адбываецца з жаночым арганізмам, калі спіш на
халоднай падлозе...
Беларускія чыноўнікі ў цэлым любяць пагаварыць пра тое, што жанчыны павінны нараджаць як мага больш дзяцей, але ў апошні месяц пачалі рабіць гэта асабліва часта. У ліпені ўжо двойчы гучна выказваліся на тэму родаў: спачатку гэта зрабіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, затым — кіраўніца праўладнага Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская.
Такое насаджванне ідэй пра мацярынства абурыла пісьменніцу Ганну Златкоўскую — «Люстэрка» публікуе яе меркаванне на гэту тэму.
Кіраўніца Саюза жанчын Вольга Шпілеўская лічыць, што галоўная задача жанчыны ў Беларусі — ахоўваць хатні ачаг і нараджаць дзяцей. Качанава таксама агітуе, маўляў, галоўная (sic!) справа ў жыцці жанчыны — нараджаць дзяцей. Як шмат слова «галоўнае» для двух сказаў. Як часта паўтараецца «нараджаць». Інакш у чыноўніц вызначыць месца чалавека з XX-храмасомамі ў Беларусі не атрымліваецца — і гэта ў 2023 годзе!
Была асоба — стала інкубатар. Ідэальная самка, якой не трэба клапаціцца пра сваю адукацыю, здароўе, развіццё, якая не мае ніякіх інтарэсаў. Усё ўраўненне жыцця з адзіным рашэннем — даць краіне дзіцятка. Чым раней, тым лепш: відавочна, паказчыкі інкубатара ў 20 гадоў вышэйшыя, чым у 40. Жаданні і пачуцці чалавека-машыны не лічацца.
У чыноўніц, мяркуючы з іх выказванняў, няма іншых сэнсаў існавання для беларускіх жанчын, акрамя зададзенасці стаць дадаткам да мужчыны, які вылізвае хатні ачаг і аблізвае пана. І галоўнае (божа) — своечасова яму аддавацца, бо прамежкі паміж гэтымі абавязкамі дагодлівай захавальніцы павінны запоўніцца выхаваннем новых маленькіх грамадзян краіны. Ну мінімум — прыкрыццём тылоў у небяспечны для краіны час.
Небяспека тут відавочна не ў тысячах узброеных наймітаў з Расіі, не вайна ва Украіне і тыя ж дзеці, што гінуць там ад ракет. Усё прасцей: трэба не пусціць і не дапусціць у прасторы Беларусі каштоўнасці, якія апелююць да свабоды і правоў чалавека.
Напрошваецца пытанне: калі вы так клапоціцеся пра нараджэнне беларусаў, чаму ж тады так настойліва «забіваецца» здароўе дзяўчат у калоніях і СІЗА? Качанава і Шпілеўская, здавалася б, у курсе, што адбываецца з жаночым арганізмам, калі спіш на халоднай падлозе, калі ў душ ходзіш раз на тыдзень, калі адсутнічаюць прадметы гігіены і своечасова не лечыцца цыстыт. У гэтых дзяўчат аднойчы скончацца несправядлівыя тэрміны, і яны, магчыма, захочуць тую самую сям’ю з любімымі дзецьмі. Але праз умовы ўтрымання ў турмах ёсць імавернасць, што са здароўем узнікнуць праблемы.
Калі краіне неабходны самкі (прабачце, але атрымліваецца толькі такое вызначэнне, калі адзінай функцыяй робіцца нараджэнне дзяцей), чаму б пра іх не клапаціцца? Гэта, безумоўна, пытанні без адказаў, бо палітзняволеныя для чыноўніц — асацыяльныя грамадзянкі, якія насмеліліся выйсці за рамкі дапушчальнай свабоды і мыслення.
Разумныя жанчыны, якія думаюць, Беларусі не патрэбны. Хай сядзяць выкладчыцы і эксперткі, таленавітыя студэнткі і нават шматдзетныя маці: яны не адпавядаюць «высокаму званню» інкубатара, бо занадта шмат ведаюць і разумеюць.
Увесь гэты наратыў, запханы ў свядомасць мілым малюначкам дасканалай сям'і, дзе муж на працы, жонка — дома з фартухом на шыі, малым пад пахай, сіняе мірнае неба ў акне, цяпло з духоўкі ад пірагоў і катлет (ой, прабачце, катлеты могуць прывесці да прэзідэнцтва), здаецца прыгожым і ўтульным. Ну, а што? Спакон вякоў так было заведзена: жанчына нараджала, мужчына забяспечваў — прадвызначаны лёс без пачуццёвага надрыву.
Не трэба мучыцца, што не ведаеш замежных моў і не разбіраешся ў мастацтве, што не адрозніваеш Бадлера ад Рэмбо (не, не герой Сталонэ) і Купалу ад Коласа. Задаволеная прасценькім і немудрагелістым рытмам, калі дзень распісаны, як рэжыму ў дзіцячым садку, а права прымаць рашэнні за цябе ўзяла на сябе вялікая і магутная дзяржава ў асобе адзінага і непарушнага выхавальніка. Менавіта яму на алтар нясуць ружовашчокіх немаўлят, якія ў будучыні паўтораць роўна такі ж лёс: хлопчыкам налева, дзяўчынкам направа — радуйся, жыві. Толькі правіл не парушай. Ніякіх волевыяўленняў, імкнення да дэмакратыі, свабоды слова і наогул свабоды, дзе кожны беларус — асоба, а не як цяпер — лялька для вычварэнскіх гульняў сілавікоў, калі падчас затрымання табе ўставяць фалаімітатары ў ніжнюю бялізну.
Што ў гэтай найцудоўнейшай дзяржаве рабіць жанчынам, якія не могуць мець дзяцей? Ды і мужчынам: у зачацці, вядомая рэч, удзельнічаюць двое. Наташа [Качанава], адкажы: калі інкубатар зламаны, яго куды?
Усё гэта дробна і агідна — ператвараць жанчыну ў самку і салдатку, не больш чым функцыю. І нават пры такім раскладзе не ўлічваць такіх банальных рэчаў, як пачуццё бяспекі, фінансавая стабільнасць, медыцынскае якаснае абслугоўванне і захаванне мінімальных (гучыць як здзек, але ўсё ж) правоў чалавека, нават калі яму гадоў дзесяць.
Калі ў Беларусі лічыцца нормай абражаць вучняў і замахвацца на іх партай, калі ў паліклініцы мама праседжвае па тры гадзіны на прыём да доктара ў душным калідоры сярод такіх жа няшчасных пацыентаў, калі месца ў школах выгрызаецца стаяннем у чарзе, калі дактары аказваюцца ў калоніі (пачытайце хоць бы гісторыю Аляксея Аляксейчыка) або выціснуты з краіны, калі жанчыне толкам няма да каго звярнуцца, калі яе збівае муж да крывавых сінякоў. У міліцыю, вядома, тэлефанаваць варта, толькі калі сусед бэчэбэшнік.
І ўсё ж дазволю сабе нагадаць галоўнае (зноў гэтае слова): краіну робяць людзі. Гэта яны вызначаюць, як ім жыць, якіх прытрымлівацца каштоўнасцей, якой формулай вылічваецца шчасце і хто служыць грамадству, дзе прэзідэнт для народа, а не народ для прэзідэнта. Усё вельмі і вельмі проста. Быць рознымі, развіваць сябе, напаўняючы чытаннем кніг і вывучэннем мастацтваў або дакладнымі навукамі, быць мамай ці не быць мамай, аддаючы перавагу падарожжам або сваёй любімай працы. Не пакутаваць праз адсутнасць мужчыны, не быць замужам або быць — у каханні з тым, хто шануе ў жанчыне не опцыю маткі і яечнікаў, а нешта большае, з кім лёгка і добра.
Але такія людзі, вядома, паслухмяным статкам не будуць. А нашым чыноўнікам і дробнатрымальнікам улады, на жаль, патрэбны не людзі, а маўклівыя і падатлівыя арганізмы. Без пробліску свядомасці, без разумення, што жыццё — нешта большае, чым мацярынскае місіянерства і хатні ачаг з крэдытам на дваццаць гадоў.