Калі дэкларуюць правы чалавека, не заўсёды маюць на ўвазе правы жанчын

Марына Ментусава — феміністка, калумністка, заснавальніца прававых і адукацыйных ініцыятыў, вядоўца шоу «Жанчыны цяжкіх паводзін». Пагаварылі з ёй пра сучасны фемінізм і фемінітывы, чаму важная палавая асвета і пра сувязь хатняга гвалту з агрэсіўнымі паводзінамі дзяржавы ўвогуле.

img_2254_logo.jpg.webp

Што такое фемінізм і для чаго ён патрэбны?

«Фемінізм — гэта барацьба за правы для жанчын. Эканамічныя, сацыяльныя, палітычныя. Феміністкі — як правіла, жанчыны, якія змагаюцца за прадстаўленасць жанчын, за роўныя правы для жанчын. Я працую, напрыклад, у кансалтынгу, які забяспечвае гендарную роўнасць на працоўным месцы, роўныя магчымасці і для мужчын, і для жанчын», — кажа Марына Ментусава.

У фемінізме ёсць пастулаты гендарнай роўнасці, але яны працуюць толькі з пункту гледжання абароны і прасоўвання правоў жанчын, таму што жанчына — гэта прыгнятальная група, адзначае Марына.

«Мы ў вельмі цікавы час жывем, калі, напэўна, прыхільніц фемінізму больш, чым калі-небудзь было ў свеце за ўсю гісторыю жаночага руху, бо літаральна любая дзяўчынка, дзяўчына, жанчына ці любы мужчына можа напісаць у сябе ў Twitter «Я фемініст». І ніхто нічога не зможа прад'явіць, таму што фемінізм — гэта не партыя, у якую вы ўступалі, атрымліваючы членскі білет, распісваючыся крывёй ці чарнілам на тым, што вось я гэтыя ўсе пастулаты выконваю».

На сённяшні дзень гэта самы важны і самы складаны момант у сучасным фемінізме, таму што няма глабальнай адзінай палітыкі, пад якой падпішуцца ўсе феміністкі, падкрэслівае Марына.

«Гэта заўсёды пытанне таго, што найбольш цябе хвалюе. У нас ёсць трансфеміністкі, якія змагаюцца за правы трансперсон. У нас ёсць ліберальныя феміністкі, ёсць сацыяльныя, вельмі шмат плыняў усярэдзіне фемінізму, які працуе над выраўноўваннем менавіта пазіцыі жанчын у нейкай вобласці ці вызначанай катэгорыі жанчын. Таму вельмі складана казаць ад імя ўсяго фемінізму».

Адзінае, што сапраўды аб'ядноўвае феміністак — разуменне, што жанчыны цяпер — прыгнечаная група, якая дыскрымінуецца практычна ва ўсіх сферах, кажа Марына.

«Нас аб'ядноўвае адзінае — жаданне дасягнуць нейкай роўнасці для жанчын. У нас ва ўсіх рознае разуменне таго, у якіх сферах ёсць няроўнасць, яе прычын, ці якім шляхам мы павінны ісці, але мэта ва ўсіх адна і тая ж».

Правы жанчынаў — гэта правы чалавека, але не заўсёды наадварот

«Напрыклад, калі некаторыя людзі дэкларуюць правы чалавека, яны не заўсёды маюць на ўвазе пад гэтым правы жанчын. У дэмакратычнай супольнасці вельмі важна рабіць акцэнт на правах жанчын, таму што ёсць вялікая колькасць сацыялагічных даследаванняў, якія кажуць, што ў традыцыйным разуменні правы чалавека — гэта правы белага канвенцыйнага мужчыны. Бо мужчынамі напісаны канстытуцыі большасці краін, асноўныя канвенцыі, дакументы».

Калі мы гаворым пра роўнасць магчымасцяў, але не гаворым пра роўнасць вынікаў, значыць, што ёсць дзесьці нейкі баг, звяртае ўвагу Марына.

«Феміністкі, гендарныя даследчыцы спрабуюць зразумець, дзе гэты баг, намацваюць праблему, праводзяць даследаванні, прапануюць рашэнні. І яшчэ шукаюць рэсурсы, каб вырашыць самастойна праблему».

Фемінітывы важныя

«У мяне на гэты конт ёсць цудоўная гісторыя, як пару гадоў таму «Новая газета» выпусціла артыкул пра тое, што Нобелеўскую прэмію па хіміі атрымалі адразу тры навукоўцы. Не было ніякіх фатаграфій, і па збегу абставінаў, усе тры аказаліся жанчынамі. І гэтая фенаменальна, гэта павінна была быць супернавіна, бо проста нешта зусім новае, такога ніколі не было. Але атрымалася шараговая навіна пра тое, што тры навукоўцы атрымалі прэмію».

Фемінітывы патрэбныя для рэпрэзентацыі.

«Мы не заўсёды разумеем, наколькі моцна мова на нас уплывае, але калі паглядзець даследаванні на стыку лінгвістыкі і антрапалогіі, зразумела, што яна ўплывае неверагодна! Тое, як мы кажам, як мы называем рэчы, падзеі, імёны, вуліцы — гэта ўсё на нас уплывае. Напрыклад, фемінітывы канкрэтна патрэбныя для рэпрэзентацыі жанчын у прафесіі. У нас жа ёсць калгасніца і даярка, але няма ні дырэктаркі, ні прэзідэнткі. Чаму так адбываецца? Не таму, што мы ламаем мову, а таму, што гэта было ненатуральна для жанчын займаць такія прафесіі сто гадоў таму, ніхто нават не мог падумаць пра гэта».

Мова — гнуткая структура, якая павінна эвалюцыянаваць. Калі мова не эвалюцыянуе, яна памірае, лічыць Марына.

«У многіх мовах ёсць фемінітывы, таму і яны паступова з'яўляюцца з вялікай колькасцю жанчын у прафесіях. Для мяне таксама некалі выкарыстанне фемінітываў было праблемай. Я ўжо гадоў дзесяць таму называла сябе феміністкай, але не магла назваць сябе аўтаркай. Зараз вялікая колькасць жанчын рэпрэзентуе сябе як аўтаркі, у нас ёсць прэзідэнтка. Хто дзесяць гадоў таму мог падумаць пра тое, што, па-першае, можа быць жанчына-прэзідэнтка, а па-другое, што яна можа так называцца?»

Марына лічыць, што не трэба перашкаджаць мове, а трэба спрабаваць розныя формы фемінітываў, і адна з формаў прыжывецца, калі будзе дастаткова рэпрэзентацыі.

«Але без гэтай рэпрэзентацыі, то-бок, не павялічваючы колькасць ролевых мадэляў для дзяўчынак, не паказваючы, што гэтая прафесія магчымая, мы і не зменім мову і не зменім грамадства. Важна разумець, што мы проста звёны ў вялікім-вялікім ланцужку, мы не існуем у вакууме, мы на нешта ўплываем увесь час. Чаму я згадала пра вуліцы? У Беларусі менш за адзін адсотак вуліц названы ў гонар жанчын, менш за адзін адсотак!»

Глядзіце таксама

Таксама ў Беларусі няма рэпрэзентаваных жанчын-навукоўцаў, кажа Марына.

«Дзяўчаткі ідуць па вуліцах і бачаць толькі мужчын [на назвах вуліц], адкрываюць падручнікі і бачаць толькі мужчын, прыходзяць у кабінет хіміі і бачаць толькі мужчын. Нам вельмі складана ўяўляць саміх сябе, свой поспех у нейкай прафесіі, калі мы не бачым ролевых мадэляў. Гэта неверагодна важна».

Калі зараз не пачаць рабіць жанчын бачнымі, вырасце чарговае пакаленне дзяўчынак, якія не будуць бачыць сябе ў розных сферах, падкрэслівае Марына.

«Таму важна выкарыстоўваць фемінітывы для таго, каб мы зараз закладалі глебу для павелічэння колькасці дзяўчынак у тэхнічных прафесіях, навуковых дысцыплінах, палітыцы, у культуры, у топ-менеджменце. На наш паспяховы шлях уплываюць ролевыя мадэлі. Уплывае тое, што вы кажаце дома. Нельга казаць сваёй дачцэ, што яна можа ўсё, але паралельна пры ёй жа казаць пра нейкую іншую жанчыну, маўляў, куды яна, дурніца, палезла ў гэтую палітыку, сядзела б дома, баршчы варыла».

«У жанчыны павінен быць выбар»

Дарослыя жанчыны трапляюць у вялікую колькасць кагнітыўных пастак.

«Калі нейкая жанчына прымае ўмовы гульні патрыярхальнага свету, у якім яна павінна сядзець дома, займацца побытам і сям'ёй, калі яна адчувае сябе пры гэтым шчаслівай — калі ласка. Феміністкі гавораць, што важна, каб у яе быў выбар, і каб яна была ў бяспецы. Для мяне, напрыклад, адно з асноватворных — працоўныя ды эканамічныя правы для жанчын, таму што яны гарантуюць яе бяспеку. Без эканамічнай бяспекі немагчымая фізічная бяспека».

Калі жанчына эканамічна залежыць ад мужа — гэта адна з вельмі верагодных прычын, чаму яна не сыходзіць ад яго, напрыклад, у сітуацыі з хатнім гвалтам, кажа Марына.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

«Бо ёй няма куды, на ёй дзеці, яна баяцца падставіць дзіця. Таму яна знаходзіцца і застаецца ў сітуацыі хатняга гвалту. Калі жанчына хоча займацца толькі побытам і домам і сям'ёй, калі ласка, гэта можа быць яе выбар, але ў яе павінен быць выбар, у яе павінна быць нейкая альтэрнатыва, у яе павінна быць падушка бяспекі фінансавая, нейкая праца адкладзеная, у рэшце рэшт, проста разуменне, што ёсць шэлтары, якія дапамогуць».

Глядзіце таксама

«Штраф за мацярынства»

«Жанчын радзей бяруць на працу ці ў акадэмічную нейкую кар'еру, калі ў яе яшчэ няма дзяцей, але яна, напрыклад, замужам. Або наадварот, калі ўжо ёсць дзеці, таксама накладваецца «штраф за мацярынства»: таму што «дзеці будуць увесь час хварэць», жанчына ж будзе сыходзіць на бальнічны».

Таксама існуюць некалькі тэрмінаў для жанчын на працоўным месцы.

«Ёсць «шкляная столь» — калі ты не можаш прабіцца вышэй за нейкую пасаду, усё, таму што ты жанчына. Ёсць «ліпкая падлога» — калі жанчына захрасае менавіта на самых пачатковых пазіцыях, Ёсць «штраф за мацярынства», калі ты маці, то табе заўсёды за гэта прылятае, ці ёсць дыскрымінацыя пры прыёме на працу. Мне падаецца кожная жанчына з Беларусі сутыкалася з фразай: «Ну, а нараджаць збіраешся? А то ты пойдзеш нараджаць, а мне табе дэкрэтныя плаціць».

Такім чынам, жанчыны рэдка займаюць кіруючыя пазіцыі, атрымліваюць адукацыйныя гранты.

Гендарныя квоты — гэта добра ці дрэнна?

«Гендарныя квоты — гэта інструмент, які дапамагае выраўнаваць гендарную няроўнасць на нейкіх пазіцыях, але ён працуе пры іншых роўных. Гэта значыць, цябе не возьмуць на працу толькі таму, што ты жанчына. Ты павінна адпавядаць нейкім нормам, кампетэнцыям. Без гендарных квотаў гэта проста немагчыма».

Гендарныя квоты — гэта добры інструмент, але неідэальны, лічыць Марына Ментусава.

«У нас ёсць прыклад Беларусі, у якой увогуле ёсць гендарныя квоты ў палітыцы, але асобныя інструменты не працуюць. Трэба ўкараніць саму сістэму разумення, што гендарная няроўнасць — гэта вельмі складаная праблема, якая не вырашаецца ні адным простым рашэннем. Гендарныя квоты не вырашаць праблему гендэрнай няроўнасці, калі яны будуць укаранёныя проста вось так».

Глядзіце таксама

Таксама Марына звяртае ўвагу на паняцце «гендарны мэйнстрымінг» — глабальную канцэпцыю ўкаранення гендарнай роўнасці паўсюдна.

«Ёсць скандынаўскія краіны, у якіх гендарны мэйнстрымінг глабальны, ён праймае абсалютна ўсё, абсалютна кожнае міністэрства. Гэта значыць, мы глядзім на любую праблему і заўсёды маем нейкія заканадаўчыя акты, якія гавораць нам: а зараз паглядзі, дзе тут жанчына, дзе мужчына. І аказваецца, што мы не заўважаем вельмі вялікай колькасці праблем».

Знаходзячыся ў недэмакратычным грамадстве, у якім не працуюць дэмакратычныя інстытуты, мы прыходзім да таго, што жанчыны тэхнічна сядзяць і выконваюць абслуговую функцыю махаць галавой і падпісваць, дзе трэба, лічыць тую колькасць бюлетэняў, якую трэба палічыць, распісвацца там, дзе трэба, стаяць і смяяцца з жартаў пра тое, што ў нас канстытуцыя не пад жанчын, гаворыць Марына.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

«Таму, калі жанчыны і ёсць у кіраўніцтве, яны, як правіла, не за сталом, дзе прымаюцца галоўныя рашэнні. І яны не вырашаюць праблемы для іншых жанчын ці нават не дазваляюць проста ўбачыць гэтыя праблемы. І гендарныя квоты проста дапамагаюць не ўзяць нейкіх левых жанчын з вуліцы, але ўзяць жанчын-спецыялістак, якія дапамогуць пашырыць вашу оптыку, убачыць большую колькасць стэйк-холдараў, праблему больш глабальную».

«Пакуль мы адмаўлялі наяўнасць праблемы, іншыя краіны пачалі ўкараняць файныя праграмы падтрымкі жанчын»

«У нас з вамі ёсць постсавецкае мінулае, якое нам моцна, прабачце за слова, «паднасрала». Нам да гэтага часу кажуць, што мы першымі атрымалі правы: права на адукацыю, на працу, права голаса.  Сапраўды прасоўвалася адмена бытавога рабства. Але праблема ў тым, што не была ўкаранёна глабальна нейкая канцэпцыя».

Калі марксісты прыйшлі да ўлады, жанчыны былі жудасна непісьменнымі, а трэба было больш працоўнай сілы, таму іх сталі навучаць, кажа Марына.

«Далі правы жанчынам для ўмацавання пазіцый улады, а не для вырашэння праблем жанчыны. Што ў выніку здарылася з савецкай жанчынай? Яна павінна была спачатку адпрацаваць на заводзе, на працы, потым вярнуцца дахаты, адпрацаваць дома, так званая неаплатная другая змена, таму што ўвесь побыт ад яе нікуды не падзеўся.

Так, з'явіліся яслі-сады, гэта было супер, у адных з першых у свеце, зноў-такі. З’явіліся нейкія кухні, але ўсё роўна не муж займаўся домам, а яна павінна была займацца ім. А яшчэ ў іх была трэцяя змена — партыйная, дзе жанчыны таксама павінны былі неяк праяўляць актыўнасць».

У выніку гэта міф пра савецкі фемінізм і роўнасць.

Глядзіце таксама

«У Беларусі ёсць да гэтага часу адчуванне, што мы нібыта былі першымі, але мы з першых скаціліся ў аўтсайдары праз ілюзіі, што мы на вяршыні. І пакуль мы адмаўлялі тое, што праблема ўсё яшчэ існуе, іншыя краіны зразумелі, што праблема ёсць, і пачалі мяняць сваё заканадаўства, укараняць файныя праграмы падтрымкі жанчын».

Можна казаць пра роўнасць, калі няма розніцы ў заробках, у кар'ерных магчымасцях, калі ёсць сацыяльныя магчымасці, напрыклад, і мужчыны, і жанчыны могуць ісці ў дэкрэт і будуць абаронены дзяржавай, гаворыць Марына.

«Калі наша сацыяльная дзяржава кажа пра тое, што яна клапоціцца пра людзей, але на справе, калі нават не казаць пра збіццё і катаванні ў турмах, знікненні людзей, то нават на тым узроўні, на якім яна абяцае клапаціцца, напрыклад, пра мацярынства, паглядзіце на памеры грашовай дапамогі. Усё стане зразумела. Паглядзіце на тое, у якім стане знаходзяцца радзільныя дамы, а мы нават не гаворым пра раённы цэнтр які-небудзь».

Чаму важная палавая асвета

Марына таксама падкрэслівае, што палавая асвета павінна праходзіць у школе для хлопчыкаў і дзяўчынак у сумесных класах, каб здымаць розныя табу.

«Каб калі мужчына ідзе ў краму па пракладкі, ён «а» — не памёр там ад інсульту, «б» — не фатаграфаваў табе зялёны і жоўты Tampax з пытаннямі: гэта лімон або лайм, так? Паглядзіце пра залежнасць і карэляцыю захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам на постсавецкай прасторы — гэта сапраўдная катастрофа, напрыклад, з ВІЧ, СНІД.

Што адбываецца? У краінах, у якіх уключана і ўкаранёна палавая асвета ў школьную праграму, мы бачым адразу карэляцыю ўніз усіх захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам, асабліва сярод той групы, якую мы назіраем і з якой мы працуем на працягу працяглага часу».

«І ўсё цудоўна, ніхто не стварае оргіі ў трэцім класе. Таму вельмі важна рабіць разам, таму што мы павінны разумець, як працуе цела адно аднаго, не баяцца слова «вульва», таму што любое табу ад няведання, ад неасветы.

І найлепшы спосаб барацьбы з абортамі — гэта скарачэнне непажаданых цяжарнасцяў. А каб у нас было менш непажаданай цяжарнасці, мы павінны адукоўваць насельніцтва, рабіць кантрацэпцыю даступнай і ў цэлым неяк працаваць з гэтай тэмай. Ні ў адной краіне забарона абортаў не прыводзіла да іх знікнення. Мы проста пераводзім з легальнага ў падпольнае ўсё».

Марына згадвае, калі пры забароне абортаў у СССР рабілі працэдуру ў хатніх умовах металічнай вешалкай, праз што загінула вялікая колькасць жанчын.

«Перыядычна былі забароненыя аборты, таму што трэба было дэмаграфічнаму росту садзейнічаць тэрмінова, а гэта было заўсёды ўзаемазвязана з войнамі, канфліктамі, і тады жанчын выкарыстоўвалі як апараты па вытворчасці дзяцей. Аборты ніколі не знікалі, яны проста праходзілі падпольна, жанчыны паміралі ці істотна наносілі шкоду свайму здароўю, у тым ліку рэпрадуктыўнаму, многія жанчыны пасля гэтага не маглі мець дзяцей».

Глядзіце таксама

Што рабіць жанчыне, якая хоча зрабіць аборт, але ў краіне, дзе яна жыве, ён забаронены?

«Жанчыне трэба з'язджаць, карыстацца паслугамі фондаў, якія дапамагаюць. У Польшчы ёсць арганізацыі, якія дапамагаюць з'ехаць. Хтосьці гэта называе жахлівай фразай «абартыўны турызм». Але насамрэч гэта дапамога жанчынам, якія не могуць скарыстацца правам на распараджэнне сваім целам у сваёй краіне. Што рабіць у такой краіне? Ну, альбо загінуць, альбо ачуняць і зразумець, што мы не можам казаць ні пра якія правы чалавека, пакуль мы не выконваем правы жанчын».

Што робіць зараз дэмакратычнае грамадства для прасоўвання правоў жанчын?

«Ёсць, напрыклад, фемгрупа Каардынацыйнай рады, ёсць асобныя арганізацыі, якія спрыяюць гендарнай роўнасці ў розных пытаннях ці сэксуальнай асвеце, ёсць розныя арганізацыі, якія працавалі і ў Беларусі, пакуль не былі ліквідаваныя. І такіх людзей можна падключыць да стварэння нейкіх законапраектаў, праграм. Мне здаецца, што трэба дакладна дэмсілам не адкладаць прыняцце праектаў па гендарнай роўнасці і сэксуальнай асвеце».

«Краіна, у якой не крыміналізаваны хатні гвалт, урываецца ў іншую краіну і пачынае гвалтаваць жанчын»

Таксама Марына звяртае ўвагу на дакладную паралель паміж тым, што зараз адбываецца (вайной, рэпрэсіямі) і гендарнай няроўнасцю і патрыярхатам.

«Сувязь дзяржаўнага гвалту і сувязь гвалту хатняга — гэта вельмі важна. Калі гэтая краіна выходзіць на іншы ўзровень, калі робіць гвалт у адносінах напрыклад, да краін-суседак, гэта дакладна ўзаемазвязана. Таму што калі ў вас жанчына — святая карова ў вашай сацыяльнай дзяржаве, якая павінна вам нараджаць дзяцей, а вы дазваляеце яе біць, то ёсць пытанні: калі жанчыну можна біць, тады і ўсіх можна біць. Краіна, у якой не крыміналізаваны хатні гвалт, урываецца ў іншую краіну і пачынае гвалтаваць жанчын».

У пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны Марына з вялікай колькасцю жаночых арганізацый беларускіх феміністак займаліся зборам дапамогі для ахвяр, якія пацярпелі ад ваеннага гвалту ва Украіне.

Глядзіце таксама

«І нават там даводзілася даказваць, што нам трэба гэтым зараз займацца. І вось гэта цудоўны кейс для таго, каб паглядзець на спецыфічныя жаночыя праблемы. Ахвярам згвалтавання не дапаможа аспірын, бінты. Ім патрэбныя супрацьзачаткавыя сродкі, ім патрэбныя наборы RAPE KIT для збору доказаў, асабліва падчас вайны, што складаней, бо, напрыклад, нейкія цэнтры могуць быць зачыненыя, нешта разбамбілі».

Набор RAPE KIT — гэта такі палявы набор, у якім можна сабраць медыцынскія і немедыцынскія доказы, якія захоўваюцца досыць доўга. Яшчэ гэта спецыфічныя медыцынскія прэпараты, якія не ўваходзяць у стандартны медыцынскі набор, які звычайна прывозіць гуманітарную дапамогу.

«Гэта спецыфічная дапамога, якую трэба аказваць менавіта жанчынам, што сутыкнуліся з гвалтам. Мы павінны быць больш сур'ёзнымі, спускацца і разумець, што зноў складаная праблема патрабуе складаных рашэнняў, у Беларусі ёсць людзі, якія гатовыя садзіцца і разбірацца. Людзі, якія не гатовы заплюшчваць на гэта вочы. І чаму б не працаваць разам з імі ўжо зараз і не рабіць гэта ўсё».

Ва ўсіх ёсць рэсурсы, якія мы недаацэньваем, дзе мы можам на нешта паўплываць».