Чарговы скандал у Польшчы: непаўнагадовай ахвяры гвалту адмовілі ў аборце. Ці будзе зменены закон?

У Польшчы ў цэнтры ўвагі грамадскасці і палітыкаў знаходзіцца справа 14-гадовай дзяўчынкі, якая стала ахвярай згвалтавання — падлетка з інваліднасцю ў Падляшшы згвалціў уласны дзядзька, і ў выніку згвалтавання яна зацяжарала. Яе цётка, якая заўважыла, што пляменніца цяжарная, настойвала на аборце. Гэтая гісторыя ўзрушыла Польшчу, піша Н*мецкая хваля.

Фота: JANEK SKARZYNSKI/AFP/Getty Images

Фота: JANEK SKARZYNSKI/AFP/Getty Images


Нягледзячы на тое, што ў дзяўчынкі была даведка пракуратуры аб здзяйсненні ў дачыненні да яе злачынства, якая давала права на легальны аборт, у мясцовай бальніцы адмовіліся яго рабіць. Падляскае ваяводства, што на мяжы з Беларуссю, лічыцца апорай нацыянальна-кансерватыўнай партыі "Права і справядлівасць" (PiS), якая ва ўладзе ў Польшчы з 2015 года.

Права на аборт і маральныя перакананні лекараў

Лекары матывавалі сваю адмову маральнымі меркаваннямі, паведаміў штотыднёвік Polityka. Польскі закон аб абмежаванні абортаў змяшчае палажэнне, згодна з якім лекары могуць адмовіць пацыенту ў перапыненні цяжарнасці, калі гэта супярэчыць іх рэлігійным перакананням. Так адбылося і ў дадзеным выпадку. У бальніцы, куды пацярпелая прыйшла разам са сваёй цёткай, ім у грубай форме адмовілі. У адказ на просьбу параіць, як жа цяпер быць, яны пачулі: "Гэта не наша справа".
Аднак, згодна з законам, лекар, які адмаўляецца рабіць аборт, павінен назваць імя іншага лекара, які можа ўзяць гэта на сябе. Маральныя прынцыпы і перакананні з'яўляюцца індывідуальнымі і не могуць распаўсюджвацца на ўсю бальніцу. Але гэтая норма закона, па даных Polityka, была праігнараваная.
Выхад з сітуацыі знайшоў польскі Фонд жанчын і планавання сям'і FEDERA, які стаў апошняй інстанцыяй для жанчын у адчаі. Рашэнне праблемы было надзённым. "Набліжаўся 12-ты тыдзень цяжарнасці, мы павінны былі дзейнічаць хутка, — патлумачыла кіраўніца FEDERA Крысціна Качпура ў інтэрв'ю Gazeta Wyborcza. — Аборт паспяхова правялі ў Варшаве".
Актывістка адмовілася паведаміць журналістам падрабязнасці аб дзяўчыне: "Сям'я жыве ў маленькім мястэчку і не хоча быць мішэнню для нападак". Затое Качпура заклікала ўлады праверыць сітуацыю, якая склалася ва ўсіх бальніцах рэгіёна і раскрытыкавала тое, што прафесія лекара, па яе ацэнцы, стала ў краіне "палітычнай": "Замест таго, каб клапаціцца пра здароўе пацыентак, лекар хаваецца за шырмай перакананняў і за артыкуламі закона".

Міністр аховы здароўя "шакаваны"

Тым часам на інцыдэнт адрэагаваў міністр аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі. "Мы шакаваныя гэтым выпадкам, і наша рэакцыя на яго зразумелая", — заявіў ён журналістам. Міністр адзначыў, што паводзіны лекараў былі непрымальнымі і абвясціў, што возьме гэты выпадак пад свой кантроль.
Між тым групы па абароне правоў жанчын і польская апазіцыя зноў патрабуюць змякчыць закон аб абортах, які, як сцвярджаюць яго праціўнікі, фактычна робіць такія аперацыі немагчымымі.


Норма аб рэлігійных перакананнях, якой лекары, што адмаўляюцца рабіць пацыентам аборты, карыстаюцца для пазбягання магчымага судовага пераследу, з'яўляецца "варварскай і бесчалавечнай" і павінна быць скасаваная, падкрэслівае Катаржына Котула з леваліберальнай партыі "Вясна". Барбара Навацкая з левацэнтрысцкай грамадзянскай кааліцыі абвясціла аб унясенні ў Сейм падрыхтаванага апазіцыяй законапраекта аб адмене гэтага Палажэння закона.

Строгае заканадаўства аб абортах

У 2020 годзе Канстытуцыйны суд Польшчы зрабіў больш жорсткім і без таго ўжо строгае заканадаўства аб перапыненні цяжарнасці. Ён вынес пастанову аб незаконнасці абортаў практычна ва ўсіх выпадках, уключаючы цяжкую і незваротную інваліднасць, а таксама небяспечныя для жыцця захворванні плода.
Пасля гэтага ў Польшчы некалькі дзён праходзілі шматтысячныя акцыі пратэсту.
Аборт стала магчымым зрабіць толькі ў двух выпадках — калі цяжарнасць з'яўляецца вынікам згвалтавання або калі жыццё маці знаходзіцца пад пагрозай. Аднак на практыцы нават гэтымі падставамі не заўсёды можна скарыстацца, так як лекары часта адмаўляюць пацыентам, спасылаючыся на свае рэлігійныя перакананні. Бо ў выпадку незаконнага перапынення цяжарнасці ў Польшчы медыкам пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Пасля ўзмацнення жорсткасці заканадаўства колькасць афіцыйна праведзеных абортаў знізілася ў краіне з 1076 у 2020 годзе да 107 праз год. Па даных FEDERA, 150 тысяч перапыненняў цяжарнасці штогод праводзяцца па-за афіцыйнай сістэмай аховы здароўя. "Ні адна абмежавальная мера не можа ўтрымаць жанчыну ад аборту, калі яна вырашыла перапыніць цяжарнасць. Пытанне толькі ў тым, ці робіць яна гэта ў бяспечных умовах або ў менш бяспечных", — канстатуе праваабаронца Качпура.

Прыхільнікі жорсткай лініі настойваюць на новых забаронах

Па даных Еўрапарламента, з-за жорсткага заканадаўства аб абортах у Польшчы па меншай меры шэсць жанчын памерлі ў выніку перапынення цяжарнасці за межамі медустаноў.
Аднак супернікам перапынення цяжарнасці з польскага руху Pro-Life нават дзеючых забарон на аборты мала. Іх лідар Кайя Годэк імкнецца забараніць любую інфармацыю аб магчымасці правядзення абортаў. Фонд радыкальнай актывісткі сабраў 150 тысяч подпісаў пад законапраектам, які прадугледжвае два гады пазбаўлення волі за распаўсюд такой інфармацыі. "Аборт — гэта забойства", — настойваюць у Pro-Life.