Жаночая катастрофа. Як Польшча вымушае ўкраінак нараджаць ад акупантаў

Ад пачатку вайны ва Украіне найбольш уцякачак і ўцекачоў выязджалі ў Польшчу. Цяпер, магчыма, дынаміка змянілася праз прымусовы вываз людзей з акупаваных тэрыторый у Расію, але Польшча ў кожным разе застаецца адной з самых актыўных краін што да прыёму людзей з Украіны. Аднак ёсць у польскай гасціннасці адзін нюанс – вельмі жорсткае ў дачыненні да жанчын антыабортнае заканадаўства. І цяпер яго ахвярамі робяцца ўкраінкі, згвалтаваныя расійскімі акупантамі.

polska_0310_1.jpg


На гэтую тэму разважае на Свабодзе Наста Захарэвіч.
Кіраўніца Федэрацыі жанчын і планавання сям’і Польшчы Крысціна Кацпура кажа, што за дзень яе арганізацыя атрымлівае да 10 званкоў ад жанчын, якія перажылі гвалт і зацяжаралі. У выніку прынамсі некаторым з іх дапамагаюць арганізацыі з Нідэрландаў, якія бясплатна шлюць медыкаменты для перапынення цяжарнасці на раннім тэрміне. Тым часам на польскай мяжы актывісты, паводле Кацпуры, распаўсюджваюць улёткі, у якіх заклікаюць украінак перастаць забіваць дзяцей, і кажуць, што аборты забіваюць больш людзей, чым вайна.
Я добра памятаю, як мне даводзілі ў дыскусіях, што жорсткае абмежаванне права на аборт у Польшчы – гэта не так і страшна. Што ўсе, хто захоча, з'ездзяць у суседнюю краіну, і ўвогуле галавой думаць трэба, перш чым сексам займацца. А згвалтаваныя жанчыны, казалі мне, лёгка перарвуць цяжарнасць – для іх жа ў законе ёсць выключэнне. І ніякія контраргументы і рэальныя гісторыі, у якіх дактары проста адмаўлялі жанчынам у дапамозе ці як маглі адцягвалі перарыванне цяжарнасці, не дзейнічалі.
У мяне было адчуванне, што я размаўляю ці то са сцяной, ці то з зомбі, якія гатовы верыць чыноўнікам і адмаўляюцца слухаць думкі жанчын, чые жыцці гэтае антыабортнае заканадаўства наўпрост закранае.
І вось ружовыя акуляры разбіліся, вітаю ў жорсткай рэальнасці. А выглядае рэальнасць так: падлеткі і дарослыя жанчыны, якія зацяжаралі ў выніку гвалту расійскіх акупантаў, не могуць зрабіць у Польшчы аборт.
Гэтыя жанчыны прайшлі праз вайну, большасць з іх жыла ў нейкі час у акупацыі, дзе іх гвалтавалі – часта па некалькі мужчын, часта ў працэсе білі і дадаткова калечылі. Але гэтыя жанчыны выжылі і нават здолелі збегчы з краіны. А цяпер краіна, якая дала ім сховішча, кажа, што эмбрыён, будучае дзіця акупанта і гвалтаўніка, важнейшы за саміх гэтых жанчын. Ім кажуць, што так проста яны не вырвуцца і не змогуць так проста жыць далей – ім давядзецца вынасіць, нарадзіць і гадаваць дзіця, якое стала наступствам не кахання і нават не жарсці, а жорсткасці і садызму.
Дзяржава кажа: «Ну, у цябе ж няма адпаведных дакументаў, што цябе згвалцілі. Няма заведзенай справы, няма сабраных доказаў. Разрывы тканак, сінякі і тым больш твае словы – гэта не аргумент. І дзіця ж ні ў чым не вінаватае».
Разумееце, гэтая жаночая катастрофа адбывалася ў Польшчы ўсе гэтыя гады, проста яна не была такой маштабнай. Жанчыны вымушаны былі нараджаць нежаданых дзяцей ад гвалтаўнікоў, бо нясвоечасова падалі заяву ў паліцыю, альбо паліцыя не палічыла гэта згвалтаваннем, альбо яшчэ халера ведае з якой нагоды. Але гэта не прыцягвала столькі ўвагі, бо было не такой масавай з'явай і быццам бы ўнутранай справай краіны. А цяпер атрымалася, што ўкраінскія жанчыны, якія ўцяклі ад вайны, апынуліся адначасова ў польскім сховішчы і польскім палоне.
Можа, гэта і ёсць шанец польскіх жанчын на змены?