«Ваша прашэнне будзе падпісанае пры ўмове, што вы адразу з’едзеце за мяжу». Як вяліся перамовы пра вызваленне Груздзіловіча
Перапоўненыя палітвязнямі камеры, катаванні, этапы, штрафныя ізалятары. Гэта не сталінскія 1930-я. Гэта Беларусь 2020-х. Пра свой дзевяцімесячны турэмны досвед востра, дасціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст «Свабоды» Алег Груздзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры».
Папека: Абыдуся без памілаваньня
Празь дзесяць хвілін ужо быў у атрадзе. Сэрца зноў калацілася як шалёнае. Хацелася хутчэй падзяліцца навіной з кім заўгодна.
Пасьля абеду ў памяшканьнях дзяжурныя робяць вільготную прыборку, таму да 14 гадзіны ўсе мусяць таўчыся вакол корпусу. Як па мне, дык гэта найлепшы час дня ў калёніі — пасьляабедны. Хлопцы гуляюць у нарды ці шахматы, чытаюць лісты і кнігі, абмяркоўваюць навіны, гуляючы ўздоўж плота. Большасьць, як заўсёды пасьля абеду, адразу хапаюцца за цыгарэты і дымяць, дымяць, дымяць пад парасонам курылкі. Праходжу ўздоўж празрыстага воблака і скурай адчуваю, як дзясяткі вачэй сустракаюць насьцярожанымі позіркамі. Такімі ж праводзілі ў сталоўцы. А сябры не даюць спыніцца, закідваюць пытаньнямі: «Што? Выклікалі да начальніка?».
Расказ пра тое, дзеля чаго выклікалі і з кім сустракаўся, паўтараў да вечара яшчэ некалькі разоў розным людзям з абодвух атрадаў сэктару, і ва ўсіх выпадках рэакцыя была толькі станоўчая. У вязьніцах увогуле не прынята крытыкаваць учынкі сяброў, нават калі яны таго вартыя, але тут усё сустракалася сапраўды шчырымі і ўхвальнымі водгукамі.
Адзін зь сяброў падсумаваў навіну такой высновай: «Значыць, нешта зрушылася. Будзем чакаць». Другі зь ім пагадзіўся: «Згодны. І за вас вельмі рады. І гэта толькі пачатак, дойдзе і да нас». Настрой ува ўсіх сяброў адразу падвысіўся.
А ўвечары ўдалося больш даведацца пра прыезд у калёнію таго супрацоўніка пракуратуры, зь якім сустракаўся, і ягоную місію. Адбылося гэта падчас прагулкі перад адбоем. Пашанцавала. Раптам у хлопцу, які падышоў з боку галоўнай дарогі да плота нашага сэктару, пазнаў таго самага днявальнага, які ўдзень вадзіў мяне ў штаб. Наблізіўся да яго і спытаў праз плот, ці вадзіў ён яшчэ каго на размову ў той жа кабінэт? Можа, запомніў прозьвішчы? Днявальны згадаў, што нас такіх было трох. «Ты ж Грузьдзіловіч? Вось. А яшчэ быў такі Папека, пісьменьнік, вунь з таго атраду. А прозьвішча трэцяга ня памятаю».
Атрад, на які паказаў днявальны, суседнічаў з нашым у сталоўцы, і праз пару дзён я бязь цяжкасьцяў змог перакінуцца з Папекам парай словаў. Спадар Мікалай пазнаў мяне і ня стаў сакрэтнічаць. «Так, вадзілі да пракурора, прапаноўвалі падпісаць прашэньне аб памілаваньні. Але я адмовіўся, не хачу. Мне меней як да канца году засталося, і ўсё, абыдуся бязь іхнага памілаваньня».
Яшчэ празь некалькі дзён даведаўся і прозьвішча трэцяга асуджанага, каму прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні, як мне і спадару Папеку. Малады чалавек быў з атраду ў нашым сэктары. Таксама палітычны. Пры сустрэчы ён расказаў, што віну на судзе прызнаваў і ў прашэньні гэта таксама пазначыў. Упэўненасьці, што прашэньне будзе падпісанае, у яго няма, але «паспрабаваць трэба».
Чаравікі — да бляску!
Наступная падзея, перадзаключная, адбывалася 19 верасьня, за два дні да майго выхаду на волю.
Гэтым разам па мяне прыйшоў нават ня проста днявальны па атрадзе, а заўгас Аляксей — другая асоба ў атраднай герархіі пасьля начальніка. Пэрсона ня надта калярытная, тыповы гаспадарнік. Сядзіць Аляксей за забойства шмат гадоў, і яшчэ шмат яму тут мучыцца.
Як і ўсе заўгасы, Аляксей на кароткай назе з ахоўнікамі — часам чуў, як тыя зьвярталіся да яго па імені. Звычайна зэкаў завуць па прозьвішчы і тыкаюць.
Таксама і Аляксей да некаторых ахоўнікаў мог зьвяртацца па імені і на ты, без усялякіх дакладаў і цырымоній. З калегамі па няшчасьці, з асуджанымі з атраду, Аляксей паводзіў сябе выбарачна. З аднагодкамі мог пабалакаць, на маладых — прыкрыкнуць, часам дапускаў зрывы і на адрас людзей старэйшага веку.
Са мной у асноўным трымаўся роўна, хоць і раздражняўся хутка, асабліва калі я нешта «тупіў» як навічок. Але дастаткова было агрызнуцца, і адносіны выпраўляліся — быццам, апёкшыся, больш да гарачага не дакранаўся.
Абавязкаў у заўгаса больш, чым у шараговага зэка, але і ня скажаш, што чалавек надта перанапружваецца. На праверках падносіць дзяжурнаму ахоўніку карткі з нашымі прозьвішчамі, пры гэтым усьміхаецца ды стараецца жартаваць, нібы роўны. Яшчэ заўгас выводзіць атрад у сталовую, у клюб і на тэлефонныя званкі. Вось тады, калі хто спазьніўся ці зазяваўся, можа і мацюком абкласьці.
Ну, яшчэ як пачаўся рамонт сарціра, дык гэта заўгас разьмяркоўваў заданьні і кантраляваў працы. А ў астатнім — жыцьцё-маліна.
Разы тры па справах (перадаць якую паперу, нешта спытаць, узгадніць) заходзіў да яго ў «хату», дзе жылі ўсяго тры чалавекі, і кожны раз заставаў адну і тую ж карціну: ляжыць заўгас на сваім зручным аднапавярховым ложку, чэрава дагары, вочы ў столь.
Яшчэ можна было знайсьці яго ў «ленцы» каля тэлевізара — глядзіць разам з хлопцамі фільмы пра монстраў. Ніколі ня бачыў Аляксандра з кнігай ці хаця б з газэтай, дый зь лістом у руках ня бачыў. Зрэшты, адносіны зь ім яшчэ не пасьпелі скласьціся, больш істотныя размовы прыйшліся якраз на той час, калі давялося разьвітвацца.
«Грузьдзіловіч, у штаб цябе выклікаюць. Чаравікі начысьці да бляску, каб усё было добра. Прадставісься як трэба», — вымаўляючы гэта, Аляксей сьвяціўся клапатлівай усьмешкай, нібы бацька праводзіць сына на важную гутарку.
Засьпяшаўся, апранаюся як мае быць па форме. Пазычыў у хлопцаў анучу націраць абутак і драю, драю. А заўгас усё не сыходзіць, таўчэцца побач. Па новых нотках у голасе чую, што нешта ведае пра маю будучую сустрэчу ў штабе, можа нават больш, чым я сам. Мяне гэта, праўда, ужо ня дзівіць. Пару разоў, як выклікалі на «разгон» у кабінэт начальніка атраду, заставаў там Аляксея разам з гаспадаром кабінэта. Абодва паглядалі з дрэнна схаванай пагардай. Калі начальнік нешта злосна цадзіў праз зубы на мой адрас, Аляксей лісьліва пасьміхаўся.
Цяпер жа ў яго вочы прамяністыя, усьмешка ласкавая. «Давай, давай, хутчэй. Калі пра атрад што спытаюць, дык ведаеш, што казаць».
Перамовы пра вызваленьне
І гэтым разам днявальны ледзь ня бег, як вёў да штабу, а выканаўшы заданьне, адразу зьнік, не сказаўшы ані слова. Стаю на той жа пляцоўцы, дзе чакаюць выкліку на камісію перад ШЫЗА.
Пазнаю тыя ж пліткі пад нагамі, спакваля вяртаецца пачуцьцё трывогі, а зь ім успамін, як кожны раз спрабаваў пераканаць сябе ў маральнай перавазе: «Ну і пасадзіце! Пратрымаюся, а вы…» Няўжо дапамагала? Ну, хіба захаваць зьнешнюю прыстойнасьць, але ж каленкі ўсё роўна торгаліся.
Час ідзе, а ніхто не падыходзіць. Дзіўлюся на свае начышчаныя да бляску чаравікі. Ніколі ў такіх чыстых па калёніі не хадзіў, лічыў нявартым драіць чаравікі, каб дагадзіць начальнікам. Пратру мокрай анучкай, і хопіць. Але рызыкаваў, бо штотыдзень, а то і часьцей жаўтабірачнікам ладзяць праверкі зьнешняга выгляду: афіцэр прыходзіў да сэктару і выклікаў да сябе па чарзе ўсіх, хто стаіць на прафіляктычным уліку як схільны да экстрэмізму. Прычым сам заходзіць на сэктар ленаваўся, агляд праводзіў праз плот, але прыдзірліва.
Падыходзіш, прадстаўляесься. Прымушае зьняць кепку, ці не зарасла макаўка больш як на тры мілімэтры. Потым паглядзіць на твар, ці паголены, і, канечне, утаропіцца вачыма ў абутак — ці не запылены. Неяк праносіла, — згадаў і ў думках усьміхнуўся. Няўжо сапраўды больш такой праверкі не зазнаю?
Стала нават шкада, гэткая заўсёды дуэль, нэрвы казыча. А цяпер нібы нешта ўнутры пачало адрывацца і адлятаць, як іржавае лісьце з адзінага дрэва ў «лякалцы».
Між тым у штаб ніхто ня кліча і прэч ня гоніць. Што адбываецца? Як раптам бачу: уздоўж мура штрафнога ізалятара ідуць трое. Адзін — наш афіцэр у пясочнага колеру форме, а два другія — цывільныя. Абодва высокія, сярэдніх гадоў. У модных строях — няйначай замежнікі. Адзін круціць галавой, блішчыць на сонцы акулярамі ў чорнай аправе. Другі, падхорцісты, пра нешта пытаецца ў афіцэра.
Наблізіліся да мэдчасткі, за альтанкай павярнулі ў мой бок, набліжаюцца. Твар у афіцэра, як мяне пабачыў, пасмутнеў. «Грузьдзіловіч? Праходзім наверх!»
Падымаемся моўчкі па тым самым пралёце, зь якога 4 месяцы таму ледзь не кулём скаціўся, атрымаўшы кухталёў па карку ад ахоўнікаў. Разважаю, што за пэрсоны прыехалі па маю зэкаўскую душу?
Адзін яўна замежнік, відаць, будзе выконваць ролю пасярэдніка. Другі, найхутчэй гэбіст, — кантраляваць перамовы. Хоць, можа, і памыляюся, бо нешта афіцэр ставіцца да яго роўна, безь лісьлівасьці, а перад гэбістам бегаў бы «на цырлах».
Заводзяць у кабінэт, дзе раней ня быў. Там таксама вялікі лякаваны стол, пры ім мяккія крэслы. Афіцэр маўчыць, аднак і з кабінэта не выходзіць. Пасярэднік называе сваё імя, М., потым імя свайго спадарожніка, А. Насамрэч А. не гэбіст, а супрацоўнік беларускага МЗС, але для мяне ў той момант, зрэшты, гэта было адно і тое ж.
Без прэлюдый пераходзяць да справы, пачынае М.: «Алег, ваша прашэньне будзе падпісанае пры ўмове, што вы адразу зьедзеце за мяжу. Менавіта такую ўмову ставяць беларускія ўлады. Калі вы пагодзіцеся, мы ўзгоднім дэталі. Дзеля гэтага і прыехалі. Якое будзе ваша рашэньне?».
Жонка — у шпіталі
Зноў мушу зрабіць адступленьне. Пра тое, што мне будзе прапанавана ў абмен на вызваленьне паводле памілаваньня зьехаць за мяжу, ужо ведаў ад жонкі. Мы размаўлялі праз тэлефон за два дні да таго.
Напярэдадні званка Марыянну паклалі ў шпіталь у перадынфарктным стане і зьбіраліся рабіць апэрацыю — ставіць стэнт. Гэта такая мэталічная прыладка, якую падводзяць да сэрца, каб пашырыць артэрыю, калі тая ўжо не спраўляецца зь перадачай крыві.
Што жонка захварэла на сэрца, я ня ведаў. Яшчэ з канца жніўня Марыянна пісала ў лістах, што стала дрэнна пачувацца пасьле невялікіх фізычных нагрузак: баліць у грудзях і ногі слабнуць, ледзь не адключаюцца. Але агляд у лекара, электракардыяграма і аналізы прычын такога стану ня выявілі. Жонцы прапанавалі легчы ў шпіталь, але праз маё зьняволеньне яна адмовілася.
«Можа, прычына ў перанесеным на нагах ковідзе, можа, гэта зашчамленьне шыйных пазванкоў. Разьбяруся. А ты не хвалюйся, мне ўжо лепей», — напісала Марыянна ў лісьце, які дайшоў на пачатку верасьня. Зразумела, напісала так, каб мяне супакоіць. І ў яе атрымалася. У калёніі чалавек мае столькі нэгатыўных уражаньняў, што ў любую, нават неймаверна аптымістычную вестку хочацца верыць. Тым больш калі вестка тычыцца здароўя блізкага чалавека.
Сапраўды крыху супакоіўся, даў сабе веры, што ўсё будзе добра, маленечкую хмарку разьвее ветрам, бура нас міне.
Але хмары нікуды не падзеліся. Аказваецца, з кожным днём Марыяньне станавілася горш. «Ужо і па дому крыху толькі папрацую, як стамляюся і не магу рухацца», — пазьней згадвала пра тыя часы. Урэшце ў чарговым відэа, якія здымала для сваякоў, каб інфармаваць пра мае турэмныя справы, жонка крыху расказала і пра свой стан, апісала сымптомы.
Першым, хто адгукнуўся на гэты расповед, быў Ігар, мой стрыечны брат, прафэсійны лекар, які жыве ў Гомлі. Ігар патэлефанаваў і патлумачыў Марыяньне, што яе сымптомы вельмі падобныя да ішэмічнай хваробы. Яна разьвіваецца хутка, таму нельга губляць час. А праверыць падазрэньні, параіў брат, можна, калі зрабіць кардыяграму двойчы, каб параўнаць вынікі.
Жонка зноў пайшла ў паліклініку, і пасьля ЭКГ адразу апынулася ў клінічным шпіталі № 1. На чацьвер, 15 верасьня, ёй прызначылі тэрміновую апэрацыю.
Званкі з калёніі
Пра гэтую апэрацыю, ды ўвогуле пра тое, што жонка трапіла ў шпіталь, натуральна, у той час нічога ня ведаў.
Апынуцца ў ШЫЗА, калі па начах нуль градусаў, а яшчэ ня ўключанае ацяпленьне, для чалавека майго веку — катастрофа. А тут за пяць дзён цябе двойчы цягаюць на камісію, і кожны раз на кану менавіта штрафны ізалятар. Значыць, перад кожнай камісіяй гарантаваны стрэс — думаеш толькі пра тое, пасадзяць ці не ў «лядоўню», ужо есьці нармальна ня можаш.
На 14 верасьня ў мяне быў чарговы тэлефонны званок да дому. Як гэта адбываецца, тэлефанаваць з калёніі?
Штомесяц вязьню дазволена пяць тэлефонных альбо пяць відэазванкоў праз скайп. Яны аплачваюцца з рахунку вязьня. Усё гэта нібыта нескладана, але страшэнна зафармалізавана. Адно добра, што званкоў нельга пазбавіць, як перадач ці спатканьняў.
На кожнага асуджанага, які карыстаецца гэтай платнай паслугай, заведзены адмысловы ліст, у якім чалавек сам пазначае, куды будзе званок. Званіць можна толькі асобам, якія папярэдне ўнесеныя ў заяўку, правераную спэцаддзелам і падпісаную начальнікам калёніі. Найперш — блізкім сваякам. Максымальная працягласьць званка — восем хвілін, але ў рэальнасьці не выходзіць больш за пяць-шэсьць.
Звоняць з адмысловага тэлефоннага пункту ў клюбе, куды прыходзяць групамі ў адпаведнасьці з раскладам, што вывешаны ў атрадах (дарэчы, тыя расклады можна знайсьці ў інтэрнэце). Размовы кантралююцца. На пачатку кожнай асуджаны мусіць перадаць слухаўку кантралёру, каб той спраўдзіў, хто на другім канцы дроту. І падчас званка кантралёр далёка не адыходзіць, прыслухоўваецца.
На відэазванках працэдура амаль такая ж, але там кантралёры сочаць яшчэ і за карцінкай на дысплеі, каб ніхто лішні з арыштантам не размаўляў і нават не стаяў побач. «Даходзіць да абсурду, — апісваў парадкі на відэазванках сябра Мікалай. — Могуць спыніць званок, калі збоку ўзьнікне незаяўлены твар, хоць бы дзіцячы. Рапартам пагражаюць».
Акрамя чарговых, рэжымных званкоў здараюцца і пазачарговыя, бо ў асуджаных бываюць і надзвычайныя сытуацыі. Але каб атрымаць такі званок, заявы начальніку твайго атраду недастаткова, патрэбная згода намесьніка начальніка калёніі па рэжыме. Падстава для пазачарговага званка павінна быць важкая, інакш адмовіць.
«Чакай гасьцей»
Тады мне і давялося спраўдзіць, як гэта дзейнічае.
У сераду, 13 верасьня, падчас размовы з жонкай праз плянавы званок раптам пачуў ад яе ашаламляльную навіну: што трапіла ў шпіталь з хворым сэрцам і на чацьвер, то-бок ужо на заўтра, прызначаная апэрацыя.
Добры настрой адразу зьнік. Марыянна ніколі на сэрца ня скардзілася, здавалася, лёгка вытрымлівала любыя нагрузкі, якія на яе выпадалі як на жонку палітвязьня. І вось табе маеш! Што зь ёю цяпер?
Таму мне і спатрэбілася на наступны дзень абавязкова атрымаць пазачарговы званок, каб патэлефанаваць жонцы ўжо пасьля апэрацыі. І яшчэ добра, што бегаць-мучыцца з заявай амаль не давялося. Намесьнік начальніка калёніі, калі адстаяў да яго належную чаргу, задаў толькі адно пытаньне: адкуль ведаю пра апэрацыю жонкі? Атрымаўшы адказ, адразу дазволіў кароткі званок у бальніцу. Яшчэ і параіў, што можна зрабіць, калі сёньня не датэлефануюся.
Атрадны начальнік, зь якім адносіны да таго ніяк ня ладзіліся, паспачуваў і таксама дапамог, чым мог. Знайшоў час, каб адвесьці на тэлефонны пункт, і дамовіўся, каб пусьцілі без чаргі. Жонка адразу зьняла слухаўку. Выявілася, што яе апэрацыя адкладзеная на пятніцу, 16 верасьня, бо ў шпіталі праз памылку пэрсаналу не пасьпелі падрыхтавацца.
Коратка абмеркавалі апошнія падзеі ў краіне і ці ёсьць шанцы на хуткае вызваленьне. З часу, як нам дазволілі зьвязвацца праз тэлефон, гэтая тэма ўзьнікала рэгулярна. Жонка перадавала і звычайныя прывітаньні ад калегаў. Дзеля кансьпірацыі называла іх толькі па імёнах, а нашага кіраўніка, тагачаснага дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Міхайлавіча Лукашука, літарамі А. М.
І вось у той размове Марыянна раптам кажа: «Чакай гасьцей. Твой калега А. М. перадае, што днямі да цябе прыедуць па згоду, але з умовай, каб зьехаў за мяжу. І што нам рабіць? Я не змагу, у мяне апэрацыя і потым невядома што. А ты едзь. Як папраўлюся, можа, выпусьцяць да цябе».
На гэта адразу адказаў, што безь яе нікуды не паеду, толькі разам. А калі яна ня зможа па стане здароўя, дык увогуле адмоўлюся ад прапановы.
«Яшчэ не хапала зьехаць! Тут горшае можа адбыцца, і што тады? Прымаць спачуваньні на чужыне і нават не пабыць на пахаваньні самага блізкага чалавека?» — гэтую думку, зразумела, жонцы не агучыў, але разважаў прыблізна так. Пажадаў на заўтра добрай апэрацыі, і разьвіталіся.
Атрымаць дазвол яшчэ на адзін пазачарговы званок, ужо ў панядзелак, не пасьпеў — выклікалі ў штаб. На тую самую сустрэчу з пасярэднікамі.