Наста Захарэвіч: Нельга будаваць плянаў вызваленьня краіны, ігнаруючы палову яе насельніцтва

Якія аборты, якія фэмінітывы, калі тут людзей катуюць у турмах ці забіваюць ракетамі? Адчапіцеся вы са сваёй роўнасьцю, кажуць людзі, якія нібыта надзвычай хвалююцца пра свабоду ў роднай краіне. Але гэта так не працуе, піша ў сваім блогу на «Радыё Св*бода» фэміністка і журналістка Наста Захарэвіч.

Малюнак з сайту dzen.ru 

Малюнак з сайту dzen.ru 


Калі ў краіне дыктатура ці ідзе вайна, ёсьць спакуса зноў і зноў адмахвацца ад жаночага парадку дня, кажучы, што цяпер для яго ня час.

Інтарэс грамадзтва да таго, як абараніць жанчынаў ад хатняга гвалту ці як не дапусьціць нападаў на права на аборт, і так ня надта вялікі, а ў такіх умовах становіцца яшчэ меншым. Ну, а карэктная рэкляма і рэпрэзэнтацыя жанчын у мэдыя адыходзіць не на другі і нават не на дзясяты плян.

Якія аборты, якія фэмінітывы, калі тут людзей катуюць у турмах ці забіваюць ракетамі? Адчапіцеся вы са сваёй роўнасьцю, кажуць людзі, якія нібыта надзвычай хвалююцца пра свабоду ў роднай краіне. Але гэта так не працуе.

Нельга будаваць плянаў вызваленьня краіны, ігнаруючы пры гэтым палову (і нават троху больш) яе насельніцтва. Нельга казаць «спачатку пераможам Лукашэнку, а потым будзем думаць пра хатні гвалт». Дакладней, тэхнічна гэта ўсё рабіць, вядома ж, можна, але да пасьлядоўнасьці і каштоўнасьцяў ёсьць вялізныя пытаньні.

Правы жанчын — гэта тое, што заўжды адсоўваецца на потым. Але жывём мы ўжо цяпер! Мы ня можам самі сабе сказаць «ну, як Лукашэнку скінуць, так майго мужа/бацьку/сына і пасадзяць. А пакуль хай перасьледуе і б’е. Пакуль што ў грамадзтва іншыя прыярытэты». Гэта ж абсурд!


З аднаго боку, у праціўнікаў Лукашэнкі іншыя прыярытэты, а жанчыны хай чакаюць. Зь іншага — міліцыі таксама троху «не да таго», калі заходзіць гаворка пра абарону жанчын. Яны яшчэ ня ўсіх знайшлі і пасадзілі за камэнтары з крытыкай уладаў, так што няхай жанчыны разьбіраюцца, хто і чаму іх бʼе. Мо ўвогуле самі вінаватыя.

А сытуацыя з хатнім гвалтам апошнія гады толькі пагаршаецца — пра гэта кажуць і беларускія, і ўкраінскія праваабаронцы, і тыя, хто працуе з тэмай у краінах, папулярных сярод беларускіх уцекачоў і ўцякачак. Агульнае напружаньне ў грамадзтве вядзе да таго, што агрэсары даюць сабе дадатковы маральны дазвол на гвалт. І дапамога пацярпелым патрэбная ўжо цяпер. Бо да канца рэжыму Лукашэнкі так можна і не дажыць.

І трэба ж называць рэчы сваімі імёнамі: людзі, якія сёньня кажуць, што цяпер ня час для адстойваньня правоў жанчын, будуць тое ж самае казаць і пасьля руйнаваньня рэжыму Лукашэнкі. Тады таксама будуць «сапраўды важныя» праблемы, якія трэба вырашаць тут і цяпер, а жанчыны хай зноўку пачакаюць.

Але так быць не павінна! Вырашаць нашыя праблемы трэба ўжо цяпер. І ўвогуле, жаночы парадак дня нельга ўзяць і штучна адасобіць ад усіх астатніх, бо жанчын у Беларусі больш за 50 адсоткаў. Спэцыфічныя жаночыя пытаньні перасякаюцца з агульначалавечымі, і гэта немагчыма ігнараваць. Мы ня можам казаць, што вось спачатку разьбяромся з палітвязьнямі, а потым — з жанчынамі. Бо сярод палітзьняволеных ёсьць жанчыны, і іх вопыт у турме не такі ж самы, як у мужчынаў.

Нельга «спачатку пабудаваць дэмакратыю», а потым уключыцца ў жаночыя пытаньні. Жанчыны ўжо наеліся нібыта дэмакратый, пабудаваных бязь іх удзелу.

Вядома ж, цікавая ідэя — спачатку пабудаваць новую краіну, а потым сказаць: «Ну, цяпер можам падумаць і пра жаночае прадстаўніцтва».

Вось толькі давайце ўжо безь цікавых ідэй. Давайце рабіць усё банальна, занудна і правільна. Не ігнаруючы больш за палову насельніцтва толькі таму, што гістарычна так склалася.

Захаваны правапіс арыгіналу