Жанчын-палітвязняў у Беларусі больш у 2,5 разы, чым было ва ўсім СССР
Ва ўсім аграмадным СССР у 1981 годзе 62 жанчыны былі вязнямі сумлення. Іх трымалі ў лагерах, ссылцы і спецпсіхбальніцах. Прычым сярод іх былі не толькі праваабаронцы, але і шмат жанчын, якім ставілася ў віну вера ў Бога.
Сёння ў Беларусі налічваецца 155 палітзняволеных жанчын, якія ўтрымліваюцца ў месцах несвабоды, — такую лічбу называюць праваабаронцы «Вясны».
«У сувязі з пратэстамі супраць дзеючай улады і вайны ва Украіне з 2020 года 165 жанчын былі асуджаны да калоніі, 304 — да «хатняй хіміі», 60 — да «хіміі», чатыры жанчыны — да арышту, адна — да прымусовага лячэння», — пішуць праваабаронцы.
У 1981 годзе падобную справаздачу рабіла «Маскоўская Хельсінкская Група» (МХГ) — вядомая праваабарончая арганізацыя, створаная ў СССР у 1976 годзе. Паводле яе звестак, у 1981 годзе 62 жанчыны — вязніцы сумлення — знаходзіліся ў лагерах, ссылцы і спецпсіхбальніцах. Сярод іх былі не толькі праваабаронцы, але і шмат жанчын, якім ставілася ў віну вера ў Бога (парушэнне права чалавека на свабоду сумлення).
Як і цяпер, так і тады праваабаронцы адзначалі, што не ведаюць рэальнага ліку палітвязняў. «Неймаверныя цяжкасці ў атрыманні інфармацыі пазбаўляюць нас магчымасці пашырыць і ўдакладніць спіс жанчын — вязняў сумлення. Але тое, што мы ведаем, жахліва. 62 жанчыны. Маладых і старых (Аксане Мяшко 75 гадоў, Людміла Крылова была арыштавана ў 1979 годзе, калі ёй было 19). Адзінокія і з дзецьмі. Знакамітыя і нікому невядомыя. А колькіх мы яшчэ не можам наогул назваць?» — пісалі тады праваабаронцы. Гэтыя даныя можна знайсці ў зборніку «Дакументы Маскоўскай Хельсінкскай групы. 1976 — 1982» (дакумент №158). Дарэчы, у студзені 2023 года расійскі суд ліквідаваў «МХГ».
Такім чынам, атрымліваецца, што ў Беларусі сёння жанчын-палітвязняў у 2,5 разы больш, чым было ва ўсім СССР у канцы 70-х пачатку — 80-х гадоў мінулага стагоддзя (паводле наяўнай у праваабаронцаў інфармацыі).