Падары мне мультыварку. Паглядзіце, што купляюць напярэдадні 8 сакавіка ў Беларусі
Продажы мультыварак у Беларусі ўзляцелі на 603%. Прынамсі, такія лічбы прыводзіць вядомы інтэрнэт-рытэйлер Wildberries, абапіраючыся на вопыт уласнага гандлю.
Wildberries таксама адзначае, што хітом гэтага сезону таксама сталі кнігі, крэмы, капучынатары (прылада для ўзбіцця малака пры гатаванні кавы), а таксама разумныя гадзіннікі і навушнікі.
Паводле дадзеных продажаў Wildberries, напярэдадні 8 сакавіка, у
лютым 2023 г.ода, таксама ў лік самых папулярных пакупак на платформе ў Беларусі ўвайшлі касметыка, парфумерыя, камплекты ніжняй бялізны, электроніка і бытавая тэхніка.
Калі казаць пра касметыку і парфумерыю, то продажы гэты групы тавараў узраслі ў рознай ступені: больш за ўсё ў штуках беларусы набылі парфумы (+369% год да года), губных памад (+160%), крэмаў (+90%) і касметычных набораў (+46%). Хітамі продажаў у гэтым сегменце сталі таксама б'юці-боксы і базы для макіяжу.
Як адзначылі аналітыкі платформы, перад святам таксама рэзка вырасла цікавасць пакупнікоў да мультыварак, якія сталі больш папулярнымі ажно на 603%. Блэндары выраслі ў продажах на 210%, мясасечкі — на 177%, продажу кухонных вагаў выраслі на 148%, рондаляў — на 65%, электрычных чайнікаў — на 62%.
Хітом гэтага сезона сталі капучынатары — на іх попыт узляцеў на 587%. На разумны гадзіннік — на 417%, на планшэты — на 297%, а папулярнасць навушнікаў вырасла на 231%.
Продажы мяккіх цацак напярэдадні 8 сакавіка павялічыліся на 70% год да года. Жаданым падарункам таксама сталі стайлеры і фены для валасоў — попыт на іх вырас на 148%.
Цяжка рабіць нейкія высновы на прыкладзе толькі адной (хай і папулярнай) інтэрнэт-крамы, але выглядае, што ў значнай ступені 8 сакавіка застаецца святам для хатніх гаспадыняў у досыць патрыярхальнай краіне. Мультываркі, рондалі і нават гэтыя самыя капучынатары — гэта, хутчэй, пра фартух, месца каля пліты і гатаванне ежы. Як казала адна спецыялістка па гендарных пытаннях, гэта пра «варыць боршч», бо на іншае жанчына не здатная.
Зрэшты, драматызаваць таксама не варта. Вядома, што агулам у гандлі напярэдадні 8 сакавіка па продажах будуць лідзіраваць усё ж кветкі. А што мужчыны дадаюць да традыцыйных букетаў, тое залежыць не толькі ад іх каштоўнасных арыенціраў, але і ад густу іх каханых, і, уласна кажучы, ад таўшчыні гаманца.
Ну і дарэчы: калі б была магчымасць сіметрычна даследаваць падарункі для мужчын на 23 лютага, то цікава, ці не шкарпэткі з гелем для галення былі б на першым месцах у рэйтынгах?
А яшчэ б больш цікава было б даведацца, як увогуле мяняецца стаўленне беларусаў да савецкіх гендарных святаў 8 сакавіка і 23 лютага. Можа, іх папулярнасць усё ж змяншаецца і саступае месца разуменню, што падарунак дарагому чалавеку можна зрабіць у любы дзень, не чакаючы цэлы год? Тым больш калі гаворка ідзе пра мультыварку і мясасечку.