Пасадзейнічала Наталля Качанава. Вясковую школу ў Жыровічах перавялі на рускую мову

Жыровіцкая сярэдняя школа перастала быць беларускамоўнай. З верасня навучанне перавялі на рускую мову. Гэта «Нашай Ніве» пацвердзілі вучні і адміністрацыя школы.

_bun_202009_1802_b4ryi.jpg

«З такой просьбай бацькі звярталіся. Спачатку калектыўную заяву падавалі ў райвыканкам — там адмовілі. Пасля ў Міністэрства адукацыі. У нас шмат дзяцей святароў, прыезджых. Напрыклад, у горадзе яны хадзілі ў рускамоўную школу і цяпер ім складана перавучвацца, бацькі па-руску размаўляюць, а ў сям’і 5-6 дзяцей.

Ведаеце, калі б можна было працягваць адукацыю па-беларуску ва ўніверсітэце, гэта было б дадатковым аргументам, а так усё заканчваецца на этапе сярэдняй школы», — тлумачыць дырэктарка Таццяна Юхнік.

Гэта была чацвёртая заява ад бацькоў. Вядома, што райвыканкам раней выступаў супраць змены мовы навучання. Але пытанне вырашыла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава — падчас яе візіту ў Жыровічы ў чэрвені святары прасілі пасадзейнічаць.

Для калектыву школы перавод на рускую мову стаў шокам.

У Жыровіцкай школе вучыцца больш за 200 дзяцей, што для вёскі добры паказчык. Яе адметнасць — духоўна-маральнае выхаванне ў праваслаўных традыцыях (у такім кірунку ўстанова працуе з 2007 года).