Класкоўскі: Лукашэнка ў кантэксце ядзернай зброі як палітычны суб'ект наогул не фігуруе

Дырэктар другога дэпартамента краін СНД МЗС Расіі Аляксей Палішчук паведаміў, што дамова аб знаходжанні расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі бестэрміновая. Але Масква гіпатэтычна можа вярнуць ядзерную зброю пасля таго, як «ЗША і NATO адмовяцца ад свайго курсу, накіраванага на падрыў бяспекі і суверэнітэту Расіі і Беларусі».

_123611968_iskander_s.jpg


Палітолаг Аляксандр Класкоўскі ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» разважае, колькі сэнсаў было ў словах расійскага чыноўніка.

— Я думаю, што за гэтай заявай можна разгледзець некалькі мэсэджаў. Галоўны — размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі — гэта ўсур'ёз.

Масква дае зразумець, што гэта не нейкія там манеўры, як цяпер падкрэсліваюць некаторыя каментатары, нібыта гэта запалохванне Захаду перад самітам NATO ў Вільні, каб яны не прымалі радыкальных рашэнняў аб перспектывах уступлення Украіны ў альянс.

Гэта значыць першы мэсэдж, падсумоўвае Класкоўскі, у тым, што Масква прыходзіць у нашу краіну з ядзернай зброяй сур'ёзна і надоўга. Другі — што гэта частка больш сур'ёзнага і глабальнага супрацьстаяння з ЗША.

— Што мы не нейкія там бязмежнікі, агрэсары, а ў першую чаргу думаем пра бяспеку Расіі і Беларусі. Быццам бы пазначаецца гіпатэтычная, як падкрэслівае Палішчук, магчымасць для гандлю з ЗША. Гэта ідэя фікс Крамля і Уладзіміра Пуціна — навязаць Амерыцы нейкі гандаль, падзяліць свет на сферы ўплыву. Вярнуцца да біпалярнага свету — вялікая настальгія Пуціна па часах, калі Савецкі Саюз і ЗША, так бы мовіць, дзялілі мір на дваіх.

Вашынгтон паважаў Маскву, прызнаваў за ёй права мець свае сферы ўплыву, а цяпер, маўляў, нашы расійскія інтарэсы не прымаюцца ў разлік, і мы вам пакажам кулак, каб вы зразумелі, што з намі трэба размаўляць паважліва.

Зразумела, што гэтыя амбіцыі не падмацоўваюцца рэальнай эканамічнай вагой Расіі — цяпер яна складае блізу двух адсоткаў сусветнага ВУП, што на парадак менш, чым меў Савецкі Саюз.

Гэта значыць патэнцыял ужо не той, а амбіцыі тыя ж. Гэта спроба надзьмуць сабе імперскую веліч і пасадзіць Штаты за нейкі стол перамоў.

Пры гэтым Масква, вядома, разумее, што Вашынгтон не разгоніцца забіраць з Еўропы свае ядзерныя запасы, і тут я б адзначыў, што амерыканскія боезарады былі размешчаны ў Еўропе ў 1950-я гады, гэта значыць яшчэ да таго, як быў створаны і адкрыты для падпісання дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, якім Масква цяпер размахвае ў гэтым кантэксце.

Да таго ж, адзначае эксперт, калісьці амерыканскіх ядзерных боепрыпасаў у Еўропе было значна больш — даходзіла да 3,5 тысяч, цяпер жа крыху больш за сотню. Гэта значыць, Штаты і так вельмі моцна скарацілі гэты арсенал.

— У гэтым кантэксце варта згадаць, што ў Вашынгтона з Масквой нашмат канструктыўней атрымлівалася весці размову ў савецкія часы. Атрымліваецца, кіраўнікі СССР былі больш адэкватнымі, чым цяперашняе расійскае кіраўніцтва. З імі Амерыка магла «зварыць кашу» — адна за адной падпісваліся дамовы аб раззбраенні.

Цяпер усё наадварот: узнімаецца новая гонка ўзбраенняў, і пры гэтым ні расійскае, ні беларускае кіраўніцтва не памятае ўрокаў гісторыі. Савецкі Саюз разваліўся шмат у чым таму, што не вытрымаў гонкі ўзбраенняў, трэснуў, калі спрабаваў адэкватна і сіметрычна адказаць на амерыканскую праграму «Зорных войнаў».


Нягледзячы на тое, што заявай Палішчука Масква пазначае нейкія ўмовы для гандлю ЗША, там разумеюць, што Амерыка не разгоніцца прыбіраць ядзерную зброю з Еўропы. А нават калі ЗША на гэта пойдзе, Масква можа вылучыць новыя патрабаванні.

— Напрыклад, каб амерыканцы прыбралі свае войскі з краін Балтыі і гэтак далей да бясконцасці могуць вылучацца новыя ўмовы. А ў выпадку чаго скажуць: хто такі Палішчук, ці гэта было сказана ў іншай сітуацыі. Ніякай юрыдычнай вагі гэтыя яго заявы не маюць, гэта элемент глабальнай гульні Масквы і глабальнага ядзернага шантажу.

Акрамя гэтага, калі Масква кажа аб гарантыях бяспекі, яна ўплятае матыў аб падтрымцы Захадам Украіны. Захад ад гэтай падтрымкі не адмовіцца, і гэта яшчэ адна заведама невыканальная ўмова, якая выстаўляецца Масквой.

— Зразумела, што канфлікт з Украінай мае доўгатэрміновы характар, і Еўропа, ЗША будуць працягваць падтрымку Кіева, што заўсёды будзе аргументам для Масквы, чаму яна, у прыватнасці, трымае ядзерныя зарады на беларускай тэрыторыі.

Таксама заява Палішчука дадаткова дэзавуюе ўсе гэтыя тырады Лукашэнкі, што ён гаспадар ядзернай зброі. Палішчук паказвае, што калі яны і будуць вывозіць ядзерную зброю, то гэта будзе двухбаковая дамоўленасць з Вашынгтонам.

Гэта значыць Лукашэнка ў гэтым кантэксце як палітычны суб'ект наогул не фігуруе, што лішні раз падкрэслівае, што Масква тут вырашае свае задачы, а беларускі кіраўнік толькі надзімае шчокі, — заключае Аляксандр Класкоўскі.