«Я што, з Амерыкай збіраюся ваяваць?» Лукашэнка кажа, што кіраваць ядзернай зброяй у Беларусі будзе ён
Лукашэнка падчас паездкі ў Мінскую вобласць пракаментаваў магчымае размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Ён падкрэсліў, што размяшчэнне ядзернай зброі ў нашай краіне было яго просьбай і настойлівым патрабаваннем да Расіі. Нібыта гэта робіцца для гарантый бяспекі.
![1625826917_9_kartinkin_com_p_yadernii_vzriv_art_art_krasivo_9_1_logo_1.jpg 1625826917_9_kartinkin_com_p_yadernii_vzriv_art_art_krasivo_9_1_logo_1.jpg](/img/v1/images/1625826917_9_kartinkin_com_p_yadernii_vzriv_art_art_krasivo_9_1_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У Лукашэнкі карэспандэнты спыталі, навошта ў Беларусі ядзерная зброя. «Расія ні да чаго не імкнецца. Не ў Расіі справа», — адказаў Лукашэнка.
Паводле яго, размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі было яго просьбай і настойлівым патрабаваннем да расійскага боку, каб гарантаваць бяспеку Беларусі.
«Навошта гэта трэба? Каб ні адна нага нейкіх свалачэй не ішла больш на беларускую зямлю», — сказаў ён. «І адказ будзе неадкладным. Я гэта загадзя гаварыў ужо некалькі разоў», — дадаў ён.
Падкрэсліўшы значную магутнасць той ядзернай зброі, якая будзе размешчана ў Беларусі, Лукашэнка заявіў: «Я думаю, наўрад ці камусьці захочацца ваяваць з краінай, у якой ёсць такая зброя. Гэта зброя стрымлівання».
![Ядзерная бомба, або На што разлічвае беларуская ўлада? Ці паспрыяла ядзерная бомба бяспецы Белгародскай вобласці?](/img/v1/images/jadzerny_fuhas.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Ён пры гэтым абмовіўся, што не бачыць неабходнасці размяшчэння стратэгічнай ядзернай зброі, хоць раней ужо заяўляў, што загадваў падрыхтаваць пляцоўкі для «Таполяў».
«Навошта мне стратэгічнае, тыя ж “Таполі”?.. Хоць мы зараз рыхтуем пляцоўкі і пад гэтыя ўзбраенні. Яны ўсе жывыя-здаровыя, акрамя адной. Таму калі трэба, мы ў любы момант... Але “Таполя” — гэта міжкантынентальная ракета. Я што, з Амерыкай збіраюся ваяваць? Не. Таму мне пакуль дастаткова гэтай зброі», — сказаў ён.
Лукашэнка таксама распавёў, што адной з яго прапаноў было ўзброіць ядзернымі боегалоўкамі беларускія РСЗА «Паланэз», але гэта аказалася складаным.
Трэба адзначыць, што ў падобным ключы Лукашэнка выказваецца не ўпершыню. Неўзабаве пасля абвяшчэння Пуціна пра намер размясціць у Беларусі ядзерную зброю Лукашэнка заяўляў, што гэта была яго ініцыятыва і нават казаў пра сумесны кантроль над ТЯЗ. Праўда, у выніку пры падпісанні дакументаў аб размяшчэнні зброі ў Беларусі міністр абароны Сяргей Шайгу асабліва падкрэсліў, што кантроль за зброяй і рашэнне аб яго ўжыванні застаецца за Расіяй.
У кулуарах саміту АЭС Лукашэнка прызнаваўся, што не ведае, ці пачалося перамяшчэнне зброі ў краіну, нават абяцаў паехаць праверыць. У выніку ў мінулую пятніцу Уладзімір Пуцін канкрэтызаваў тэрміны перавозкі ТЯЗ у Беларусь. Гэта адбудзецца пасля 7-8 ліпеня. У гэтыя дні чакаецца завяршэнне работ па падрыхтоўцы месцаў захоўвання.
![Эксперт: Абарона ядзернай зброі можа стаць падставай для акупацыі Беларусі Расіяй «На падставе абароны ядзернай зброі Расія зможа ажыццявіць ваенную інтэрвенцыю ў Беларусь»](/img/v1/images/world_war5_1.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)