Лукашэнка пра ўжыванне ядзернай зброі: «Ніякага вагання не будзе»

Аляксандр Лукашэнка пагражае ўжыць ядзерную зброю ў радыусе 500 кіламетраў і знішчыць да мільёна чалавек. «Ну што тут за праблема ўзгадніць нанясенне нейкага там удару?» — сказаў ён.

belarus3.png

Аляксандр Лукашэнкарасказаў, што спачатку ён прасіў, а потым запатрабаваў ва Уладзіміра Пуціна вярнуць у Беларусь ядзерную зброю.

«Вярні мне гэта пакуль зброю. Мне яе дастаткова», — сказаў Лукашэнка, калі распавядаў, як патрабаваў у Пуціна ядзерную зброю. «Гэта было маё патрабаванне, гэта не Расія мне навязвала. Таму што з ядзернай дзяржавай ніхто ў свеце яшчэ не ваяваў», — растлумачыў свае матывы Лукашэнка.

Ён таксама запэўніў, што ўжыванне Беларуссю расійскай тактычнай ядзернай зброі можа быць узгодненае адным званком Пуціну.

«Калі пачнецца вайна, я, што, буду глядзець па баках? Зняў трубку, дзе б ён ні быў, ён зняў. Ён патэлефанаваў, я зняў трубку, у любы момант, нават вось цяпер. Таму ну што тут за праблема ўзгадніць нанясенне нейкага там ўдару?» — сказаў ён.

Беларускі кіраўнік заявіў, што прычына выкарыстання ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі можа быць толькі адна — агрэсія супраць краіны. І дадаў, што гэта «зброя стрымлівання» і «наўрад ці камусьці захочацца ваяваць з краінай, у якой ёсць такая зброя».

Лукашэнка таксама сказаў, што хацелася б пазбегнуць сітуацый, калі давялося б выкарыстоўваць ядзерную зброю. «Не дай бог мне давядзецца прымаць рашэнне на выкарыстанне гэтай зброі ў цяперашні час. Але ніякага вагання не будзе, калі толькі супраць нас будзе агрэсія», — падкрэсліў ён.


Ён папярэдзіў, што ў краіне рыхтуюцца пляцоўкі не толькі пад тактычную зброю, але і для стратэгічных ракет: «У краіне рыхтуюцца пляцоўкі і пад гэтыя ўзбраенні, яны ўсе жывыя-здаровыя, акрамя адной, таму, калі трэба, мы ў любы момант…».

Беларускі кіраўнік таксама ў інтрэв’ю расійскай прапагандыстцы вырашыў пахваліцца, што Беларусь атрымала ад Расіі ракеты і бомбы, якія ўтрая больш магутныя за тыя, што былі ўжытыя ў Хірасіме і Нагасакі, піша rian_ru. Так што Лукашэнка пагражае ўжыць ядзерную зброю ў радыусе 500 кіламетраў і знішчыць да мільёна чалавек.


Яшчэ 25 сакавіка Уладзімір Пуцін сказаў, што Масква і Мінск дамовіліся размясціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, пра што «даўно прасіў» Аляксандр Лукашэнка. Паводле словаў прэзідэнта Расіі, будаўніцтва спецыяльнага сховішча для гэтых узбраенняў скончыцца да 1 ліпеня 2023 года.

9 чэрвеня Пуцін на сустрэчы з Лукашэнкам заявіў, што размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі пачнецца адразу ж пасля завяршэння 7−8 ліпеня падрыхтоўкі збудаванняў для яго.

Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу адзначаў, што Расія толькі размяшчае ядзерную зброю ў Беларусі, а не перадае кантроль над ёй. Таму рашэнне пра яе выкарыстанне застаецца за Масквой.

Паводле «Люстэрка», РБК, РІА "Новости"