Пётр Рудкоўскі: Уся гісторыя з ядзернай зброяй была навязана Лукашэнку Крамлём
У справе ядзернай зброі Лукашэнка не стаў наўпрост аспрэчваць дамоўленасці, але ў ягонай падачы акцэнты расстаўлены па-іншаму. Што стаіць за ледзь не штотыднёвымі паездкамі Лукашэнкі ў Маскву? «Новы Час» паспрабаваў разабрацца разам з акадэмічным дырэктарам BISS Пятром Рудкоўскім.
Лукашэнка з’явіўся на публіцы пасля палёту ў Сочы і зноў загаварыў пра ядзерную зброю. Пакуль што ягоны апетыт задаволены расійскай тактычнай ядзернай зброяй, стратэгічную зброю ў Масквы пакуль прасіць не будзе. Менавіта гэта вынікае з ягонай заявы падчас паездкі па Мінскай вобласці 13 чэрвеня: «Спачатку я прасіў Пуціна. Потым я настойліва па-сяброўску патрабаваў — вярні мне пакуль гэтую зброю (прэзідэнцкі сайт удакладняе, што гаворка ідзе менавіта пра тактычную, а не стратэгічную ядзерную зброю, пра якую адкрыта казаў міністр абароны Віктар Хрэнін — аўт.). Мне яе дастаткова».
— Лукашэнка лётае да Пуціна як на працу: за апошні месяц яны сустракаліся ў Расіі тры разы. Дзеля чаго выкарыстоўваюцца гэтыя сустрэчы?
— Змест размоў або дамоўленасцяў у рамках гэтых сустрэч застаецца — прынамсі для мяне — у тумане спекуляцый. Публічна-медыйная частка — якая, зрэшты, сама па сабе даволі скупая — амаль ніякай інфарматыўнай вартасці не мае. Агульныя і расплывістыя заявы, разбаўленыя бойкімі выпадамі на адрас «недругаў», скіраваны хутчэй на тое, каб затуманіць змест размоваў, чым іх раскрыць. Можна здагадацца, што адной з ключавых тэмаў стала пытанне размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі, але ў якім рэчышчы гэта абмяркоўваецца, якія магчымыя рашэнні ўзгодненыя (або навязаныя) — ужо не бяруся гадаць.
Што тычыцца функцыі і матываў гэтых сустрэч — тут больш яснасці. Пуціну перадусім важна трымаць Лукашэнку блізка, каб быць упэўненым, што «апошні саюзнік» не падумвае паднесці нейкі сюрпрыз, як тое ён ужо рабіў у мінулым. У Лукашэнкі, імаверна, ёсць набор пытанняў эканамічнага характару, якія ён хацеў бы вырашыць узамен за прабыванне ў клубе міжнародных ізгояў, якія прынамсі вонкава падтрымліваюць расійскую агрэсію.
— 9 чэрвеня ў Сочы Пуцін паведаміў Лукашэнку, што «7-8 ліпеня заканчваецца падрыхтоўка» сховішчаў для захоўвання расійскай ядзернай зброі, пасля чаго ў Беларусі будзе размяшчацца сама зброя. Звяртаюць на сябе ўвагу некалькі нюансаў. Кіраўнік Расіі паведамляе Лукашэнку, калі ў ягоную краіну завязуць ядзерную зброю (пасля папярэдняй сустрэчы Лукашэнка казаў, што ядзерная зброя ўжо перамяшчаецца ў Беларусь). Пуцін услых аб’яўляе свае планы, якія, мяркуючы па ўсім, з’яўляюцца ваеннай таямніцай. Відавочна, абодва кіраўнікі іграюць на публіку. Якая мэта гэтага спектакля?
— Наконт таго, што «расійскі кіраўнік паведамляе» аб тых ці іншых кроках наконт размяшчэння ў Беларусі ядзернай зброі. Выглядае на тое, што ўся гэтая гісторыя з ядзернай зброяй была навязана Крамлём Лукашэнку. Мая рэканструкцыя гэтай гісторыі наступная. Я перакананы, што гэтая справа абмяркоўвалася паміж дыктатарамі ўжо доўгі час, але Лукашэнка ўвесь час спрабаваў выгандляваць для сябе нашмат болей, чым тое прапаноўваў Пуцін. Мяркую, што сустрэчнай прапановай з боку Лукашэнкі было або тое, што ён атрымае прынамсі частковы кантроль над ядзернай зброяй, або займее якуюсь адчувальную эканамічную выгаду. Паколькі гандаль зацягваўся, а Пуціну — у адказ на ўступленне Фінляндыі ў НАТО, абвяшчэнне яго ў крымінальны вышук — трэба было згуляць у гульню пад назвай «гэта не блеф», Пуцін рашыўся заявіць, што «рашэнне практычна ўзгоднена», што ён і зрабіў 25 сакавіка. Ход, я б сказаў, трошкі рызыкоўны, бо нешта падобнае было ў 2017 годзе, калі Расія анансавала размяшчэнне ў Беларусі сваіх ваенных базаў, відавочна з разлікам, што Лукашэнка не асмеліцца аспрэчваць наяўнасць такой дамоўленасці. Але Лукашэнка тады асмеліўся, заявіўшы: «Нам это не надо».
На гэты раз, калі ў Лукашэнкі спалены амаль усе масты з Захадам, сітуацыя іншая, рызыка ўсё роўна была. Што ж, у справе ядзернай зброі Лукашэнка не стаў наўпрост аспрэчваць дамоўленасці, але ў ягонай падачы акцэнты расстаўлены па-іншаму. Ён спрабуе прасоўваць месыдж, што гаворка тут ідзе — або павінна ісці — у напрамку вяртання Беларусі ядзернай зброі (а не размяшчэння зброі іншай краіны). Вось так прыблізна выглядае ўвесь гэты, як вы кажаце, «спектакль».
Паралельна паступаюць, хоць і скупа, месыджы ад беларускай дыпламатыі. У жніўні мінулага года прадстаўнік Беларусі пры ААН рашуча заявіў, што Беларусь цвёрда стаіць на пазіцыі нераспаўсюду ядзернай зброі і мяняць свой бяз'ядзерны статус не мае намеру. Тут не будзем кранаць юрыдычныя нюансы (розніца паміж «нераспаўсюдам зброі» і «неперадачай кантролю над ёй іншай краіне»), істотна тое, што пасыл дыпламатыі фармуляваўся ў духу мінімалізацыі якіх-кольвеч рызыкаў, звязаных з ядзернай зброяй. Прыблізна месяц таму, у сярэдзіне траўня той жа прадстаўнік пры ААН падкрэслівае, што заява аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі — гэта ўсяго толькі заява. То-бок, амаль два месяцы пасля заявы Пуціна аб тым, што, маўляў, усё ўзгоднена, беларускі бок тут прасоўвае свае інтэрпрэтацыі: або «вяртанне Беларусі зброі» (чытай — перадача яе пад кантроль Лукашэнкі), або «гэта ўсяго толькі заява, а нічога практычнага тут не зроблена».
— Лукашэнка і Пуцін па-рознаму прачытваюць эканамічныя дасягненні «саюзнай дзяржавы»: калі Пуцін лічыць тэмпы эканамічнага супрацоўніцтва «незвычайна харошымі», дык Лукашэнка больш стрыманы ў ацэнках: «пакуль трошкі лепш, чым мы думалі». Што не задавальняе беларускага кіраўніка?
— Выраз «крыху лепш, чым мы думалі» — гэта хутчэй выраз задавальнення, чым незадавальнення. Так ці інакш, што ў выпадку Пуціна, так і ў Лукашэнкі маем дачыненне з рыторыкай, пакліканай прасоўваць месыдж «Мы стойкія, мы выстаім на зло недругам».
— Наколькі самастойны Лукашэнка ў прыняцці рашэнняў? Усе сустрэчы з Пуціным адбываюцца ў Расіі, усе заявы пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі сыходзяць з Крамля…
— Да 2020 года ў індэксе міжнароднай аўтаноміі інстытута Varieties of Democracy ступень аўтаноміі Беларусі ацэньвалася ў раёне 90 балаў са 100. Па стане на 2022 год гэты паказнік склаў усяго 47 балаў са 100: не нашмат лепей, чым у выпадку Сірыі (ступень міжнароднай аўтаноміі там склаў 42/100). Так што трэнд вельмі кепскі, залежнасць ад Расіі рэзка ўзрасла. Пакуль, аднак, Беларусь застаецца, прынамсі фармальна, незалежнай, Лукашэнка для Крамля застаецца фактарам непрадказальнасці. У адрозненне ад, напрыклад, Кадырава, Лукашэнка тэарэтычна і цяпер можа развярнуцца на 180 градусаў і спарадзіць масу сур'ёзных непрыемнасцяў для Крамля. Хоць такі паварот зараз малаверагодны, але ён не ёсць немагчымым. Вось гэта неакрэсленасць і няўпэўненасць адкрывае для Лукашэнкі пэўнае поле манеўру.