Карбалевіч: Беларускі суверэнітэт — калі Лукашэнка атрымлівае інфармацыю пра Беларусь ад Пуціна

Палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч на «Свабодных навінах» піша пра тое, што звычайна падчас вайны планы не выдаюць. А калі іх агучваюць, то ў гэтым ёсць сэнс. Якія мэты пераследуе Пуцін размяшчэннем ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

Расія плануе размясціць ядзерную зброю ў Беларусі на пачатку ліпеня. Ілюстрацыйная выява: Midjourney

Расія плануе размясціць ядзерную зброю ў Беларусі на пачатку ліпеня. Ілюстрацыйная выява: Midjourney


Паездкі Лукашэнкі ў Расію ўсё меней падобныя да візітаў кіраўніка незалежнай дзяржавы.

Вадзім Мажэйка

Аляксандр Лукашэнка запэўніваў, што яго пятая сёлета паездка ў Расію да Уладзіміра Пуціна з'яўляецца планавай («сустрэча двух лідараў у Сочы была запланавана яшчэ даўно»). Сапраўды, вонкава іх сустрэчы адбываюцца строга па графіку, раз на месяц. Як справаздачы аб праведзенай працы. Раней ужо даводзілася гаварыць, што такія сустрэчы маюць псіхатэрапеўтычны эфект для абодвух кіраўнікоў. Гэта спосаб узаемнай падтрымкі адзін аднаго.

Візіт Лукашэнкі ў Сочы 9 чэрвеня лішні раз паказаў, што для Беларусі расійскі вектар з дамінуючага становіцца ледзь не адзіным кірункам замежнай палітыкі. Беларускі кіраўнік сустракаецца з расійскімі губернатарамі ўжо амаль двойчы на тыдзень. І для РФ з пачаткам расійскай агрэсіі супраць Украіны ўдзельная вага Беларусі ў яе замежнай палітыцы заўважна павялічылася.

Лукашэнка ўсё больш цесна звязвае свой палітычны лёс з Пуціным, таму і перспектывы яго ўлады наўпрост звязаныя з зыходам вайны ва Украіне. Ён гэта разумее, пра што сведчыць яго выступ 8 чэрвеня перад сакратарамі Саветаў бяспекі краін-членаў АДКБ, якія сабраліся ў Мінску, паколькі на дадзены момант Беларусь старшынюе ў гэтай арганізацыі. Гэты выступ паказвае тое, чаго ён калі і не баіцца, то моцна асцерагаецца.

Беларускі кіраўнік лічыць, што працяг вайны ва Украіне ўяўляе пагрозу для яго рэжыму. Бо баявыя дзеянні для Расіі ідуць, мякка кажучы, не вельмі паспяхова. Асабліва ён баіцца ўкраінскага контрнаступу. Бо калі ён будзе паспяховым, расійскі фронт абрынецца, тады можна чакаць візіту палка Каліноўскага ў Беларусь. І для яго гэта як страшны сон, які, думае ён, можна прагнаць загаворамі тыпу «ніякага "контрнаступу" няма і быць не можа», гэта «вялікая дэзінфармацыя», таму што Расія моцная, а Украіна слабая.


Цяперашні візіт выявіў важную акалічнасць у развіцці двухбаковых адносінаў. Напярэдадні паездкі можна было меркаваць, што галоўнай тэмай перамоў у Сочы стане тэма ядзернай зброі. Так яно і здарылася. Працэс яе размяшчэння ў Беларусі запушчаны. І цяпер высвятляецца, што расійская ядзерная зброя на беларускай тэрыторыі становіцца важным фактарам кантролю РФ над сваім хаўруснікам.

З тых агульных кампліментарных разваг пра двухбаковае супрацоўніцтва, якія два кіраўнікі зрабілі перад тэлекамерамі, найбольшую ўвагу прыцягнула наступная заява Пуціна:

«7-8 ліпеня заканчваецца падрыхтоўка адпаведных збудаванняў, і адразу ж пачнём мерапрыемствы, звязаныя з размяшчэннем на вашай тэрыторыі адпаведных відаў узбраенняў».

Усім зразумела, што гаворка ідзе пра ядзерную зброю. Варта адзначыць, што падчас вайны, у якой так ці інакш удзельнічаюць абедзве дзяржавы, ваенныя планы і намеры супрацьлеглых бакоў з'яўляюцца дзяржаўнай таямніцай. Іх усяляк хаваюць ад ворага.

А ў нашым выпадку Пуцін дэманстратыўна паведамляе перад тэлекамерамі, калі і дзе Расія плануе размясціць ядзерную зброю. А гэта значыць, што ўвесь трэк пра ператварэнне Беларусі ў пярэдні край ваеннага супрацьстаяння РФ і NATO мае для Масквы не столькі ваенна-стратэгічнае, колькі палітычнае значэнне. Вось чаму Пуцін так адкрыта аб'яўляе пра свае планы публіцы. Каб ворагі пачулі, спалохаліся, запанікавалі і адступілі.

Дарэчы, графік меркаванага пачатку размяшчэння ў Беларусі ядзернай зброі супадае з правядзеннем саміту NATO ў Вільні (11-12 ліпеня).

Другі момант. З самага пачатку практычнай рэалізацыі ідэі размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі ініцыятыва заўсёды зыходзіла ад Масквы. 25 сакавіка Пуцін абвясціў рашэнне размясціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. 25 траўня Лукашэнка ў Маскве, адказваючы на пытанні журналістаў пра сваю сустрэчу з прэзідэнтам Расіі, сказаў:

«Ён мяне праінфармаваў, што ён падпісаў указ аб нашых дзеяннях па размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі».

І вось зноў Пуцін паведаміў Лукашэнку, што «на вашай тэрыторыі "завяршаецца" падрыхтоўка адпаведных збудаванняў» для захоўвання ядзернай зброі. Гэта значыць, расійскі кіраўнік расказвае калегу з Беларусі, што адбываецца на беларускай зямлі. Лукашэнка толькі прыняў інфармацыю да ведама.


І яшчэ варта нагадаць, што 25 траўня Лукашэнка ў размове з журналістам спачатку заявіў, што «пачалося перамяшчэнне ядзерных боепрыпасаў» на тэрыторыю Беларусі. А потым удакладніў: «Магчыма. Я прыеду і пагляджу». Цяпер Пуцін паведаміў Лукашэнку, што той крыху пагарачыўся: толькі пасля 7-8 ліпеня пачнецца размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі.

Такім чынам, важную інфармацыю пра тое, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі, Лукашэнка атрымлівае ад Пуціна. Для гэтага яму даводзіцца спецыяльна прыязджаць у Маскву ці Сочы. Вось такі сёння беларускі суверэнітэт.