РФ і Беларусь палохаюць свет ядзернай бомбай — але ад віртуальнай моцы ракет мала чаго засталося

Заява Пуціна пра планы размясціць ядзерную зброю ў Беларусі пасля 7-8 ліпеня — ключавы элемент расійскай абарончай стратэгіі. Толькі гэтым разам Захад не выказвае ніякіх заклапочанасцяў — нават на словах, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

_minsk___tuman___horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__21__logo.jpg

Сёй-той хто ў пятніцу адыграў важную ролю ў адбіванні ўкраінскага контрнаступлення. Паехаў у Сочы, каб у Пуціна была нагода ўспомніць пра планы наконт размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі.

Пуцін мог бы і сам пра гэта прыгадаць, але з малодшым саюзнікам, які сядзіць і згодна ківае насупраць, успаміналася неяк больш салідна. Заадно саюзніку можна было расказаць пра тое, як правалілася ўкраінскае наступленне. Не толькі ж сваім генералам пра гэта распавядаць.

Як я сабе разумею, заява Пуціна пра планы размясціць ядзерную зброю ў Беларусі пасля 7-8 ліпеня — ключавы элемент расійскай абарончай стратэгіі. Ядзерныя інтэрвенцыі ў павышэнні абароназдольнасці для расійскіх уладаў — справа, вядома, звыклая. Але ідэя палягала, мабыць, у тым, што пасля падрыву Кахоўскай ГЭС гэтыя інтэрвенцыі зайграюць новымі фарбамі. У тым сэнсе, што калі мы ўзарвалі дамбу — дык можам іншым разам падарваць і бомбу. Таму наступаць на нас трэба больш акуратна і не гуляцца там з заходная зброяй. Таму што ў нас ёсць бомба — і нам ёсць куды яе размясціць.


І год таму гэтая заява зрабіла б, вядома, вялікае ўражанне. Магчыма, прэзідэнт Макрон нават захацеў бы пагаварыць з Пуціным па тэлефоне. І прэзідэнт Байдэн сказаў бы што-небудзь заклапочанае. Але за апошні год расійскія ўлады так часта запускалі свае ядзерныя ракеты ў вербальную прастору, што ад віртуальнай моцы гэтых ракет ужо мала чаго засталося.

Вось Пуцін зноў памахаў ядзернай бомбай, а ніякі Макрон яму ў адказ не патэлефанаваў. І ніякае NATO не выказала ніякіх заклапочанасцяў. Нават дробных, не кажучы ўжо пра глыбокія. Гэта значыць, чалавек стараўся — а гэтыя чэрствыя людзі наогул нічога не заўважылі. Крыўдна ж.

І малодшага саюзніка, зноў жа, атрымліваецца, дарма ананасамі частавалі. Прыйдзецца спадзявацца на “другую армію свету” без падмацавання вербальнымі ядзернымі інтэрвенцыямі.


А ў “другой арміі” — новыя праблемы. Не вельмі зразумела, як яна там спраўляецца з украінскім наступленнем, але з уласнымі наймітамі ў яе спраўляцца не атрымліваецца.

Вось генерал Шайгу вырашыў павысіць баяздольнасць войскаў — і дадаць гэтых наймітаў да свайго штатнага складу. А камандзір наймітаў Прыгожын сказаў у адказ, што калі генералу Шайгу вельмі трэба, то хай ён сам і дадаецца па вядомым яму адрасе. А для сумленных наймітаў генерал Шайгу — ніхто.

І атрымліваецца, што ўкраінскае наступленне пачынаецца, а ключавыя элементы расійскае баяздольнасці аказаліся не такімі ўжо і ключавымі.

Вербальныя ядзерныя інтэрвенцыі больш не робяць уражанне, а найміты збіраюцца ваяваць у адпаведнасці з уласнымі ўяўленнямі пра прыгожае, а не згодна з загадамі нейкага там Міністэрства абароны.

Застаўся яшчэ, праўда, малодшы саюзнік, з усімі яго выдатнымі стратэгічнымі талентамі. Але ў малодшага саюзніка сваіх праблем хапае.

P. S. У яго вунь сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.