Ядзерная зброя ў Беларусі. Чаму рэакцыя Захаду — неацэнная
У чацвер у Мінск прыехаў расійскі міністр абароны Шайгу, разам з лукашэнкаўскім калегам Хрэніным яны падпісалі дакументы аб размяшчэнні ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі. Падпісалі — і нібыта прыслухаліся: ну, дзе там выццё перапужаных заходніх палітыкаў? А ў адказ — цішыня.
Цішыня гэта вельмі паказальная. У Еўропе і ЗША не надалі асаблівай увагі сустрэчы двух генералаў у беларускай сталіцы. І гэта яўна не тое, на што разлічвалі ў Крамлі, дый у лукашэнкаўскай адміністрацыі таксама.
«Ок, а далей што?»
Фармальна рэакцыя з боку Захаду была. Яе не магло не быць. Але ацаніце гэтыя словы.
Прадстаўнік ЕС Петэр Стана сказаў, што падпісаныя Масквой і Мінскам пагадненні не з'яўляюцца «крокам да дээскалацыі, а, наадварот, «павялічваюць напружанасць». І што Брусель працягне сачыць за развіццём сітуацыі.
ЗША выступілі з «рашучым асуджэннем». Але, паводле слоў спікера Дзярждэпа Мэцью Мілера, у Вашынгтоне «не бачаць ніякіх прыкмет падрыхтоўкі да ўжывання ядзернай зброі з боку Расіі», як не бачаць і «неабходнасці ўносіць змены ў размяшчэнне ўласных ядзерных сіл».
Па сутнасці, на чарговае бразганне Расіі ядзернымі боегалоўкамі на Захадзе адказалі звычайнай «заклапочанасцю». Якую можна перакласці на максімальна простыя словы: «Ок, а далей што?».
Пытанне гэтае цалкам рытарычнае. Вольны свет слушна мяркуе, што далей — нічога.
Ядзернай «ялдой» Крэмль размахвае больш за год
Ад самага пачатку поўнамаштабнай вайны — дакладней, ад таго моманту, калі стала зразумела, што крамлёўскі бліцкрыг праваліўся і акупацыйныя войскі былі адкінутыя ад Кіева, — з Масквы гучаць пагрозы пра прымяненне ядзернай зброі. Ці, як кажуць некаторыя палітолагі, Крэмль размахвае ядзерная «ялдой».
Яшчэ напрыканцы лютага 2022 года Пуцін перад тэлекамерамі заявіў, што аддаў загад аб пераходзе ў рэжым баявога дзяжурства расійскіх сіл стрымлівання. У складзе тых сіл ёсць і стратэгічная (не тактычная) ядзерная зброя.
І дзе цяпер тое дзяжурства? Шмат надзяжурылі за 15 месяцаў?
Што праўда, тады на Захадзе заўважна ўсхваляваліся. Тэма расійскай «ядзеркі» трапіла на першыя старонкі медыя, рабілася шмат заяваў аб недапушчэнні такога варыянту працягу вайны. У адказ з Усходу дасылаўся паблажлівы намёк: дык што ж вы дапамагаеце Украіне зброяй? Навошта ўводзіце супраць нас санкцыі? Перастаньце, дайце нам знішчыць гэтую краіну, ды будзем жыць далей у міры і згодзе.
А ўжо як шчыравала крамлёўская прапаганда… «Салаўёвы-Кісялёвы» заклікалі і Лондан накрыць ядзерным грыбам, і кантынентальную Еўропу разам з Амерыкай. Як яны казалі: біць будзем па цэнтрах прыняцця рашэнняў. І абураліся, чаму гэта дагэтуль не зроблена.
Тады яшчэ больш-менш усур’ёз успрымалі экс-прэзідэнта Мядзведзева, які таксама пачаў пазіцыянаваць сябе ястрабам і пагражаў заходнім краінам «ядзерным попелам». Афіцыйная асоба, калі што. Цэлы намеснік кіраўніка Рады бяспекі.
Так, заходні палітыкум тады ўздрыгнуўся. Пуцін яшчэ быў на сувязі, і яму тэлефанавалі з Еўропы. Больш за ўсё грошай падаткаплацельшчыкаў змарнаваў на міжнародныя званкі, здаецца, французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон. Паводле інсайдаў СМІ, у адной з размоў Пуцін прыгадаў парыжскаму калегу Хірасіму і Нагасакі 1945-га.
Гучала ўсё пагрозліва, але гэта не прыпыніла ні міжнародную падтрымку Украіны, ні ўвядзенне санкцый супраць расійскага агрэсара.
Кіеў і надалей атрымліваў заходнюю зброю, і зброя тая станавілася ўсё больш цяжкай і эфектыўнай. Што там ранейшыя «Байрактары» і «Джавеліны», цяпер і «Хаймарсы» ўжо ўчорашні дзень. Украіне перадаюць усё больш сучасныя ракетныя комплексы, дайшла чарга да танкаў, і недзе на падыходзе самалёты F-16.
Пуцін вырашыў падняць стаўкі
А што ж «ядзерны попел»? А нічога. Ці заходнія выведкі добра папрацавалі і высветлілі, чаго вартая тая тактычная расійская зброя. Ці Крамлю па ўнутраных каналах даходліва далі зразумець, які адказ яго чакае ў выпадку націскання на «чырвоную кнопку». Ці пазіцыя Кітая, які выразна нахмурыў бровы, збянтэжыла маскоўскіх ваяк. Так ці інакш, а ядзерны дыскурс неяк памалу патух і выпаў з кантэксту вайны.
Тым часам справы агрэсараў на фронце адчувальна пагоршыліся. Так, за кошт велізарных людскіх страт расійцы, здаецца, захапілі Бахмут (больш правільна казаць: тое, што засталося ад горада). Толькі практычнага плёну ад гэтага няшмат, што прызнае большасць аналітыкаў. Разам з тым украінцы, выйграўшы час, назапасілі ўзбраенняў і ўжо пачынаюць свой доўгачаканы контрнаступ.
Зяленскі цяпер знаходзіць падтрымку не толькі на Захадзе, але і на Усходзе і ў арабскім свеце. Ударныя брыгады УСУ прайшлі падрыхтоўку за мяжой. Асобныя падраздзяленні ўжо са спадарожным ветрыкам заходзяць ў Белгарадскую і Бранскую вобласці і робяць там сваю ваенную справу. А дроны ўзрываюць на тэрыторыі РФ важныя аб’екты, а часам — страшна сказаць — нават наўпрост атакуюць крамлёўскія вежы.
То што застаецца Пуціну ў цяперашняй сітуацыі? Калі ваенны патэнцыял вычарпаўся. Калі расійскай прапагандзе ў Еўропе і Амерыцы ніхто не верыць. Калі вялікі і жахлівы Мядзведзеў канчаткова пераўтварыўся ў гарохавага блазна. Фармаваць новыя палкі за кошт новай хвалі мабілізацыі? Выграбаць з турмаў і ўзбройваць чарговую партыю зэкаў-рэцыдывістаў?
Ясна адно: трэба неяк падымаць стаўкі, каб урэшце напалохаць ворагаў. Завезці ў Беларусь ядзерную зброю — чым не варыянт? Усё ж там зусім побач і Польшча, і Літва.
Захад не напалохаўся такім рашэнням, справядліва палічыўшы іх чарговым шантажом. Слушна адзначыўшы, што ад падпісання дакументаў да рэальнага размяшчэння можа быць далёка. Не кажучы ўжо пра сапраўднае прымяненне тых боегаловак.
Таму нічога ад прыезду ў Мінск Шайгу не зменіцца. На рашучасць Украіны і яе саюзнікаў гэта аніяк не паўплывае. Іншая справа, што паўплывае на Беларусь.
Дыктатар не хоча быць мішэнню
Выглядае, што Лукашэнка больш не ў захапленні ад ідэі ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі. Таму на нядаўнім саміце ЕАЭС у Маскве зусім слаба пракаментаваў сітуацыю: маўляў, мы людзі гаспадарлівыя, у нас будзе парадак. Ніякіх пагроз на адрас «калектыўнага Захаду», як было раней, ад яго не прагучала.
Гэта нядзіўна: было ж сказана, што распараджацца зброяй у Беларусі будуць расійцы. Насуперак ранейшым пыхлівым лукашэнкаўскім заявам. Канешне, гэта падвышае ступень залежнасці беларускай дыктатуры ад Крамля. І яшчэ больш замацоўвае марыянеткавы статус самога Лукашэнкі. Дый мішэнню на выпадак удару ў адказ яму быць абсалютна не хочацца.
Зразумела, што гэта нясе пагрозу і суверэнітэту Беларусі. Але давайце прызнаем, што яго і так засталося няшмат. І больш не стане, пакуль гэты рэжым пры ўладзе. Нават калі расійскую «ядзерку» ў краіну ўвогуле не завязуць, а ўся гэтыя гісторыя акажацца ўсяго толькі звычайным пуцінскім блефам (чаго нельга выключаць).
Калі ж лукашызм скончыцца, гісторыю беларуская незалежнасці прыйдзецца пісаць нанова. І шанец напісаць яе, як мае быць, абавязкова будзе.