Саламэ Зурабішвілі: Ці прадаецца наша годнасць за 200 або 300 мільёнаў?
Прэзідэнтка Грузіі выступіла за ўвядзенне абмежаванняў для тых, хто прыехаў з Расіі.
26 траўня Грузія святкуе Дзень Незалежнасці. Зрэшты, сёлета гэтыя святкаванні будуць адрознівацца ад папярэдніх.
Калі раней на будынку парламента вывешвалі сцягі і Грузіі, і Еўрасаюза, то сёлета было вырашана абмежавацца толькі нацыянальным. Здавалася б, дробязь, аднак яна сімвалізуе радыкальнае змяненне ў адносінах паміж Грузіяй і ЕС, якое за апошні год стала асабліва прыкметным. Ва ўрадзе адсутнасць сцягоў ЕС патлумачылі, што афармленне свята змяняецца штогод з 2016 года.
У мінулым годзе Дзень Незалежнасці прайшоў пад лозунгам «Насустрач Еўропе», і сцягі ЕС былі сярод асноўных элементаў упрыгожвання. Сёлета слоган свята «З любоўю да свабоды!», таму Тбілісі і іншыя гарады ўпрыгожылі без сцягоў Еўрасаюза.
У выніку гараджане абвясцілі два пратэсныя маршы са сцягамі ЕС. Першы прайшоў сёння, 26 траўня, раніцай. Паліцыянты не пусцілі ўдзельнікаў маршу на Плошчу Свабоды. Аднаго чалавека затрымалі, піша тэлеграм-канал «Paper Kartuli».
Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі ў звароце, прысвечаным Дню Незалежнасці, раскрытыкавала ўрад за яго палітыку ў дачыненні да грамадзян Расіі, якія прыехалі ў краіну.
Зурабішвілі, у прыватнасці, падкрэсліла, што незалежнасць азначае абарону грамадзян з боку дзяржавы, а асновы дзяржаўнасці маюць на ўвазе, што краіна кіруецца па правілах і законах, дзеянне якіх распаўсюджваецца на ўсіх.
«Незразумела, чаму не было прынята ніякіх мер і не распрацаваны правілы для асоб, што масава прыбылі з Расіі, і для іх дзейнасці, асабліва ў такіх галінах, як здароўе і адукацыя», — заявіла прэзідэнтка Грузіі і дадала, што расіянам цяпер таксама можна «купляць нерухомасць і не плаціць падаткаў».
Зурабішвілі адзначыла векавыя традыцыі гасціннасці і талерантнасці ў Грузіі, аднак нагадала, што ўлады Расіі на падставе абароны рускамоўнага насельніцтва нападалі на суседнія краіны.
Прэзідэнтка Грузіі таксама зноў заявіла, што выступае супраць аднаўлення прамых авіязносін з Масквой. «Незразумела і крыўдна, калі мы сёння падлічваем, колькі мільёнаў прынясе нам «падарунак палётаў». Ці прадаецца наша годнасць за 200 або 300 мільёнаў?!» — пытаецца Зурабішвілі.
Прэзідэнтка назвала ў цэлым знешнюю палітыку грузінскага ўрада незразумелай і адзначыла, што, на яе думку, Грузія ўсё больш аддаляецца ад Еўропы і можа апынуцца ў ізаляцыі.
- Грузія — парламенцкая рэспубліка. Паўнамоцтвы прэзідэнта ў ёй істотна абмежаваныя.
- Грамадзянам Расіі для паездак у Грузію не трэба афармляць візы. Гэта стала прычынай, па якой Грузія з’яўляецца адной з краін, куды пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну пачалі з'язджаць расіяне.
- У лістападзе 2022 года прэзідэнтка Грузіі казала, што за паўтара месяца мабілізацыі, абвешчанай у Расіі, у краіну прыехалі больш за 700 тысяч расіян, з іх 100 тысяч засталіся ў Грузіі. У прамове ў гонар Дня Незалежнасці Зурабішвілі згадала «80 тысяч мігрантаў», якія жывуць у Грузіі.
Паводле www.eurointegration.com.ua, meduza.io, t.me/paperkartuli