474-ты дзень вайны. Хрыста Грозеў прагназуе перамогу Украіны ў гэтым годзе
Галоўныя падзеі з фронту да гэтай гадзіны — у нашай традыцыйнай падборцы.
Наступ УСУ: на фоне першых страт Украіна просіць у Германіі больш «Leopard 2»
«Украінскай арміі вельмі неабходна значна больш заходніх баявых танкаў, баявых машын пяхоты і іншай бранятэхнікі», — заявіў намеснік міністра замежных спраў Украіны Андрэй Мельнік на фоне страты першых заходніх танкаў падчас контрнаступлення УСУ.
Паводле яго слоў, «кожны «Leopard 2» літаральна на вагу золата для вырашальнага наступлення».
Мельнік упэўнены, што Бундэсвер здольны перадаць больш, чым 18 ужо пастаўленых танкаў, са сваіх запасаў (іх налічваецца больш за 300). Ён лічыць, што цяперашнюю колькасць можна было б «патроіць, не ставячы пад пагрозу здольнасць Германіі да самаабароны».
Таксама Мельнік папрасіў перадаць украінскаму войску «яшчэ 60 баявых машын пяхоты «Marder».
Журналіст-расследавальнік Хрыста Грозеў мяркуе, што Украіна можа атрымаць перамогу над РФ да канца бягучага года.
Ход вайны ва Украіне рэальна ў значнай ступені залежыць ад таго, наколькі свет працягне дапамагаць Кіеву, распавёў эксперт у інтэрв'ю «Радыё Свабода». Паводле яго слоў, калі ўсё будзе ісці тым ходам, які можна назіраць зараз, то хутка ўкраінская дзяржава можа перамагчы.
«…Але, калі ўсё ідзе тым ходам, які мы зараз назіраем, то я бачу кінетычную перамогу Украіны… да канца гэтага года. Ведаеце, я нават думаю, што Крым больш рэальна вызваліць, чым Данбас, таму што матывацыя для ўкраінскага чалавека вельмі моцная ў адносінах да Крыма, і я ўпэўнены, што ён будзе прыярытэтным…», — мяркуе расследавальнік.
Генштаб УСУ назваў новыя страты ворага:
Ваенна-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленка адзначыў правільную стратэгію Генштаба і афіцыйных асоб — паведамляць аб прасоўванні і вызваленні з затрымкай па часе.
«Дзейнічаюць УСУ невялікімі мабільнымі штурмавымі групамі, на бронеаўтамабілях альбо лёгкабраніраванай тэхніцы, што гаворыць і аб тым, што гэта не асноўныя ўдарныя сілы. Увогуле, назавём гэта разведкай боем на максімалках з перавыкананымі задачамі», — напісаў Каваленка.
Каваленка лічыць, што вызваленне Старажавога толькі пацвярджае здагадкі адносна руху ўздоўж рэчкі Мокрыя Ялы па абодвух берагах.
«Гэта дазваляе з улікам «іншых рухаў» ствараць пагрозу «цікавага становішча» для акупантаў і матывуе іх адмоўна наступаць раней за прамы кантакт. З усяго вышэйпададзенага і без уліку яшчэ чацвёртага і пятага момантаў, якія вам не моцна будуць цікавымі, ды і агучваць якія не варта, можна зрабіць вельмі чаканую выснову — усё толькі пачынаецца», — сказаў ён.
Авіяцыя Узброеных сіл Украіны за мінулыя суткі нанесла 6 удараў па раёнах засяроджвання асабовага складу саперніка.
«Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі ў той жа час паразілі 2 пункты кіравання, 2 артылерыйскія падраздзяленні на агнявых пазіцыях і радыёлакацыйную станцыю ворага», — паведамляецца ў ранішняй зводцы Генштаба.
Па даных ведамства, сапернік 11 чэрвеня нанёс 1 ракетны і 36 авіяцыйных удараў, здзейсніў 38 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах. Цяпер верагоднасць нанясення ракетных і авіяцыйных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны і ў далейшым застаецца высокай.
Расійскія захопнікі працягваюць засяроджваць галоўныя намаганні на Аўдзееўскім, Бахмуцкім, Мар'інскім і Ліманскім напрамках, там працягваюцца цяжкія баявыя дзеянні.
За мінулыя суткі на гэтых напрамках было 25 баёў, паведаміў у панядзелак раніцай, 12 чэрвеня, Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны ў сваёй зводцы. Паводле яго звестак, вораг праваліў спробу наступлення ў напрамку Аўдзееўкі.
Праціўнік таксама беспаспяхова спрабаваў наступаць у бок Белай Гары і Іванаўскага на Бахмуцкім напрамку. Акрамя таго, украінскія воіны каля Мар'інкі адбілі ўсе атакі з боку захопнікаў.
«На Ліманскім кірунку на працягу мінулых сутак сапернік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Белагораўкі... На Бахмуцкім кірунку сапернік распачаў спробу палепшыць тактычнае становішча...», — гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ.