Карбалевіч: Лукашэнка імкнецца выставіць Расію ў выглядзе «малодшага партнёра»
Агучаныя Лукашэнкам у час паездкі па Мінскай вобласці тэзы адносна ядзернай зброі — спроба даказаць ці хаця б нагадаць пра сваю суб’ектнасць. Хоць і выглядае гэта даволі гратэскава, піша палітолаг Валерый Карбалевіч.
Лукашэнка выкарыстаў паездку па Менскай вобласьці, каб агучыць некалькі важных тэзаў, прапанаваць сваю версію падзеяў, якія мелі апошнім часам вялікі розгалас. Казаў пра матывы памілаваньня Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапега, абверг чуткі пра сваё дрэннае здароўе. Але асаблівую ўвагу аддаў тэме ядзернай зброі, зазначае эксперт у сваім блогу на «Радыё Свабода».
У зьвязку з апошнімі заявамі Лукашэнкі і Пуціна, афіцыйнай інфармацыяй міністэрстваў абароны дзьвюх краінаў у палітычнай і экспэртнай супольнасьці склалася ўстойлівае перакананьне, што Расея выкарыстоўвае Беларусь дзеля рэалізацыі сваіх геапалітычных мэтаў. Крэмль разглядае беларускую тэрыторыю толькі ў якасьці інструмэнту для падвышэньня ставак у сваёй вайне супраць Украіны і Захаду. Менавіта так можна трактаваць і рэпліку Пуціна падчас ягонай сустрэчы з Лукашэнкам 9 чэрвеня, зь якой вынікае, што ён інфармуе беларускага ўладара пра тое, што Расея робіць у Беларусі з гэтай зброяй.
Тое, што так лічаць на Захадзе, ва Ўкраіне, у асяродзьдзі праціўнікаў Лукашэнкі, для яго, можа, ня так і важна. У іх вачох яму ўжо няма чаго губляць. Але вядома, што супраць разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі выступае 75–80% беларусаў. То-бок сярод іх шмат ягоных прыхільнікаў, у тым ліку і ў асяродзьдзі кіроўнай эліты. Вось гэта непрыемна. І Лукашэнка паспрабаваў абвергнуць, зьняпраўдзіць такія ўяўленьні. Увесь ягоны патас быў скіраваны на тое, каб даказаць, што гэта зроблена на просьбу Менску, у інтарэсах Беларусі, і выкарыстоўваць гэтую зброю будзе менавіта ён.
Лукашэнка кажа: «Не ў Расеі справа... Спачатку я прасіў Пуціна. Потым я настойліва па-сяброўску запатрабаваў — вярні мне пакуль гэтую зброю... Гэта было маё патрабаваньне. Гэта не Расея мне навязвала».
То-бок атрымліваецца, што не Расея навязала Беларусі гэтае рашэньне, а наадварот, Беларусь — Расеі. Лукашэнка запатрабаваў, і Пуцін быў вымушаны саступіць, пайсьці насустрач. Усе павінныя зразумець, хто галоўны ў гэтым дуэце сяброў па няшчасьці.
9 чэрвеня ў Сочы Пуцін інфармаваў Лукашэнку, што «7–8 ліпеня заканчваецца падрыхтоўка адпаведных збудаваньняў» для разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. А цяпер Лукашэнка цьвердзіць, што менавіта беларускі бок выканаў усе патрабаваньні, неабходныя для захоўваньня гэтай зброі: «Мы ўсё падрыхтавалі і рэалізуем тую праграму, якую з прэзыдэнтам Расеі намецілі... Расейцы, калі прыехалі, ахнулі».
А навошта ж разьмяшчаецца тут ядзерная зброя? Высьвятляецца, што расейскія матывы тут зусім не прысутнічаюць. Усё робіцца выключна дзеля інтарэсаў Беларусі. Лукашэнка запэўнівае: «Навошта гэта трэба? Каб ніводная нага нейкіх сволачаў не ступала больш на беларускую зямлю... Я думаю, наўрад ці камусьці захочацца ваяваць з краінай, у якой ёсьць такая зброя».
А хто ж будзе прымаць рашэньне пра выкарыстаньне гэтай зброі? Мяркую, вы ўжо здагадаліся. «Ня дай бог, мне давядзецца прымаць рашэньне на прымяненьне гэтай зброі ў наш час. Але ніякага ваганьня ня будзе, калі толькі супраць нас будзе агрэсія», — падкрэсьліў Аляксандар Лукашэнка.
Нагадаю, што сам Уладзімер Пуцін, ягоны прэсавы сакратар Дзьмітрый Пяскоў, міністар абароны РФ Сяргей Шайгу катэгарычна адзначалі, што гаворка ідзе менавіта пра расейскую ядзерную зброю і менавіта Крэмль будзе вырашаць, калі, як і супраць каго яе прымяняць.
З словаў жа Лукашэнкі вынікае, што галоўны тут ён, а Расея — малодшы партнэр.
Незразумела, ці ўдалося Лукашэнку апраўдацца, даказаць сваім прыхільнікам беларускую і сваю пэрсанальную суб’ектнасьць у гэтай справе. Але ён моцна стараўся. Хоць вонкава гэта выглядала даволі гратэскава.