«Шайгу «даў анучай па твары», сказаўшы, што ніякім гаспадаром ядзернай зброі Лукашэнка не будзе»

Палітычны аглядальнік праекта «П*зірк» Аляксандр Класкоўскі распавёў «Св*бодзе», што практычна можа азначаць падпісанне міністрамі абароны Беларусі і Расіі дакументаў аб размяшчэнні нестратэгічнай ядзернай зброі Расіі на беларускай тэрыторыі.

Калаж BBC

Калаж BBC

Палітоляг разважае пра небясьпеку таго, што ў выніку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі тэрыторыя Беларусі зробіцца мішэньню для ядзернага ўдару, а таксама пра тое, што «кнопка» ад ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі будзе толькі ў Расеі.

«Я б ня стаў усё зводзіць толькі да крамлёўскіх ядзерных пантоў»

— Лукашэнка — у Маскве на саміце ЭўрАзЭС, міністар абароны Расеі Шайгу — у Менску, падпісвае дакумэнты, паводле якіх кантроль за нестратэгічнай ядзернай зброяй, якая разьмяшчаецца ў Беларусі, застаецца за Расеяй, рашэньне аб прымяненьні таксама, зброю не перадаюць Беларусі, паводле Шайгу. Ці ёсьць нейкі сымбалізм у тым, што гэта было зроблена ў адсутнасьць Лукашэнкі ў краіне?

— Ніякай змовы людзей у пагонах, ніякага дадатковага прыніжэньня Лукашэнкі, ніякай кансьпіралёгіі я б шукаць ня стаў. Проста так супала. Гэта чыста тэхнічны момант. Два правадыры Пуцін і Лукашэнка ўсе нюансы і аспэкты даўно перацерлі тэт-а-тэт. Генэралы тут выступаюць толькі як тэхнічныя выканаўцы.

— 16 траўня падчас дэбатаў у Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў сталы прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў заяўляў, што «практычных мераў па разьмяшчэньні расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі пакуль не было прынята. Гэта проста заява. Наколькі падпісаныя сёньня дакумэнты зьяўляюцца «практычнай мерай», а не заявай?

— Дыпляматам язык дадзены для таго, каб хаваць думкі, таму яны адпрацоўваюць свой хлеб. Мне здаецца, што Лукашэнка ўжо ня мае такога энтузіязму ад разьмяшчэньня ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі, як гэта выглядала яшчэ 2–3 месяцы таму. Так, гэта практычная рэалізацыя. З аднаго боку, Масква, у асобе Пуціна найперш, займаецца ядзерным шантажом. Зразумела, што тут звышзадача — напалохаць Кіеў, напалохаць Захад, прымусіць да падпісаньня нейкай магчымай мірнай дамовы на нявыгадных для ўкраінскага боку ўмовах. Элемэнт шантажу тут прысутнічае, але я б ня стаў усё зводзіць толькі да крамлёўскіх ядзерных пантоў.

Пасьля 24 лютага 2022 году многія аналітыкі перагледзелі сваю ацэнку, наколькі Пуцін рацыянальны. Ён тады ўвязаўся ў гэтую варʼяцкую авантуру, і няма гарантыі, што ён не сарвецца з катушак чарговым разам і ня вырашыць ня толькі разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі, але, магчыма, і нанесьці адсюль тактычны ядзерны ўдар. Тым больш што ў гэтым варʼяцтве можа быць і свой разьлік, што «ответка» можа прыляцець наперш «малодшаму брату», як яны называюць Лукашэнку.

— Я не знайшла ў адкрытым доступе тэксту падпісаных дакумэнтаў. І мы можам абмяркоўваць толькі цытаты, якія падаюць дзяржаўныя СМІ, кшталту заявы Хрэніна, што «разьмяшчэньне нестратэгічнай ядзернай зброі — дзейсны адказ на агрэсіўную палітыку недружалюбных нам краінаў». Гэтыя заявы разьлічаныя на каго насамрэч — заходніх палітыкаў, людзей у Беларусі, расейцаў, украінскіх палітыкаў?

— Найперш гэта арыентавана на самую непрасунутую частку электарату ў Беларусі і Расеі. Кіеў даўно ведае цану словаў беларускіх вайскоўцаў. З гледзішча вайскоўцаў Украіны беларускія калегі проста юды, як яны іх называлі. У Кіеве зь вялікім скепсісам на ўсю гэтую рыторыку Хрэніна і ягонага атачэньня глядзяць. Захад нядрэнна ведае, што ўсе гэтыя нібыта падсоўваньні NATO да ўсходніх межаў — гэта абарончая рэакцыя. Польшча і краіны Балтыі сурʼёзна баяцца, што Пуцін не абмяжуецца Ўкраінай і мог бы пайсьці і на іх, калі ягоная так званая «спэцыяльная ваенная апэрацыя» разгортвалася б больш пасьпяховым чынам. Іншая рэч, што ён атрымаў ад Украіны па зубох. Але гэта яго тым болей можа разьюшыць і можа ў пэўны момант падштурхнуць і да ядзернага ўдару як спробы спыніць украінскі контрнаступ.

«Захад ня схільны таргавацца з Лукашэнкам, таму што там усё мацнейшая думка, што гэта крамлёўская марыянэтка»

— Лідэрка дэмсілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што «мы павінныя зрабіць усё, каб прадухіліць плян Пуціна разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі. Гэта проста парушае наш канстытуцыйны няядзерны статус і ўзмоцніць кантроль Расеі над Беларусьсю на гады наперад». Пляны Расеі разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі тактычную ядзерную зброю асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай. Колькасьць заяваў цяжка пералічыць. А што практычна можна зрабіць, каб гэтага не адбылося? І ці магчыма?

— На жаль, магчымасьці абмежаваныя ў беларускіх дэмакратычных сілаў, як і ўвогуле ў іх вельмі абмежаваны інструмэнтарый для ўплыву на сытуацыю ў Беларусі, і на Лукашэнку тым болей. Ён ня бачыць у камандзе Ціханоўскай ці іншых штабах палітычнай эміграцыі нейкіх вартых ягонай увагі апанэнтаў ці, наадварот, суразмоўцаў у нейкім дыялёгу.

Захад на сёньня таксама ня схільны таргавацца з Лукашэнкам, таму што там усё мацнейшая думка, што гэта крамлёўская марыянэтка, і ад яго нічога не залежыць. Гэта блізка да праўды ў сёньняшняй сытуацыі. Хаця калі казаць пра сюжэт ядзернага шантажу, то тут у Лукашэнкі ёсьць і свой інтарэс. Ён ня толькі «падыгрывае» Пуціну, але, магчыма, зважае на прыклад Паўночнай Карэі. Краіна ў галечы, вельмі адсталая, але мы бачым, што і Вашынгтон цацкаецца з Пхеньянам, таму што ў «свой гарод» атрымаць ядзерную ракету ніхто ня хоча. У Лукашэнкі кансьпіралягічнае мысьленьне, ён кажа, што па пэрымэтры мяжы ходзяць ворагі, шчоўкаюць зубамі, ляскаюць гусеніцамі, дык ён думае, што калі будзе мець ядзерныя «цацкі», яны сюды ня сунуцца.

І тое, што Шайгу лішні раз «даў анучай па твары», сказаўшы насуперак бравадзе Лукашэнкі, што ніякім гаспадаром ядзернай зброі ён ня будзе, па сутнасьці сытуацыю не зьмяняе. Лукашэнка ўсё адно разумее: калі Масква разьмяшчае сваю ядзерную зброю, то яна яе будзе бараніць усімі сіламі, таму нібыта дадатковыя гарантыі рэжым Лукашэнкі ў гэтым кантэксьце атрымлівае.

— Якая небясьпека таго, што ў выніку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі тэрыторыя Беларусі зробіцца мішэньню для ядзернага ўдару?

— Гэта амаль што 100%. На тое і разьлічвае Пуцін, што калі дойдзе да абсалютна вострай авантурнай гульні і давядзецца стрымліваць Украіну пры дапамозе тактычнай ядзернай зброі, то лепей «уляпіць» па ёй менавіта зь Беларусі, а потым і адказнасьць зваліць на Лукашэнку. Тут спадзевы на тое, што ўсё ж з Расеяй Захаду страшнавата задзірацца, а вось лупянуць па «малодшым хаўрусьніку» — нібыта адказ, які разам з тым наўпрост Расею не зачэпіць. Бо згарэць у ядзерным апакаліпсісе ніхто на Захадзе ня хоча.