Дзве дзяржавы — адна кнопка. Што кажуць аналітыкі наконт падпісанага дакумента пра ядзерную зброю?

Міністры абароны Расіі і Беларусі ў Мінску падпісалі дакументы аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі. Што наконт гэтага думаюць палітолагі і палітаналітыкі?

mdjrn5.png


У Мінску 25 траўня міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін і міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу падпісалі дакументы, якія вызначаюць парадак утрымання расійскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спецыяльным сховішчы на тэрыторыі Беларусі. Кантроль за нестратэгічнай ядзернай зброяй застаецца за Расіяй, рашэнне аб прымяненні — таксама.

Як ацэньваюць падпісанне такой дамовы палітаналітыкі і якія перспектывы бачаць для нашай краіны?

Павел Усаў, палітолаг:

Мінск узяты?

Расія працягвае інтэнсіўна афармляць акупацыю Беларусі і з’ядаць незалежнасць Беларусі.

Хаця можна сказаць — завяршае. Зразумела, што размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ) у Беларусі — знакавае, але не апошняе дзеянне Масквы па разбурэнні нашай дзяржавы.

Пуцін імкнецца да таго, каб цалкам кантраляваць Беларусь перад тым, як будзе выбіты з Украіны. Нейкі пазітыўны для яго вынік павінен жа быць: разбураная Украіна, захопленая Беларусь. Як заявіў учора Такаеў — «адна дзяржава, дзве краіны».

Але, што можа быць далей?

1. Сыходзячы з тэндэнцыяў — гэта інтэграцыя беларускага войска ў адную з Расіяй сістэму, з адзіным кіраваннем.

2. Гледзячы на тое, як развіваюцца падзеі, на разбуральную псіхалогію Крамля, раней ці пазней хваля хаосу закране Беларусь.

Сяргей Навумчык, палітык і журналіст:

Кантроль за ядзернай зброяй на тэрыторыі Беларусі, як мне і даводзілася прагназаваць (у свой час служыў у ракетным дывізіёне, потым займаўся тэмай як дэпутат ВС) – застанецца за Масквой, на 100%. Але тэрыторыя Беларусі робіцца мішэнню для ядзернага ўдару, таксама на 100% – як і ў часы гэтак любімага Лукашэнкам і Пуціным СССР. Прычым — прэвентыўнага ядзернага ўдару.

P.S. Жыхары Мінска, якія памяняюць кватэры, размешчаныя каля міністэрства абароны, КГБ, “прэзідэнцкага палацу”, якія там у іх яшчэ “цэнтры рэалізацыі прынятых Масквой рашэнняў” — зробяць разумна.


Аляксандр Класкоўскі, палітаглядальнік:

Тое, што Шайгу лішні раз даў анучай па твары, сказаўшы насуперак бравадзе Лукашэнкі, што ніякім гаспадаром ядзернай зброі ён не будзе, па сутнасці сітуацыю не змяняе.

Лукашэнка ўсё адно разумее — калі Масква разьмяшчае сваю ядзерную зброю, то яна яе будзе бараніць усімі сіламі, таму нібыта дадатковыя гарантыі рэжым Лукашэнкі ў гэтым кантэксьце атрымлівае.


Аляксандр Няўзораў, расійскі, а цяпер украінскі журналіст:

Да пратэрмінаванай «ядзеркі», якую збагрылі Лукашэнку — прыкладаецца набор «раманаўскіх кажухоў», валёнкі, дзесяць «бярданак» і іншы інвентар «штыря» (вартаўніка).

Верагодна, першы тыдзень, надзьмуўшыся ад важнасці, «Рыгорыч» у кажуху і з бярданкай сам будзе абхадзіць-пільнаваць перыметр склада са старымі спарахнелымі бомбамі.

Можа быць, рабіць «облаивание» перыметра ён таксама будзе сам, бо службова-вартавых сабак «з узроўнем допуску да дзяржтаямніцы» падрыхтаваць Беларусь не паспела (без «допуску» ёсць, але яны не могуць удзельнічаць у «облаивании» па прычынах «правілаў сакрэтнасці»).

Тлумачу:

Ніякіх «кнопачак», рычагоў, кодаў і іншага інструментара для кіравання «ядзеркай» Лукашэнку не далі.

Ён проста вартаўнік. Так што, калі беларускі дыктатар цяпер пачне ўсюды шастаць з асаблівым «чумаданчыкам», то не думайце, што там «ключы і коды».

Там прарослыя клубні галандскага «Артэміса».

Да якой ступені небяспечная старая, спарахнелая савецкая ядзерка, якая праляжала і даўно пратэрмінаваная — невядома.