Размяшчэнне нестратэгічнай ядзернай зброі ў Беларусі — кантроль застаецца за Расіяй
Дакументы аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі падпісалі міністры абароны Расіі і Беларусі ў Мінску сёння, 25 траўня.
![fota_dzmitryja_dzmitryeva_novychas_784_logo_1.jpg fota_dzmitryja_dzmitryeva_novychas_784_logo_1.jpg](/img/v1/images/fota_dzmitryja_dzmitryeva_novychas_784_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Міністр абароны Расіі Шайгу раніцай прыляцеў у Мінск. Мэтай візіту названы ўдзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў абаронных ведамстваў краін Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). У АДКБ, нагадаем, уваходзяць Расія, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан.
У беларускім Мінабароны сёння раніцай паведамілі таксама, што кіраўнікі ваенных ведамстваў краін-удзельніц АДКБ ужо прыбылі ў Мінск. Пасяджэнне будзе праходзіць пад старшынствам міністра абароны Віктара Хрэніна.
У Мінску сёння міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін і міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу падпісалі дакументы, якія вызначаюць парадак утрымання расійскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спецыяльным сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамляе “Нямецкая Хваля”.
![Захад спакойна ўспрымае ядзернае запалохванне з боку Расіі і Беларусі — Фрыдман Фрыдман: У Маскве Лукашэнка з Пуціным актуалізуюць тэму размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі](/img/v1/images/6d387ee6397ddea354fc1d350639075e.jpeg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Ядзерную зброю РФ у Беларусі Хрэнін назваў «адказам на агрэсіўную палітыку недружалюбных краін», якая павінна нагадаць пра «недапушчальнасць далейшай эскалацыі абстаноўкі ў рэгіёне».
Кантроль за нестратэгічнай ядзернай зброяй застаецца за Расіяй, рашэнне аб прымяненні — таксама, удакладніў Шайгу.
Шайгу нагадаў, што рэгіянальная групоўка войскаў РБ і РФ цяпер абсталявана ракетным комплексам «Іскандэр-М» і зенітнай ракетнай сістэмай С-400.
![Святлана Ціханоўская ў Politico выступіла супраць размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі Святлана Ціханоўская ў Politico: Расійская ядзерная зброя ў Беларусі зробіць яе мішэнню](/img/v1/images/1640896467_1_abrakadabra_fun_p_oboi_vzriv_2.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Нагадаем, 25 сакавіка Уладзімір Пуцін заявіў, што Масква дамовілася з Мінскам наконт размяшчэння тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.
Пазней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пры нарастанні пагроз у краіне можа быць уведзеная стратэгічная ядзерная зброя, і для яе ўжо нават гатовая інфраструктура.