Фрыдман: У Маскве Лукашэнка з Пуціным актуалізуюць тэму размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі

24-25 траўня Лукашэнка зноў выпраўляецца ў Маскву. Фармальная нагода — II Еўразійскі эканамічны форум, а таксама пасяджэнне Вышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады, а прычына — чарговая сустрэча з Пуціным.

Лукашэнка і Пуцін. Фота Associated Press

Лукашэнка і Пуцін. Фота Associated Press


Саюзнікам ёсць што абмеркаваць за зачыненымі дзвярыма: 9 траўня Лукашэнку было не да размоваў.
Пра што пойдзе гаворка? Абмеркавалі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
— 9 траўня Лукашэнка знаходзіўся не ў тым стане, каб нешта абмяркоўваць.
Як і раней, яны імкнуцца паказаць, што галоўныя пытанні парадку дня — інтэграцыйныя і эканамічныя. Безумоўна, ні ад саюзнай дзяржавы, ні ад эканомікі нікуды не ўцячэш. Але і для Лукашэнкі, і для Пуціна асноўныя пытанні — гэта не эканоміка, гэта палітычныя пытанні, звязаныя з украінскім наступам, магчыма, гаворка пойдзе пра ядзерную зброю — менавіта ў гэтым рэчышчы пройдзе чарговая сустрэча.
Лукашэнка і Пуцін імкнуцца пазбягаць украінскай тэматыкі ва ўсіх сваіх сустрэчах, яны робяць выгляд, што ўсё, што адбываецца ва Украіне, ім не цікава. Ім вельмі важна падкрэсліць, што яны займаюцца «стваральніцкай» дзейнасцю, да якой можна аднесці і эканоміку. Але, паўтаруся, на сустрэчы будуць абмяркоўвацца праблемы бяспекі, сітуацыя ва Украіне. Праўда, мы амаль нічога не даведаемся пра вынікі сустрэчы: пасля яе завяршэнні могуць прагучаць зусім агульныя заявы, рэляцыі пра паспяховае развіццё адносін — і ніякай канкрэтыкі.
Зважаючы на фейкі, якія зараз актыўна ўкідвае ў публічную прастору Расія, прычым вялікія фейкі (фейк пра радыеактыўнае воблака, запушчанае Патрушавым, якое ідзе на Еўропу, пра тое, што забіты Залужны, даўно ўжо нічога не казалі пра ядзерную зброю), рызыкну зрабіць свой прагноз. Думаю, Лукашэнка з Пуціным актуалізуюць тэму размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі.
— Днямі Лукашэнка назваў украінскі контрнаступ «фейкам», хаця пад Гомелем з’явіліся так званыя «лініі Хрэніна» — паясы бетонных слупоў, якія ставяць супраць бронетэхнікі. Навошта будаваць абарончыя збудаванні, калі Украіна не збіраецца контрнаступаць?
— Устаноўка бетонных зубоў выглядае як перасцярога і паказвае, што рэжым знаходзіцца ў дрэнным стане, а ягоныя дзеянні маюць мала супольнага з рэчаіснасцю.
Ці можа Беларусі нешта (нехта) пагражаць? Паглядзім, як будуць развівацца падзеі ў Белгародскай вобласці Расіі, дзе легіён «Свабода Расіі» і «Рускі добраахвотніцкі корпус» пачалі баявыя дзеянні. Нешта такое, падкрэслю — тэарэтычна, толькі тэарэтычна — можна было б рэалізаваць з дапамогай каліноўцаў, калі б Украіна гэтага сапраўды жадала. Але відавочна, што Украіне гэтага пакуль зусім не трэба, а каліноўцы ваююць на зусім іншых франтах.
А што да ўсіх гэтых умацаванняў… Чым гэтыя бетонныя ўмацаванні дапамаглі Белгародскай вобласці? Ніхто не збіраецца заходзіць туды на танках, супраць якіх гэтыя збудаванні і зробленыя. А супраць дыверсійных групаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Белгародскай вобласці, гэтыя зубы не дапамогуць. Панаставілі гэтых зубоў, каб сябе трошкі супакоіць, — гэта больш прапагандысцкі крок.
— Бліжэйшым часам з Расіі вяртаюцца беларускія вайскоўцы, якіх вучылі ваяваць на «Іскандэрах» — гэтыя комплексы здольныя выкарыстоўваць ядзерную зброю. Размяшчэнне ТЯЗ набліжаецца да фінішу?
— Ядзерную зброю, думаю, гэтым разам будуць абмяркоўваць. Безумоўна, нам адрапартуюць, што ў Беларусі падрыхтаваныя сховішчы для захоўвання ядзернай зброі, а Расія гатова размясціць абяцанае на тэрыторыі краіны. Але ці завязуць ядзерную зброю ў Беларусь — пытанне адкрытае. Уся гісторыя з ядзернай зброяй ад пачатку — прапагандысцкая, гэта не гісторыя пра тое, што завязуць, а што не завязуць. Дадуць справаздачу, што ўсё ідзе па плане — каб Захад таксама ўзяў на заметку. Але заходні бок, як паказала сустрэча «Вялікай сямёркі», вельмі спакойна ўспрымае ядзернае запалохванне, як сур’ёзная пагроза гэта не ўспрымаецца.