Фрыдман: Рэжым яшчэ не вырашыў лёсу Пратасевіча
Рамана Пратасевіча, асуджанага да 8 гадоў зняволення, памілавалі. Пра гэта паведаміў сам Пратасевіч і нават назваў дату знамянальнай для яго падзеі — 16 траўня. Але чаму пра гэта амаль тыдзень маўчалі? Пра памілаванне і далейшы лёс Пратасевіча пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
— Калі б вы спыталіся, ці здзіўлены я, то адказаў бы, што так, у пэўнай ступені. Але калі мы паглядзім на ўвесь ланцужок падзей рэтраспектыўна, то здзіўлення няма.
Пасля заканчэння працэсу Пратасевіч выглядаў вельмі дрэнна: ён не чакаў, што яму прысудзяць восем гадоў. Але яго не пасадзілі адразу, не ўзялі пад варту ў зале суда, ён не падаваў апеляцыі, пасля прысуд уступіў у законную сілу, але яго так і не пасадзілі. Выглядае, што рэжым сапраўды гуляў з опцыяй «памілаванне». Ускосна пацвердзіў гэта і сам Пратасевіч, які сказаў, што Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні яшчэ 16 траўня — пра гэта Пратасевіч нават не ведаў. З ім гуляліся цэлых 6 дзён.
Не ведаю, чаму не аб’явілі пра памілаванне раней: 21 траўня быў сусветны Дзень салідарнасці з палітвязнямі — маглі б абвесціць пра памілаванне Пратасевіча 19-га, каб перабіць тэму палітвязняў. Не зрабілі, відаць, паглядзелі, як прайшоў гэты дзень — і вырашылі кінуць публіцы Пратасевіча.
Пэўная логіка ў гэтых дзеяннях, канешне, прысутнічае. Але логіка прысутнічае і ў тым, каб яго спачатку пасадзілі на 8 гадоў, а праз нейкі час памілавалі. Гэта выглядала б такім чынам, што ў Лукашэнкі засталася прага помсты — і ён помсціць далей. Але памілаванне выглядае так, што Лукашэнка нібыта ўжо адпомсціў: Пратасевіч настолькі разбіты, настолькі знішчаны, так пакорліва сябе паводзіў, што можна ўжо і не помсціць. Але што значыць — помсціць? Калі Лукашэнка пажадае, то заўтра-паслязаўтра можа кінуць Пратасевіча за краты зноў.
Чаму пра памілаванне аб’яўлена менавіта сёння
— Можа, у гісторыю дадалі трохі сімволікі, — разважае Аляксандр Фрыдман. — Вельмі моцна гэта прасочваецца ў каментарах: Пратасевіча памілавалі, а Сапега застаецца за кратамі. Магчыма, беларускія ўлады ведаюць, што бліжэйшымі днямі Сапега будзе памілавана (у Расіі таксама вялася гаворка пра гэта), таму, каб дагуляць спектакль, каб яшчэ мацней ударыць Пратасевіча, зрабіць гэта раней за расіян. Але гэта чыстай вады спекуляцыя.
Памілаванне Пратасевіча азначае, што беларускія ўлады разыгрываюць больш складаныя, не банальныя камбінацыі, што яны імкнуцца пэўныя хады пралічваць і разлічваюць на пэўныя эфекты. Перш за ўсё ўнутрыпалітычны: глядзіце — ён згуляў сваю партыю, як трэба, зрабіў усё, што мы жадалі, нават крэатыўна рабіў, і таму атрымлівае тое, што атрымлівае. Маўляў, якія мы сумленныя, з намі можна дамовіцца. Магчыма, гэта паказ шляху для іншых вядомых палітвязняў: калі вы зробіце тое ж, што і Пратасевіч (знішчыце сябе не толькі палітычна, але і маральна), тады чаму ж і не?
Акрамя таго, сёння ўсё зробленае моцна б’е не толькі па Пратасевічу, але і ў цэлым па дэмакратычным руху. Рэжым паказаў, што адзін з арганізатараў пратэстаў аказаўся насамрэч вельмі слабым чалавекам, з маральнага пункту гледжання вельмі праблематычным, так што пэўныя прапагандысцкія эфекты могуць быць.
На якія эфекты яны разлічваюць на заходнім кірунку?
— Пратасевіч, з якога пачалася моцная санкцыйная гісторыя, прызнаў сваю віну — цяпер гэта зусім іншы чалавек, ён на свабодзе, ён ужо на нашым баку, мы даём яму шанец, — аналізуе паводзіны беларускіх улад Аляксандр Фрыдман. — Такую прынаду можна кінуць у заходнім кірунку, але яна не спрацуе: для Захаду пытанне Пратасевіча даўно знята. Калі санкцыі ўводзіліся ў 2021 годзе, канешне, асоба Пратасевіча іграла пэўную ролю, але рэжым пакаралі за тое, што ён зрабіў з самалётам «Ryanair» і з людзьмі, якія знаходзіліся на борце. Рэжым пакаралі за акт паветранага пірацтва, а не за асобу Пратасевіча.
— Калі Пратасевіча маральна раздавілі, то ці азначае гэта, што яго перастануць надалей выкарыстоўваць?
— Можна сабе ўявіць што заўгодна: магчыма, ён знікне з публічнай прасторы, магчыма, яго чакае паўтарэнне лёсу Васкрасенскага. Пратасевіч для розных прапагандысцкіх пастановак фігура куды больш цікавая, чым Васкрасенскі, паколькі ён больш моцная і больш знакамітая асоба. Яго могуць працягваць эксплуатаваць, і ён нават пагодзіцца, хаця яго і пытацца асабліва ніхто не будзе. Пратасевіч як калумніст «СБ. Беларусь сегодня» або Пратасевіч на розных ток-шоу «СТБ» — гэта цалкам можна сабе ўявіць. Тым больш што да сваёй ролі ён ужо прызвычаіўся — гэта роля чалавека, які палітычна зламаны. А магчыма, Пратасевіч — ужо бітая карта, якая больш нікога не цікавіць.
Мне здаецца, рэжым пакуль не вызначыўся з далейшым лёсам Пратасевіча — проста рашылі разыграць спектакль. Таму і кінуліся на яго дзяржаўныя журналісты, таму і тыражуюць яго, хаця гэта можна было зрабіць зусім ціхенька: памілавалі і памілавалі, ідзём далей.
Цікава, што прапаганда не аб’явіла пра памілаванне Пратасевіча на мінулым тыдні, калі Лукашэнка хварэў — вельмі добрая тэма, каб перабіць абмеркаванне хвароб Лукашэнкі. Але, напэўна, у рэжыму былі свае разлікі.
— Лукашэнка памілаваў Пратасевіча 16 траўня — на наступны дзень пасля таго, як паказаўся на людзях пасля хваробы. То можа, ён не так ужо і хварэў, як нам паказалі?
— Што тычыцца хваробы, то нельга выключаць, што Лукашэнка вырашыў напружыць дзяржаўны апарат і паглядзець на яго рэакцыю.