Раман Пратасевіч памілаваны Лукашэнкам

Нагадаем, 3 траўня экс-рэдактар Nexta, затрыманы пры пасадцы самалёта Ryanair у Мінску, атрымаў 8 гадоў калоніі па 13 артыкулах КК, у тым ліку па абвінавачанні ў змове з мэтай захопу ўлады і арганізацыі беспарадкаў.

Фота: Белта

Фота: Белта

Раман Пратасевіч

Раман Пратасевіч падзякаваў «краіне і асабіста прэзідэнту» за сваё памілаванне.

«Літаральна толькі што я падпісаў усе адпаведныя дакументы аб тым, што я памілаваны. Гэта, вядома, проста цудоўная навіна»

, — сказаў Раман Пратасевіч прапагандыстам.

Нагадаем, 23 мая 2021 года рэжым гвалтоўна пасадзіў пасажырскі авіялайнер кампаніі Ryanair, які рухаўся па маршруце Афіны — Вільнюс, у Нацыянальным аэрапорце Мінск.
Раман Пратасевіч, які ляцеў гэтым рэйсам, быў затрыманы прадстаўнікамі спецслужбаў. Разам з ім была затрымана студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Соф'я Сапега.

Пасля затрымання Пратасевіча некаторы час утрымлівалі ў СІЗА КДБ. Праз два тыдні ён ужо з'явіўся ў эфіры праграмы «Маркаў. Нічога асабістага» на «АНТ». Тады ён пералічыў людзей, якія былі з ім у адным тэлеграм-чаце «Хата», у якім нібыта «прымаліся ўсе асноўныя рашэнні аб тым, дзе пройдзе наступная акцыя, і дзе абмяркоўваліся ўсе актуальныя падзеі». У чэрвені 2021 года ён быў пераведзены пад хатні арышт.

Пасля таго, як яму змянілі меру стрымання і выпусцілі з СІЗА, ён актыўна даваў інтэрв'ю дзяржаўным журналістам. У прапагандысцкім фільме «Одно уголовное дело» сцвярджаецца, што Пуціла, Рудзік і Пратасевіч рыхтавалі ў Беларусі «масавыя беспарадкі» і кіравалі беларусамі падчас пратэстаў у 2020 годзе. Пратасевіч у фільме даваў каментары наконт сваёй дзейнасці ў камандзе «N*xta» і дзяліўся падрабязнасцямі сваёй працы, калі па ўсёй Беларусі праходзілі акцыі пратэсту. Пры гэтым у яго спыталі, ці адчувае ён сваю віну за тое, што здарылася 28 верасня 2021 года, калі загінулі супрацоўнік КДБ і Андрэй Зельцэр у выніку перастрэлкі. Ён адказаў, што «ніхто не думаў, што такое магчыма».

Абвінавачаны па справе «Nexta» Раман Пратасевіч у апошнім слове ў судзе заявіў пра сваё раскаянне.

«Мной проста скарысталіся спачатку ў Вільні, а потым у Варшаве, а потым проста выкінулі, здаўшы беларускім уладам», — заявіў Раман Пратасевіч у апошнім слове ў судзе, піша «Спутник».

Як піша прапагандыстка Людміла Гладкая, Пратасевіч сказаў, што было вялікай памылкай дамагацца перамен праз раскол грамадства і што ён гатовы пакрыць шкоду.

«Я адкрыта прызнаю палітычнае паражэнне. (…) Адказнасць ляжыць на мне. Прызнаю, у адрозненне ад тых, хто ў тым ліку цяпер за мяжой і прыкрываецца шырмай», — цытуе Пратасевіча прапаганда.

Прысуд у дачыненні да фігурантаў «справы NЕXTA» набыў законную сілу. Пра гэта паведамілі расійскім журналістам 18 траўня ў Мінскім абласным судзе.

«Прысуд уступіў у законную сілу, бо не абскарджаны і не апратэставаны», — адзначылі ў судзе.

Прадстаўніца Мінаблсуда распавяла, што «цяпер будуць накіроўвацца дакументы», а ў які момант Пратасевіча перавядуць пад варту — «ніхто сказаць не можа».

Яна дадала, што прысуд яшчэ «толькі ўступіў у законную сілу» і пытанне пераводу блогера, асуджанага да зняволення ў калоніі строгага рэжыму, «будзе вырашацца ў парадку выканання».


Нагадаем, пасля вынясення прысуду пракурорка сказала прапагандыстам, што мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту ў дачыненні да Пратасевіча была пакінута без змены: «Пасля ўступлення прысуду ў законную сілу ў частцы выканання прысуду ён будзе ўзяты пад варту і адпраўлены адбываць пакаранне ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму».

Як пісаў «НЧ», 3 траўня ў Мінскім абласным судзе абвясцілі прысуд фігурантам «справы N*XTA». Суд прызнаў іх вінаватымі па ўсіх артыкулах абвінавачання. Раману Пратасевічу прызначылі 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Сцяпану Пуцілу — 20 гадоў, Яну Рудзіку — 19 гадоў.

Раман Пратасевіч быў адзіным, хто прысутнічаў на абвяшчэнні прысуду — ён прыехаў у суд адразу з торбай, бо абвінавачанне прасіла ўзяць яго пад варту адразу пасля вынясення вердыкту. Аднак суд пакінуў ранейшую меру стрымання да ўступлення прысуду ў сілу — хатні арышт. Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка судзілі завочна.

Але Пратасевіча пад варту чамусьці не ўзялі — суд пакінуў яму ранейшую меру стрымання, хатні арышт. І гэта нешта зусім новае ў практыцы прысудаў, прычым не толькі палітычных, але і агульнакрымінальных. Зазвычай, калі чалавек прысуджаецца да пазбаўлення волі, ён адразу змяшчаецца як мінімум у следчы ізалятар — да падачы апеляцыі ці да ўступлення прысуду ў законную сілу.

Першапачаткова Пратасевіч абвінавачваўся па 7 артыкулах, у тым ліку ў распальванні варожасці, арганізацыі масавых беспарадкаў, закліках да захопу ўлады, стварэнні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем. Па гэтых абвінавачаннях ён цалкам прызнаў віну. Падчас працэсу яму выставілі больш цяжкае абвінавачанне —кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем у сувязі з працай на канал «Б*ларусь галаўнога м*згу». Ён часткова не прызнаў яго, а таксама не прызнаў у поўным аб'ёме пазоў на 30 млн рублёў.