Ад «няшмат страціць дзяржава» да «ўтрымаць спецыялістаў». Што Лукашэнка казаў пра ад'езд медыкаў
Кіраўнік Беларусі заклапаціўся кадравымі праблемамі ў медыцыне. На нарадзе па ахове здароўя ён запатрабаваў узмацніць кантроль за адпрацоўкай медыкаў-мэтавікоў, «навесці парадак» у медыцыне і згадаў пра «абуральныя праблемы бардака ў бальніцах, паліклініках, ФАПах».
— Як вы збіраецеся ўтрымаць спецыялістаў на месцах, калі там не створаныя нармальныя ўмовы для пацыентаў? І для медыкаў таксама. Адсюль і кадравыя праблемы: нібыта рыхтуем дастаткова лекараў і медсясцёр, а ў раёнах не затрымліваюцца нават мэтавікі. Шукаюць сабе месца ў сталіцы ці, што яшчэ горш, за мяжой. Разбярыцеся з мэтавікамі. Разбярыцеся, каго вы туды набіраеце, — цытуе словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба.
Кіраўнік падкрэсліў, што ў медыкаў-мэтавікоў не павінна быць ніякіх адгаворак па адпрацоўцы.
— Ты павінен пяць гадоў там адпрацаваць. Замуж, яшчэ кудысьці там... Гэта не прымаецца. Пяць гадоў ідзі адпрацуй. Мы выдаткоўваем каласальныя грошы на падрыхтоўку медыкаў. Ні ў адной сферы такіх выдаткаў няма, а ў нас усё вольніца, — сказаў Лукашэнка.
Чаму медыкі не гараць жаданнем заставацца працаваць у рэгіёнах і нават не хочуць затрымлівацца ў сталіцы, аддаючы перавагу замежным клінікам, кіраўнік сціпла змаўчаў.
Што ж, можна толькі пазайздросціць аптымізму Лукашэнкі і ягонай веры ў такую далёкую палітычную перспектыву. «Салідарнасць» нагадвае, як зусім нядаўна ён і сам усяляк выштурхоўваў медыкаў з краіны.
Лукашэнка 30 кастрычніка 2019 года: «Нас гэта хвалюе, але не напружвае»
Яшчэ да прэзідэнцкіх праблема адтоку кадраў стаяла востра. Аднак на пытанне, ці не баіцца дзяржава маштабнага адтоку спецыялістаў, Лукашэнка заявіў:
— Нас гэта хвалюе, але не напружвае. Міністр кажа, што цягам двух гадоў наогул гэтую праблему здымем. Таму, можа, і нічога страшнага, што чалавек паехаў, дзесьці нечаму падвучыўся. Галоўнае, каб ён не забываў пра краіну, вяртаўся назад і дапамагаў ёй.
Ён падкрэсліў, што ў Беларусі будуць прымаць меры, каб утрымаць спецыялістаў. Гаворка, у прыватнасці, ідзе аб стварэнні неабходных умоў для жыцця і працы, павышэнні заработнай платы.
— Але сілай утрымліваць ні лекараў, ні настаўнікаў, ні інжынераў ніхто не будзе. Усё роўна сілай чалавека не ўтрымаеш. Свет глабалізуецца, міграцыя велізарная. Трэба цывілізавана працаваць з людзьмі, — заявіў Лукашэнка, але адзначыў: ён не асоба збянтэжаны тым, што беларускія лекары будуць міграваць у іншыя краіны.
Лукашэнка 13 снежня 2019 года: «Няшмат страціць дзяржава»
— Ужо занадта цяпер раскручваецца праблема адтоку кадраў. Але вы ж не бачыце, што пад гэтым вялікая палітыка. Куды едуць у асноўным? У Польшчу і Літву. І цяпер мусіруецца гэтае пытанне перш за ўсё ў апазіцыйных сродках масавай інфармацыі — яны ў Польшчы і Літве ўсе сядзяць. Чаму? Каб вас прыцягнуць туды. Шэнген, адзіная прастора — з Літвы і Польшчы лекары рванулі ў Германію, Францыю, Вялікабрытанію зарабіць грошай. І там сёння бяда.
Вось яны і бударажаць наша грамадства, каб падштурхнуць вас да выезду. Але я міністру кажу: не хвалюйся. Важна тое, што, пабываўшы там і прыязджаючы сюды ў адпачынак, яны хутка вас на месца паставяць і раскажуць, як там трэба працаваць. Я вас не агітую не выязджаць — з'ездзіце. Невялікае шчасце будзе ў вас там, і няшмат страціць дзяржава.
Лукашэнка 5 лістапада 2020 года: «Трэба разумець: з'ехаў — назад не вернешся»
У вось у 2020-м лекараў ужо назад нават не чакалі. Так, 5 лістапада на нарадзе ва ўрадзе Лукашэнка заявіў, што спецыялістаў, якія з'ехалі за мяжу, у тым ліку лекараў, проста не пусцяць на радзіму.
— Вось і ўся казка пра прыгожае жыццё. Асабліва просяць нашых лекараў прыехаць у Польшчу, каб дапамагчы насельніцтву і дзяржаве ў барацьбе з кавідам. Хачу папярэдзіць: лішніх лекараў у нас няма. Нам самім трэба лячыць нашых людзей. Але, прытрымліваючыся свайго прынцыпу, мы нікога трымаць не будзем. Аднак трэба разумець: з'ехаў — назад не вернешся, там будзеш працаваць і зарабляць тыя вялікія грошы, за якімі з'ехаў, — заявіў ён.
Лукашэнка падкрэсліў, што гэта не пагроза, а загад для ўрада.
— Я аддаў распараджэнне камандуючаму памежнымі войскамі не ўпускаць у краіну не толькі людзей з чужым пашпартам, але і тых разумных беларусаў, якія выехалі за межы нашай краіны ў гэты няпросты час. Заразу нам вазіць не трэба, і не важна, з якім пашпартам. Паехалі туды вучыцца — хай вучацца, працаваць — хай працуюць. Мы ж не перашкаджалі гэтаму, — адзначыў кіраўнік.
Цяпер, як бачым, сітуацыя ў корані змянілася.