Лукашэнка зладзіў чарговы тэатр. Раскрычаўся на чыноўнікаў, што медыкі не хочуць працаваць і з'язджаюць

Шэраг недахопаў выявіла незалежная міжведамасная група, якой было даручана правесці праверку эфектыўнасці функцыянавання сістэмы аховы здароўя ў частцы аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву. Пра гэта піша прапагадысцкае выданне sb.by, дадаючы, што аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па актуальных пытаннях аховы здароўя.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Прапагандысты распавядаюць, што Лукашэнка звярнуў увагу, што да яго нібыта стала паступаць усё больш сігналаў аб зніжэнні якасці аказання медыцынскай дапамогі і аб адсутнасці належнага парадку ва ўстановах аховы здароўя. Ён абурыўся, што, рэагуючы на гэта, урад даслаў яму «адпіску за подпісам прэм'ер-міністра і віцэ-прэм'ера».

— Гэта мы асобна будзем разбірацца. Напэўна, забыліся, дзе працуюць, — заявіў Лукашэнка, які так трымаўся за ўладу ў 2020 годзе, што ў краіне дагэтуль трывае грамадска-палітычны крызіс, а людзі, у тым ліку медыкі, масава з'язджаюць за мяжу. — Гэта характэрна становіцца для ўрада па ўсіх практычна напрамках. Адпіскі мне не патрэбныя! Гэта тычыцца ўрада і губернатараў, цэнтральных органаў улады... <...> Ведаеце, што мяне больш за ўсё здзівіла? Тое, што да гэтага часу ёсць абуральныя праблемы бардака ў бальніцах, паліклініках, ФАПах: сцены, столі руйнуюцца, дзверы пакасіліся, элементарныя санітарныя правілы не выконваюцца. Любая ўстанова аховы здароўя павінна быць узорам санітарыі.

Далей Лукашэнка накінуўся на супрацоўнікаў Мінздароўя, уключна з кіраўніком ведамства, а таксама губернатараў, заявіўшы, што «санкцый на вас няма».

— Куды глядзяць губернатары, бо гэта іх перш за ўсё сфера адказнасці. Куды глядзяць начальнікі ўпраўленняў аховы здароўя, кіраўнікі цэнтраў гігіены, старшыні райвыканкамаў? Урад, Міністэрства аховы здароўя ведаюць пра гэтыя праблемы ці не?

— Гэта ж белая костка, лекары, — дадаў галоўны медык Беларусі. — Хіба іх можна крытыкаваць? Не. Ну дык запомніце: я ні перад чым не спынюся. І парадак тут будзе наведзены, нават калі палова з вас сыдзе. Але я буду ведаць, з кім я буду працаваць. Абнаглелі да крайняй ступені. Бегаюць вакол начальнікаў ад раённага звяна да прэзідэнта. Толькі іх прыгожа ўмеем лячыць. А звычайныя людзі, якія ўтрымліваюць гэта ўсё? Апусціцеся на зямлю! Ад нас, у гэтай зале сядзяць, залежыць наогул усё ў краіне.

Урэшце на нарадзе Лукашэнка прызнаў дэфіцыт кадраў у галіне і тое, што медыкі проста не хочуць працаваць на тых умовах, якія ім прапануе рэжым.

— Як вы збіраецеся ўтрымліваць спецыялістаў на месцах, калі там не створаныя нармальныя ўмовы для пацыентаў і для медыкаў? — абурыўся Лукашэнка, нібыта хібы выдае сістэма, да стварэння якой ён не мае дачынення. — Адсюль і кадравыя праблемы: накшталт рыхтуем дастаткова лекараў і медсясцёр, а ў раёнах не затрымліваюцца нават мэтавікі. Шукаюць сабе месца ў сталіцы ці, што яшчэ горш, за мяжой. Разбярыцеся з мэтавікамі! Разбярыцеся, каго вы туды набіраеце. І ніякіх адгаворак — пасля таго як адвучыўся, пяць гадоў павінен адпрацаваць! Мы трацім каласальныя грошы на падрыхтоўку медыкаў, ні ў адной сферы такіх выдаткаў няма. А ў нас усё вольніца.

Нагадаем, крызіс у медычнай сферы распачаўся падчас пандэміі каронавіруса, які рэжым і асабіста Лукашэнка доўгі час упарта адмаўлялі. Праз гэты лекары змагаліся з ковідам у цяжкіх умовах, пераправоўваючы і не маючы падтрымкі ад дзяржавы. Мінздароўя ў той жа час хлусіла журналістам, свядома заніжаючы статыстыку памерлых ад каронавірусу.

У выніку ж пратэстаў 2020 года пасля сфальсіфікаваных выбараў значная частка медычнай супольнасці патрапіла пад палітычныя рэпрэсіі — затрыманні, крымінальны пераслед, звальненні. У выніку медыкі пачалі масава з'язджаць у эміграцыю, і гэты працэс працягваецца дагэтуль. Афіцыйна ў Беларусі не хапае тысяч працаўнікоў у медычнай галіне.