Літва ў 2023 годзе шматкроць павялічыла адмовы ў ВНЖ для жыхароў Беларусі і Расіі

Сёлета з-за пагрозы бяспецы Літвы 347 грамадзян краінаў, адказных за вайну ва Украіне, не атрымалі від на жыхарства. Гэта нашмат больш, чым за ўвесь 2022 год.

Картка ВНЖ Літвы. Фота: Delfi

Картка ВНЖ Літвы. Фота: Delfi

Кіраўнік Дэпартамента міграцыі Эвеліна Гудзінскайтэсказала Delfi, што найбольш яе ўражвае той факт, што часам вырашаюць, што падтрымка вайны не з'яўляецца пагрозай для бяспекі дзяржавы.
Гудзінскайтэ распавяла Delfi, што з-за пагрозы бяспецы Літвы сёлета 309 беларусаў і 38 расейцаў не атрымалі від на жыхарства ў Літве. "Былі і такія, якім від на жыхарства не выдалі па іншых прычынах, але большая частка замежнікаў усё ж не атрымала яго з прычыны пагрозы бяспекі", — сказала кіраўнік ДМ. У гэты лік уваходзяць і тыя беларусы і расейцы, якія даўно жывуць у Літве і павінны былі падоўжыць від на жыхарства.
Па словах Гудзінскайтэ, раней такая прычына адмовы была рэдкай. У мінулым годзе, у першы год вайны, у відзе на жыхарства ў Літве адмовілі 163 грамадзянам розных краін па розных прычынах (з іх усяго 32 з-за пагрозы бяспекі). "Рост значны, — сказала кіраўнік дэпартамента. — Менавіта з-за вайны ДМ узмацніў кантроль. Грамадзяне Расіі і Беларусі запаўняюць спецыяльную анкету, у якой яны павінны расказаць аб сваёй працы ў мінулым, аб сувязях з праваахоўнымі і сілавымі структурамі, ёсць пытанні аб вайне, аб тым, каго яны падтрымліваюць у вайне".
Гудзінскайтэ акцэнтавала, што колькасць адмоў вырасла з-за ўзмацнення жорсткасці праверкі. "Трэба мець на ўвазе, што раней не было вайны, не было і ўзмоцненай праверкі. Цяпер сітуацыя змянілася, пагроза павялічылася, таму і ацэнка пагроз стала больш жорсткай", — сказала субяседніца. Яна сказала Delfi, што, вядома ж, нейкую інфармацыю аб сваім мінулым чалавек можа схаваць. Праўда, заўважыла, што

рана ці позна хлусня высвятляецца і наступствы бываюць непрыемнымі.


"Былі выпадкі ўтойвання інфармацыі, але потым усё высветлілася. У такіх выпадках від на жыхарства скасоўваецца", — заўважыла Гудзінскайтэ. Па словах кіраўніка дэпартамента, нягледзячы на тое, што пазіцыя Літвы ў адносінах да вайны недвухсэнсоўная і добра вядомая, кожны месяц некалькі дзясяткаў чалавек у анкеце паказваюць, што падтрымліваюць Расію і яе матывы. "Гэта здзіўляе. Людзі вераць таму, што гавораць беларускі і расійскі рэжымы, глядзяць і слухаюць прапаганду, жывуць у тым свеце", — сказала яна.
Гудзінскайтэ сказала, што частка людзей, якія атрымалі адмову ў відзе на жыхарства, звяртаюцца ў суд. "На жаль, часам суды гэтую інфармацыю ацэньваюць інакш і лічаць, што падтрымка вайны не з'яўляецца пагрозай дзяржаве. Канечне, мяне як грамадзянку гэта засмучае, але рашэнні судоў трэба паважаць. Суды адсочваюць не толькі пагрозу, але і сувязі чалавека з Літвой, наколькі яны глыбокія, таму яны інакш ацэньваюць сур'ёзнасць сітуацыі, бывае па-рознаму", — заўважыла кіраўнік ДМ.
Праўда, Гудзінскайтэ адмовілася назваць канкрэтныя выпадкі прыняцця судом такіх рашэнняў, паколькі пастанова суда ў сілу яшчэ не ўступіла, а ДМ не ацаніў аргументы суда. Нядаўна выданне Kauno diena распавяла гісторыю пенсіянера грамадзяніна Расіі, які жыве ў Каўнасе 60 гадоў. Мужчына чарговы раз звярнуўся па прадаўжэнне віду на жыхарства і атрымаў адмову. Высветлілася прычына — у анкеце ён указаў, што, на яго думку, Крым належыць Расіі.
Мужчына абскардзіў рашэнне ДМ у Адміністрацыйным судзе Віленскай акругі. Суд найбліжэйшым часам зоймецца разглядам гэтай справы.