Лукашэнкаўцы працягваюць кашмарыць наваполацкіх медыкаў нібыта за зліў інфармацыі пра Бабарыку

Арыштаваных у рамках адміністрацыйных спраў наваполацкіх медыкаў перавялі ў СІЗА Віцебска. Пра гэта паведаміў «П*зірк».

Фота РІА «Новости»

Фота РІА «Новости»

Пакуль гаворка не ідзе пра завядзенне крымінальных спраў. Як паведаміла крыніца, якая пажадала застацца неназванай, такія пераводы практыкуюцца, бо «ўмовы ўтрымання ў Віцебску нашмат горшыя».

Раней з'явілася інфармацыя, што хірург Міхаіл Пачкоўскі і ўролаг Павел Стальмакоў арыштаваны на 15 сутак за распаўсюджанне экстрэмісцкай прадукцыі.

Загадчыца аддзялення гінекалогіі Ірына Васільева і фельчар хуткай дапамогі Наталля Первянёнак арыштаваны на 10 сутак за «несанкцыяваны пікет». Вядома, што апошнюю судзілі за ўкраінскі сцяг на аватары ў сацсетцы.

У Васільевай маці — інвалід першай групы, якая патрабуе догляду.

Спецыяліст УГД Ала Стальмакова, у якой двое дзяцей, аштрафавана на 100 базавых велічынь (3700 рублёў). Артыкул КоАП невядомы.

Ініцыятыва «Б*лыя халаты» таксама пісала пра арышт на 15 сутак медсястры Святланы Грыгаровіч. Артыкул не паведамляўся.

Затрыманні медработнікаў адбыліся пасля ўцечкі са шпіталя інфармацыі пра экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, палітвязня Віктара Бабарыку, які быў дастаўлены з калоніі ў цяжкім стане са слядамі збіцця. З 28 красавіка невядома, дзе ён.

Упершыню інфармацыя пра шпіталізацыю палітыка з'явілася ў тэлеграм-канале «Р*бочы рух». Аўтары канала пісалі, што былога банкіра прывезлі ў бальніцу ў ноч на 25 красавіка са слядамі збіцця і пнеўматораксам.

Сваякі былога кандыдата ў прэзідэнты спрабавалі трапіць на прыём да кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, але беспаспяхова.

Пазней медыцынскі тэлеграм-канал «Белыя х*латы» паведаміў, што ў Віктара Бабарыкі стаіць дрэнажная прылада, ён ходзіць сам. Такая інфармацыя, нібыта, паступіла ад сведак у наваполацкай бальніцы.

Яшчэ 27 красавіка ў наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы пацвердзілі, што палітык знаходзіцца ў іх. Але 29 красавіка прадстаўнік адміністрацыі калоніі заявіў, што Бабарыка «жывы і здаровы» і працягвае адбываць пакаранне.

Паводле непацверджанай інфармацыі, Віктар Бабарыка афіцыйна больш не лічыцца ў сваім атрадзе.

У штабе палітыка раней паведамлялі, што інфармацыі пра Віктара Бабарыку ў іх не было некалькі месяцаў.

Віктара Бабарыку разам з сынам Эдуардам затрымалі 18 чэрвеня 2020 года, прычым па эканамічных абвінавачаннях: «легалізацыя злачынных даходаў» і «атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры». А вось прысуд аказаўся палітычным: 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, буйны штраф і шматмільённая кампенсацыя таемнай «шкоды дзяржаве». Сваёй віны Віктар Дзмітрыевіч не прызнаў.

20 снежня 2021 года Вярхоўны суд прысудзіў Віктара Бабарыку да 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Суд прызнаў палітыка вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры» (ч.3 арт. 430) і «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» (ч.2 арт. 235). Ён адзіны з васьмі абвінавачаных па справе «Белгазпрамбанка» не прызнаў віны па ўсіх эпізодах абвінавачання.