Пытанні да ўлады: Дзе Віктар Бабарыка, што з яго здароўем і чаму ён трапіў у бальніцу?

Чаму, калі Бабарыка «жывы і здаровы», яго не паказваюць блізкім і грамадству, як гэта зрабілі з Марыяй Калеснікавай?

f9fbc54627494d6ca586c60b370d6414_xl.jpg

Два тыдні пра Віктара Бабарыку няма інфармацыі. «Люстэрка» задае пытанні беларускім уладам, на якія ім варта адказаць у сувязі з сітуацыяй з палітыкам-палітвязнем.

14 дзён улады хаваюць любую інфармацыю пра месцазнаходжанне і стан здароўя Віктара Бабарыкі. Татальная — і відавочна наўмысная — цішыня. У Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС адмаўляюцца гаварыць з блізкімі палітыка. Заклік Еўрасаюза дапусціць да палітыка людзей ігнаруецца. Адна з нешматлікіх заяў афіцыйных асоб пра тое, што адбываецца — адказ амбасады Беларусі ў Эстоніі амбасадару ЗША пры АБСЕ, у якім яны чамусьці загаварылі пра Лукашэнку. За гэты час назапасілася шмат важных пытанняў, на якія беларускім уладам варта адказаць.

Дзе Віктар Бабарыка?

Апошні раз беларускае грамадства дакладна ведала, дзе палітык, 27 красавіка, калі ў наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы пацвердзілі, што ён знаходзіцца ў іх.

Аднак ужо назаўтра яго месцазнаходжанне аказалася невядомым, і толькі 29 красавіка прадстаўнік адміністрацыі калоніі заявіў, што Бабарыка «жывы і здаровы» і працягвае адбываць пакаранне. Пры гэтым дзе менавіта знаходзіцца экс-банкір, афіцыйныя асобы не паведамляюць дагэтуль.

 

Што са здароўем палітыка і як ён апынуўся ў бальніцы?

Дакладна невядома, чаму Бабарыка апынуўся ў бальніцы і што з ім там адбывалася. «Рабочы Рух» паведамляў, што экс-банкір быў моцна збіты і ў яго выявілі пнеўматоракс. Выданне «Позірк» са спасылкай на сваю крыніцу расказвала, што палітыка абследавалі і выявілі вадкасць у лёгкіх.

Штаб Бабарыкі змог даведацца толькі тое, што 27 красавіка ў канцы дня палітвязень знаходзіўся ў хірургічным аддзяленні ў стане сярэдняй цяжкасці.

З таго часу ўжо два тыдні пра здароўе палітыка грамадства нічога не ведае. Адсутнасць дакладнай інфармацыі нараджае яшчэ больш канспіралагічных тэорый і чутак пра стан Віктара Бабарыкі. 


Чаму, калі Бабарыка «жывы і здаровы», яго не паказваюць блізкім і грамадству, як гэта зрабілі з Марыяй Калеснікавай?

Гісторыя з Віктарам Бабарыкам — не першы прыклад, калі ўлады хаваюць інфармацыю пра стан здароўя вядомых палітвязняў. У канцы лістапада 2022 года ў падобнай сітуацыі аказалася Марыя Калеснікава, якую шпіталізавалі ў БХМП Гомеля. Афіцыйна дыягназ улады не пацвярджалі да 5 снежня — тады яны заявілі, што ў яе была прабадная язва. Гэта супадала з інфармацыяй, якую за тыдзень да гэтага атрымалі журналісты. Ні адвакату, ні бацьку палітзняволенай увесь гэты час не паведамлялі дыягназу Марыі.

Бацька Марыі, Аляксандр Калеснікаў, змог убачыць дачку праз 7 дзён: ім урэшце дазволілі 10-хвіліннае спатканне. Пасля гэтай сустрэчы на праўладных тэлеграм-каналах з’явіўся скрыншот відэа з палаты Марыі, на якім беларусы змаглі ўбачыць усмешлівую палітзняволеную. Дык чаму блізкім Віктара Бабарыкі, які «жывы і здаровы», і грамадству не пакажуць палітыка ці кадры з ім? 

Чаму ўлады ўпарта маўчаць? Ім ёсць што хаваць?

Чаму, нягледзячы на запыт ад грамадства і заклікі беларускіх і заходніх палітыкаў, улады не кажуць ні слова пра сітуацыю з Віктарам Бабарыкам?

Вядомы адвакат Дзмітрый Лаеўскі тлумачыў, што пракуратура Наваполацка павінна пачаць праверку па сітуацыі з Бабарыкам. Калі 5 траўня журналістка «Люстэрка» патэлефанавала туды як звычайная грамадзянка, намесніца пракурора Алена Коласава заявіла ёй, што мы «не маем права задаваць такія пытанні». Беларусы не маюць права ведаць, што адбываецца з адным з найпапулярнейшых палітыкаў краіны.

Журналісты «Люстэрка» ўпэўнены, што людзі, у якіх ёсць адказы на пытанні пра кандыдата ў прэзідэнты, прачытаюць гэты тэкст, і таму звяртаюцца да іх: «Сваім маўчаннем вы нараджаеце ў галовах найгоршыя сцэнары — аж да таго, што Віктара Бабарыкі больш няма ў жывых. У інтарэсах беларусаў і Беларусі раскрыццё інфармацыі пра тое, што цяпер адбываецца з палітыкам. Мы заклікаем вас расказаць грамадству праўду. І зрабіць гэта проста цяпер».