«Вызваліць неадкладна і безумоўна»: Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі

Рэзалюцыя Еўрапарламента прысвечана сітуацыі з палітычнымі вязнямі і правамі чалавека ў Беларусі. Пра што гаворыцца ў рэзалюцыі «Беларусь: бесчалавечнае абыходжанне і шпіталізацыя вядомага апазіцыйнага лідара Віктара Бабарыкі», за якую прагаласавалі сёння, 11 траўня?

_berlin_sankcii_3.jpg

У чацвер, 11 траўня, Еўрапарламент прыняў тры рэзалюцыі аб выкананні правоў чалавека ў Алжыры, Беларусі і М'янме.

Рэзалюцыя была ініцыявана пастаянным дакладчыкам Еўрапарламента па Беларусі Петрасам Аўстравічусам. За прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі 533 з 569 дэпутатаў.

Раней намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка і прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Кабінета Вольга Гарбунова ўнеслі свае прапановы ў тэкст рэзалюцыі.


Пра што гаворыцца ў Рэзалюцыі Еўрапарламента?

У рэзалюцыі «Беларусь: бесчалавечнае абыходжанне і шпіталізацыя вядомага апазіцыйнага лідара Віктара Бабарыкі» адзначаецца:

«Парламент заклікае ўлады Беларусі спыніць жорсткае абыходжанне з былым кандыдатам у прэзідэнты Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязнямі і вызваліць іх неадкладна і безумоўна.

Дэпутаты Еўрапарламента рашуча асуджаюць «бесчалавечнае абыходжанне з палітвязнямі і членамі іх сем'яў» у краіне і заклікаюць Беларусь забяспечыць затрыманым доступ да належнай медыцынскай дапамогі, адвакатаў, сям'і, дыпламатаў і міжнародных арганізацый для ацэнкі іх стану і аказання дапамогі».


Спадар Бабарыка быў асуджаны ў ліпені 2021 года на 14 гадоў пазбаўлення волі па палітычна матываваных абвінавачаннях, а ў красавіку гэтага года быў шпіталізаваны са слядамі пабояў, у выніку чаго яму спатрэбілася аперацыя. У рамках рэпрэсій супраць палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці беларускі рэжым утрымлівае каля 1500 палітычных зняволеных ва ўмовах, якія адносяцца да жорсткага, бесчалавечнага і зневажаючага годнасць абыходжання і катаванняў, прычым некаторыя з асуджаных паміраюць у зняволенні, паведамляе Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека.

Еўрадэпутаты яшчэ раз заяўляюць пра сваю салідарнасць з народам Беларусі ў яго барацьбе за свабодны, суверэнны і дэмакратычны ўрад і супраціве ўдзелу Беларусі ў агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны. Яны паўтараюць свой заклік з рэзалюцыі, прынятай 15 сакавіка, да ЕС і краін-чальцоў пашырыць санкцыі супраць асоб і арганізацый, адказных за рэпрэсіі ў Беларусі, і затрымаць усіх вінаватых у сістэматычных парушэннях правоў чалавека пры рэжыме дыктатара Аляксандра Лукашэнкі.

Тэкст Рэзалюцыі быў прыняты 533 галасамі «за», 9 прагаласавалі «супраць» і 27 устрымаліся.