«Да атрада больш не прыпісаны». Куды знік Віктар Бабарыка?
Пасля шпіталізацыі ў канцы красавіка пра лёс палітвязня няма ніякай інфармацыі. Верагодна, яго маглі адразу пасля бальніцы змясціць у ШІЗА.
Чалавек, які адбываў свой тэрмін у ПК-1 у Наваполацку, пацвердзіў магілёўскім праваабаронцам, што Віктар Бабарыка перад шпіталізацыяй знаходзіўся ў памяшканні камернага тыпу. Таксама экс-прэтэндэнт у прэзідэнты сутыкаўся з магутным прэсінгам з боку супрацоўнікаў калоніі. У прыватнасці, з Бабарыкам забаранялася размаўляць іншым зняволеным — па словах крыніцы, чалавека, які загаворыць з былым кіраўніком банка, адразу маглі змясціць у ШІЗА.
Віктара Бабарыку шпіталізавалі ў ноч з 24 на 25 красавіка ў гарадскую бальніцу Наваполацка са слядамі фізічнага ўздзеяння.
Упершыню інфармацыя пра шпіталізацыю палітыка з'явілася ў тэлеграм-канале «Р*бочы рух». Аўтары канала пісалі, што былога банкіра прывезлі ў бальніцу ў ноч на 25 красавіка са слядамі збіцця і пнеўматораксам.
Пазней медыцынскі тэлеграм-канал «Белыя х*латы» паведаміў,
што ў Віктара Бабарыкі стаіць дрэнажная прылада, ён ходзіць сам. Такая
інфармацыя, нібыта, паступіла ад сведак у наваполацкай бальніцы.
Яшчэ 27 красавіка ў наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы пацвердзілі, што палітык знаходзіцца ў іх.
А 29 красавіка прадстаўнік адміністрацыі калоніі заявіў, што Бабарыка «жывы і здаровы» і працягвае адбываць пакаранне.
Па непацверджанай інфармацыі, Віктар Бабарыка афіцыйна больш не лічыцца ў сваім атрадзе.
У штабе палітыка паведамілі, што інфармацыі пра Віктара Бабарыку ў іх не было некалькі месяцаў.
Віктара Бабарыку разам з сынам Эдуардам затрымалі 18 чэрвеня 2020 года, прычым па эканамічных абвінавачаннях: «легалізацыя злачынных даходаў» і «атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры». А вось прысуд аказаўся палітычным: 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, буйны штраф і шматмільённая кампенсацыя таемнай «шкоды дзяржаве». Сваёй віны Віктар Дзмітрыевіч не прызнаў.
А 20 снежня 2021 года Вярхоўны суд прысудзіў Віктара Бабарыку да 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Суд прызнаў палітыка вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры» (ч. 3 арт. 430) і «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» (ч. 2 арт. 235). Ён адзіны з васьмі абвінавачаных па справе «Белгазпрамбанка» не прызнаў віны па ўсіх эпізодах абвінавачання.