У Пінску развіталіся з палітвязнем Мікалаем Клімовічам. Пахаванне здымалі на камеру невядомыя ў цывільным
У Пінску пахавалі палітвязня Мікалая Клімовіча, які памёр у калоніі. Спачатку яго цела прывезлі да дома, куды сярод іншых развітацца прыйшлі сваякі пінскіх палітвязняў, паведамляе «П*зірк».
Пахаванне, як і было запланавана, адбылося на пінскіх
могілках «Таргошыцы».
«Там было каля 20 чалавек, гэта сваякі і сябры Мікалая», — адзначыла крыніца.
Рэгіянальнае выданне «М*дыя-Палессе» паведамляе, што падчас пахавання трое невядомых у цывільнай вопратцы здымалі на відэа кожны крок прысутных людзей.
Мікалай
Клімовіч быў вядомым чалавекам у Пінску. У сеціве ён выкарыстоўваў нік Мікалай
Верасень, пісаў пра палітычныя і сацыяльныя падзеі ў горадзе і ў краіне.
Блогерствам
Мікалай займаўся ледзь не 20 гадоў. Хадзіў на суды да іншых людзей. У 2022-м
яму спатрэбілася аперацыя на сэрцы. Грошы на рэабілітацыю яму сабралі талакой.
Блогер з'яўляўся сябрам Партыі БНФ з моманту яе заснавання. Членскі білет быў падпісаны
самім Зянонам Пазняком. Пасля эміграцыі апошняга ў Польшчу Мікалай Клімовіч з
партыі выйшаў.
Пасля
затрымання ў снежні 2022 года Клімовіч заявіў журналістам, што прычынай
пераследу стала яго «вельмі жорсткая» праўкраінская і антываенная пазіцыя.
«Я заняў
праўкраінскую пазіцыю. ГУБАЗіК, хутчэй за ўсё, узяў мяне за мае антываенныя
погляды. Але я не мог зрабіць інакш як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, як
чалавек — па чыста маральных меркаваннях. Ведаў, што рана ці позна патраплю, мяне
папярэджвалі, але не мог стаяць у баку, калі ў свеце такое адбываецца», — казаў
ён «П*зірку».
Клімовіч
таксама распавядаў, што летась у траўні перанёс інсульт і складаную аперацыю на
сэрцы, чатыры дні ляжаў у штучнай коме. Пасля гэтага яму далі групу
інваліднасці. Нягледзячы на гэта сілавікі пры затрыманні ў снежні 2022-га з ім
жорстка звярталіся: моцна сціснулі кайданкі з-за чаго «рукі пачалі вельмі моцна балець, быццам кіпнем аблілі». Міліцыянты перадалі яго лекарам і вызвалілі да
суда.
У лютым
2023 года, паралельна з крымінальнай справай, Клімовіча пераследавалі ў
адміністрацыйным парадку. Яго аштрафавалі на 111 рублёў за тое, што на сваёй
старонцы ў фэйсбуку ён размясціў карыкатуру на Пуціна, на якой расійскі лідар
быў паказаны ў нацысцкай форме.
Перад
вынясеннем прысуду па крымінальнай справе Мікалай Клімовіч прызнаваўся, што
баіцца памерці ў турме.
«Любое
турэмнае зняволенне для мяне — гэта смерць, таму што я павінен быць пад
пастаянным наглядам лекара, прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. Я магу не
вытрымаць нават месяца», — заявіў тады Клімовіч.
Пінчука прысудзілі да года калоніі за карыкатуру на Лукашэнку. Такі прысуд вынеслі,
нягледзячы на тое, што ён меў інваліднасць II групы па сэрцы, перанесеныя
цяжкую аперацыю на сэрцы і інсульт. Пасля прысуду, 28 лютага 2023 года, яго
ўзялі пад варту ў зале суда.
Сувязь з Мікалаем сябры страцілі пасля апеляцыі 21 красавіка. Спачатку не турбаваліся, бо ведалі, што падчас этапу можа абрывацца сувязь на некалькі тыдняў. У калонію мужчыну везлі праз усю краіну. Перад гэтым ён затрымаўся ў віцебскім СІЗА, якое вядома жорсткімі ўмовамі.
Сябрам
паведамілі, што Мікалай памёр 6 траўня ў віцебскай калёніі №3. У гэтую калонію
яго перавялі два тыдні таму. Палітвязню быў 61 год.