«Праца ў дружным згуртаваным калектыве». У Беларусі — дэфіцыт «вертухаяў»

Дэпартамент выканання пакаранняў не можа знайсці супрацоўнікаў для беларускіх «хімій», ЛПП і калоній. Вакансіі выкінулі нават на сайт praca.by, і гэта праліло святло на ўмовы працы, якія звычайна трымаюцца ў сакрэце.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Напрыклад, яшчэ з 17 сакавіка ў мазырскай папраўчай калоніі №20 вісіць вакансія начальніка атрада аддзела папраўчага працэсу, заўважыў «Штодзень». Аналагічная вакансія так званага «атрадніка» ёсць і ў ПК-13 у Глыбокім, і ў ЛПП №1 Светлагорска. Зарплату прапануюць невялікую. У Мазыры, да прыкладу, усяго 1400 рублёў. Пытанне, ці варта яно таго, пакінем рытарычным.

У глыбоцкай калоніі адбываюць тэрмін палітвязні Віталь Мельнік і Мікалай Статкевіч.

У шклоўскай ПК-17 за працу на такой жа пасадзе даюць больш — 1500–1700 рублёў. Лекару-тэрапеўту там жа — 2100 рублёў.

Што асабліва цікава, распісваюць і ўмовы працы. Да прыкладу, абяцаюць квартальныя прэміі, матэрыяльную дапамогу, аднаразовую дапамогу на аздараўленне і нават аднаразовую грашовую ўзнагароду за заключэнне кантракта!

Для працы міліцыянтам-атраднікам досвед неабавязковы. Але затое неабходна вышэйшая адукацыя, добры стан здароўя і — галоўнае — высокая псіхалагічная ўстойлівасць. Супрацоўнікаў, якія пражываюць у Магілёве, гатовы нават вазіць на працу службовым транспартам і выплачваць грашовыя кампенсацыі выдаткаў па найме жылля.

У шклоўскай ПК-17 знаходзяцца 79 палітзняволеных. Сярод іх — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, прафсаюзны дзеяч Вацлаў Арэшка, палітык Павел Севярынец і праваабаронца Уладзімір Лабковіч.

З таго ж сайта становіцца вядома, што магілёўскай ПК-15 не хапае начальніка атрада з заробкам 1300 рублёў, але чамусьці вельмі маладога — ад 18 да 27 гадоў. Бабруйскай ПК-2 не хапае псіхолага, якому гатовы плаціць 1400-1900 рублёў. Там узрост таксама абмежаваны, але ўжо 35 гадамі.

У магілёўскай ПК-15 — аж 112 палітвязняў. Сярод вядомых асоб там утрымліваюцца журналіст Алесь Любянчук, пушкініст Аляксандр Фядута, рэдактар Андрэй Скурко, праваабаронца Валянцін Стэфановіч, аўтар «Новага Часу» Дзяніс Івашын і кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў.

У бабруйскай ПК-2 — 114 палітзняволеных, сярод якіх прафсаюзны дзеяч Генадзь Фядыніч, журналісты Іван Мураўёў і Ягор Марціновіч.

У віцебскай папраўчай калоніі («Віцьба») у вакансіі прапісалі нават падрабязнасці падрыхтоўкі супрацоўнікаў. Так, напрыклад, там сказана, што кандыдатаў на вакансію спачатку адправяць у Мінск, дзе яны змогуць прайсці спецпадрыхтоўку на працягу 12 тыдняў, і ўвесь гэты час ім будуць плаціць стыпендыі. Тая ж калонія шукае і маладога начальніка атрада ва ўзросце да 28 гадоў на заробак 1500-1600 рублёў, абавязкова з вышэйшай адукацыяй. Там жа не хапае псіхолага і рэнтген-лабаранта.

«Віцьба» (ПК-3) не ўпершыню прымае палітвязняў, там сядзеў, напрыклад, Міхаіл Жамчужны. Цяпер там 105 палітычных, сярод якіх медыяменеджар Дзмітрый Наважылаў, праваабаронца Леанід Судаленка, юрыст Максім Знак.

Самы вялікі зарплатны відэлец — традыцыйна ў Аршанскай ПК-12. Прычына — спецыфіка калоніі. Там утрымліваюць асуджаных, хворых на актыўную форму туберкулёзу. За працу ў гэтай калоніі прапануюць 1780-2060 рублёў.

Дзякуй Богу, у ПК-12 палітвязняў няма. Яны ў Оршы сядзяць у ПК-8 — 7 чалавек.

Самая пазітыўная вакансія — ад ПУАТ №3, бярозаўскай «хіміі». Там за 1500-1700 рублёў прапануюць «працу з дакументамі ў дружным і згуртаваным калектыве».